Інжынерку «Нафтана» пакаралі за «экстрэмізм у сацыяльных сетках»
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 14 снежня за падпіску ў сацыяльнай сетцы на пяць «экстрэмісцкіх» інфармацыйных рэсурсаў пакарала штрафам у памеры 740 рублёў інжынера па каштарыснай працы ААТ «Нафтан» Марыю Ганчук, паведамляе «Віцебская вясна».
На судовым пасяджэнні быў зачытаны пратакол аб адміністратыўнай адказнасці, паводле якога Марыя Ганчук на сваёй персанальнай старонцы ў інстаграме мела спасылкі на публікацыі каналаў: SYMBAL.BY, «Радыё Свабода — Беларусь», Belsat, «Наша Ніва» і NEXTA. Усе гэтыя інфармацыйныя рэсурсы ў розны час улады ўключылі ў рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Жанчына ў судзе віну прызнала поўнасцю, на даследаванні доказаў па справе не настойвала.
Улічваючы ўсе абставіны справы, суддзя Балаболава на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП пакарала Ганчук штрафам у памеры дваццаці базавых велічыняў на суму 740 рублёў.
Каментары