Грамадства1212

Мы не бачым ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі да транзіту ўлады Лукашэнкам — палітолаг

Лукашэнка заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Навошта яму новая электаральная кампанія і ці сапраўды ён баіцца паўтарыць лёс Назарбаева? Адказвае ў інтэрв'ю Радыё Свабода доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor / Getty Images

— 25 лютага пасля галасавання на выбарчым участку ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пойдзе на наступныя прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе. Працытую: «Перадайце ім, што пайду! І чым больш складаная будзе абстаноўка, чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадства, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары». Праўдападобна, гэта магла быць і рэакцыя на прагноз Сяргея Чалага, што Лукашэнка больш не будзе ўдзельнічаць у электаральных кампаніях, а будзе кіраўніком так званага Ўсебеларускага народнага сходу. Як вам падаецца, ці сапраўды гэта была рэакцыя на заяву Чалага пра тое, што ён не адышоў ад траўмы 2020 году, ці іншыя чыннікі тут былі?

— Вельмі чаканая з'ява. Не бачна ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да перадачы ўлады. Няма ніякай істотнай рэформы палітычнай сістэмы, калі мы гаворым не пра канстытуцыйнае афармленне, а пра сутнасць, пра тое, як і кім прымаюцца рашэнні. Гэтага трэба было чакаць.

Нейкія спадзевы, можа, у 2021 годзе былі. Але з пачаткам вайны ніхто сур’ёзна варыянт транзіту не разглядае. Зараз Лукашэнка знайшоў дадатковыя аргументы, каб казаць людзям у Беларусі, чаму ён усё ж будзе заставацца.

Вінаваты не толькі Захад, і гэта не толькі яго жаданне, але ёсць і такая злосная беларуская апазіцыя, якая спрабуе падарваць сітуацыю, і толькі ён можа гарантаваць стабільнасць і выжыванне краіны.

— За амаль 30 гадоў Лукашэнкі на чале Беларусі вядома, што словам Лукашэнкі не варта верыць, ён можа сам сябе абвяргаць і казаць супярэчлівыя рэчы ў адным выступе. Ці варта ўсё ж гэтую заяву пра фактычна пачатак кампаніі да прэзідэнцкіх выбараў успрымаць сур’ёзна?

— Думаю, што так. Мы не бачым ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі да транзіту. Сама ж ідэя транзіту агучвалася дастаткова часта нават афіцыйнымі ці каляафіцыйнымі аналітыкамі і экспертамі ў 2021 годзе. Апошнія гады гэтага няма… Гэта звязана і з тым, што сам Аляксандр Лукашэнка адчувае сябе больш упэўненым. Яму няма куды падзецца. Ён нічога, як сам прызнаваўся, рабіць не ўмее, як толькі кіраваць…

— Калі разглядаць цяперашні адзіны дзень галасавання, ці можна сказаць, што гэта была пэўная рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца налета?

— Я б сказаў, што гэта адпрацоўка новага фармату. Фармат ранейшых выбараў, у тым ліку выбараў 2020 году, уключаў тое, што ёсць бачнасць выбараў. Змяншаўся ўзровень рэпрэсій, давалася нейкая свабода для агітацыі, распаўсюду інфармацыі. Нават назіральнікі маглі прыязджаць. Вядома, былі фальсіфікацыі, злоўжыванні, але задача была зрабіць атмасферу ўсё ж больш свабоднай, каб мець большую легітымнасць. Цяпер такой задачы не ставіцца. Адпрацоўваецца працэдура, якая выключна фармальная. Усе разумелі, што няма ніякіх спадзеваў спрабаваць нешта тут змяніць.

Упершыню гэтая працэдура была адпрацаваная ў 2022 годзе на рэфэрэндуме, цяпер проста паўтораная. Новы фармат выбараў, калі ўжо фактычна выбары цалкам адмененыя. Гэта проста адміністратыўная працэдура, якую трэба рабіць, таму што прапісана ў Канстытуцыі. Але ніякага фліртавання з апанентамі, з нейкімі правамі і дэмакратычнымі працэдурамі, не адбываецца. Фармат афармляўся з 2022 года, 2024 год дадае новых уласцівасцяў. Думаю, што такім жа чынам будуць праводзіць і ў 2025 годзе.

— Як вы мяркуеце, ці можа ён вызваліць хаця б частку палітвязняў да выбараў 2025 году? Ці можа адбыцца хоць нейкае змякчэнне рэжыму?

— Гэта, на жаль, залежыць больш ад знешнепалітычнай канʼюнктуры, чым ад унутрыпалітычнай. Думаю, што вызваленне палітвязняў будзе залежаць ад таго, наколькі будзе неабходнасць усталёўваць стасункі з Захадам. Пакуль Расея гатовая інвеставаць бясконцую колькасць фінансаў і іншых рэсурсаў у Беларусь, у адзінага саюзніка, напэўна, цалкам гэтае пытанне можна здымаць.

Няма нейкай жыццёвай неабходнасці паляпшаць стасункі з Захадам. Калі сітуацыя зменіцца, рэсурсаў стане менш, зменіцца сітуацыя на франтах ва Украіне, то будуць адкрывацца вокны магчымасцяў. Я, прынамсі, не бачу іншых механізмаў, па якіх магло адбывацца нешта іншае.

Калі мы паглядзім на гісторыю Беларусі апошніх 30 гадоў, менавіта знешнепалітычны фактар быў адзіным фактарам, які мог, прынамсі, змяншаць узровень рэпрэсій, вызваляць палітвязняў… не бачна ніякіх іншых стымулаў для дзейнай улады, каб гэта адбывалася.

— Тое, як улады будуць праводзіць выбарчую кампанію, больш-менш зразумела. Што могуць рабіць у такіх умовах дэмакратычныя сілы? Заклікаць ігнараваць выбары, як было цяпер? Спрабаваць нешта зрабіць? Для людзей у Беларусі ўдзел будзе азначаць турму. Ці ёсць хаця б якія магчымасці для ўдзелу ў выбарчай кампаніі на прэзідэнцкіх выбарах для дэмакратычных сілаў унутры Беларусі?

— Пры захаванні бягучых тэндэнцый — не думаю, што ўдзел будзе. Зараз мы бачым, што стратэгія ўзятая на тое, каб не рэгістраваць усіх, хто нават проста зʼяўляецца нейкім падазроным, нейтральным, не звязаным з дзейнай уладай. Тое самае можна рабіць на прэзідэнцкіх выбарах. Сама схема адпрацаваная. Калі не зменіцца кантэкст, не пачнуцца нейкія істотныя змены, звязаныя са знешняй палітыкай, то асноўны фокус апазіцыі, дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці павінен быць накіраваны на інфармацыйную працу і проста на данясенне абʼектыўнай інфармацыі пра тое, чым зʼяўляецца гэтая працэдура. Гэта выканальны і рацыянальны прыярытэт для грамадска-палітычнай працы ў бягучых абставінах.

Каментары12

  • Пятрусь
    27.02.2024
    Яшчэ адзін эксперд за літоўскія бабкі
  • Лука вор!
    27.02.2024
    Он только австрийскую долю в Приор банке прикупил, сейчас все наворованые деньги отмывать начнет! Какой может быть транзит власти? Вы что!
  • бабруйчанін
    27.02.2024
    ..ен усе бачыць.Б..ні яшка бачыць каму цяжка Усе " у руцэ б.." .Усе будзе як у людзей Спадчыну падзеляць разцягнуць нашчадкі ..АЛЕ на яго надзею май і сам варушысь.

«Глабальна няма розніцы паміж мной, Пазняком і Ціханоўскай». Чым сёння жыве дысідэнт Вячаслаў Сіўчык — вялікая гутарка3

«Глабальна няма розніцы паміж мной, Пазняком і Ціханоўскай». Чым сёння жыве дысідэнт Вячаслаў Сіўчык — вялікая гутарка

Усе навіны →
Усе навіны

Прадзюсар тэлешоу на БТ паехаў у Польшчу па натхненне11

Урад Беларусі склаў паўнамоцтвы9

У Мінску могуць з'явіцца беспілотныя трамваі2

Канапацкая назвала сябе апазіцыяй7

Былы гомельскі журналіст і палітвязень Андрэй Толчын на волі

«Апошні экзамен чалавецтва». Для нейрасетак стварылі максімальна складаны акадэмічны тэст — і вось які вынік8

На 11-гадовага хлопчыка ўпалі футбольныя вароты, ён шпіталізаваны4

У Беларусі стварылі сухое марожанае10

У Жыткавічах у галаве 10-гадовага хлопчыка знайшлі дзве дзіркі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Глабальна няма розніцы паміж мной, Пазняком і Ціханоўскай». Чым сёння жыве дысідэнт Вячаслаў Сіўчык — вялікая гутарка3

«Глабальна няма розніцы паміж мной, Пазняком і Ціханоўскай». Чым сёння жыве дысідэнт Вячаслаў Сіўчык — вялікая гутарка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць