Сяргей Мінскі — былы спявак, а цяпер прадзюсар «Фактар.бай» на БТ — паехаў у Варшаву на выставу, каб знайсці ідэі для новых праўладных мерапрыемстваў.
Спявак Сяргей Мінскі з’явіўся на беларускай эстрадзе напрыканцы 90-х. У 1998 годзе выступіў на «Славянскім базары», а ў 2001-м нават атрымаў узнагароду як спявак года.
Але нулявыя прайшлі, пра спевака падзабылі. Ён рашыў пайсці за кулісы і стаць прадзюсарам, а таксама стварыць івэнт-агенцтва «Ружовая зебра».
Дарэчы, гэтаму агенцтву давяралі праводзіць шмат падзей, якія нейкім чынам звязаны з дзяржавай. Напрыклад, з 2018 па 2020 год «Ружовая зебра» праводзіла Калядны хакейны турнір на прызы Лукашэнкі. А ў 2022 годзе ладзіла Кубак пасольства Расіі ў Беларусі, прысвечаны Дню Расіі.
Таксама супрацоўнікі івэнт-агенцтва ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вакальнага шоу БТ «Фактар.бай». А Сяргей Мінскі асабіста кожны тыдзень сустракаў у аэрапорце расійскую спявачку Вольгу Бузаву (яна была сярод настаўнікаў праекта), дарыў ёй кветкі і частаваў кавай з бутэрбродамі.
Але ўсё гэта летась не ўратавала «Ружовую зебру» падчас дзікага палявання ГУБАЗіКа на івэнт-агенцтвы. Па даносе Вольгі Бондаравай затрымалі аднаго з сузаснавальнікаў «Ружовай зебры» Алега Астраленку. Раззлавала даносчыцу тое, што ў інстаграме кампаніі былі відэа з мерапрыемстваў, якія праводзіў Яўген Булка. Пасля з акаўнта тэрмінова выдалілі 19 допісаў.
Мінкульт выключыў кампанію з рэестра арганізатараў культурных мерапрыемстваў. На працы Сяргея Мінскага затрыманне партнёра ніяк не адбілася. У яго застаўся другі праект — «Першая прадзюсарская кампанія», дзе Сяргей з’яўляецца дырэктарам.
У акаўнце кампаніі пазначана, што яна займаецца арганізацыяй шоу-тураў «Фактар.бай». «Першая прадзюсарская кампанія» піярыць артыстаў, якія гатовы спяваць «Надо!» Лукашэнку — напрыклад, Насцю Краўчанка і Мікіту Бялько.
Артысты кампаніі на чале з Сяргеем Мінскім прынялі ўдзел у праўладным флэшмобе «Надо!», каб падтрымаць рашэнне Лукашэнкі ісці на чарговыя выбары.
Цяпер Сяргей Мінскі падзяліўся ў сторыс у сваім інстаграме, што паехаў шукаць натхненне ў Польшчу — а канкрэтней, на выставу рэкламы і паліграфіі RemaDays, якая праходзіла ў Варшаве напрыканцы студзеня. Жартаваў, што знайшоў ідэі, якія будзе выкарыстоўваць «Першая прадзюсарская кампанія».
Каментары