Гісторыя77

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Апошнія лісты, звароты і вершы Кастуся Каліноўскага, уключна з нядаўна знойдзенымі, прааналізаваў гісторык Павел Чарвінскі. Дзве яркія дэталі: найбольш важныя дакументы ён паспеў загадзя схаваць у ножцы стала. А на наступны дзень, нягледзячы на пагрозу арышту, іх вынесла ягоная сувязная. А за магчымасць пісаць лісты каханай і запіскі на волю, у тым ліку векапомныя «Лісты з-пад шыбеніцы», плацілі хабар турэмшчыкам: на сённяшнія грошы гэта каля 4800 даляраў за кожную запіску.

Партрэт Кастуся Каліноўскага, рэстаўраваны нейрасеткай 

Апошні дзень нараджэння разам з каханай

Яшчэ месяц таму, 2 лютага (21 студзеня па старым стылі) 1864 года Кастусь разам з Марылькай, як ён яе называў, адзначаў свой апошні, 26-ы дзень нараджэння.

Тады, нягледзячы на ўсе несуцешныя навіны і страты сярод сяброў, яны пакідалі сабе надзею на будучыню для тых, «хто толькі каханнем саграшыць маглі», а ў іх «юначых галовах віравалі небывалыя, часам фантастычныя, карціны будучага шчасця і будучых зачараванняў».

Але хуткі арышт рабіўся непазбежным. Яшчэ ў снежні 1863 года сябар Кастуся Юзаф Каліноўскі (таксама асуджаны пазней на смерць, замененую на катаргу; ён стане манахам і будзе кананізаваны Каталіцкай царквой) угаворваў яго пакінуць Вільню і эміграваць. Той адказаў, «што абавязак, ускладзены і прыняты ім, пакінуць не можа».

Кастусь, які вёў іншых, не мог дазволіць сабе ўпасці духам, тым больш перад каханай, «паэзія» адносін з якой падтрымлівала абоіх.

У ножцы стала

Каліноўскаму здрадзіў ягоны паплечнік, 19-гадовы Вітольд Парфіяновіч. Гэтага паўстанцкага камісара Магілёўскага ваяводства зламаў у Менску жандарскі падпалкоўнік (пасля генерал) Аляксандр Лосеў. І ў ноч на 10 лютага (29 студзеня па старым стылі) Каліноўскі быў затрыманы ў Вільні ў Святаянскіх мурах, дзе ён пражываў пад іменем Ігнат Вітажэнец.

Найбольш важныя дакументы ён паспеў загадзя схаваць у ножцы стала, а на наступны дзень, нягледзячы на пагрозу арышту, іх вынесла ягоная сувязная Караліна Яцына. Пазней яе таксама арыштуюць і вышлюць у Сібір.

У ножцы стала была схаваная «Бернардзінская калекцыя» асабістых дакументаў Каліноўскага, ягоныя фотаздымкі, а галоўнае — беларускамоўны неапублікаваны №6 «Мужыцкай праўды», Маніфест Нацыянальнага ўрада ад 3 мая 1863 года і творы «Каімшчына на Літве і Белайрусі» (датаваная 26 мая 1863 года) і «Да Цябе, святы наш Ойча».

Усе гэтыя дакументы былі знойдзеныя ў 1989 годзе падчас рэстаўрацыйных работ у Бернардзінскім касцёле Вільні, а беларускамоўныя тэксты апублікаваныя толькі ў 2023 годзе Алесем Смаленчуком у часопісе Homo Historicus.

Легенда пра Вітажэнца

Кастусь Каліноўскі быў дастаўлены ў дамініканскі кляштар і змешчаны ў камеру № 3, адну з тых «кватэраў», дзе сядзелі будучыя смяротнікі.

Што за ўмовы панавалі там, апісаў пасля сябар таемнай расійскай арганізацыі «Зямля і воля» Лонгін Панцялееў, які таксама трапіў у «Дамініканы» ў снежні 1864 года: «Запалены кнот у каганцы асвятліў яго, дзверы зачыніліся, і я пачаў аглядаць маё жыллё. Перш за ўсё мяне ўразіў крайні холад, так што я, не распранаючыся, застаўся ў шынялі; далей — немагчымая цесната, мабыць, замазанае глінай акно; наогул нумар ствараў уражанне нейкай бруднай будкі».

Пры гэтым ні чытаць, ні пісаць у гэтых «кватэрах» было нельга, гэта дапускалася толькі пасля дазволу следчай камісіі.

Штоноч у камеру заносілі невялікую драўляную стойку, пах ад якой выдаваў, для чаго яна прызначаецца. Гэтую пасудзіну называлі «парашкай». Падобную ж пасудзіну вазілі з вадой і ставілі непадалёк ад «парашкі».

У любы час у «кватэру» мог зайсці адзін з прадстаўнікоў следчай камісіі, пачаць размову і ўцерціся ў давер. Але з Каліноўскім гэта не прайшло. На першым допыце ён трымаўся спакойна, падтрымліваў сваю легенду пра Вітажэнца, былога паўстанца атрада Фелікса Віславуха. Ён быццам бы ўдзельнічаў у баях у Аўгустоўскім ваяводстве, але ўлетку пакінуў атрад, каб займацца «гістарычным характарам славянскіх народнасцяў».

Вочная стаўка

Першая ж вочная стаўка прывяла да таго, што далей хаваць сапраўднае прозвішча Каліноўскаму не мела сэнсу. Пра гэта ў ноч на 11 лютага віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, які ўвайшоў у гісторыю як «Вешальнік», паведамляў Лосеву ў Менск і загадаў адправіць у Вільню Вітольда Парфіяновіча.

Ужо 14 лютага Парфіяновіч даў падрабязныя паказанні, у якіх расказаў і пра адзін з паўстанцкіх пароляў: «Каго любіш? Люблю Беларусь! Дык узаемна!»

Некалькі дзён Каліноўскі намагаецца блытаць следства, але 16 лютага яму паведамілі пра арышт сям’і Ямантаў, у тым ліку ягонай 23-гадовай нарачонай Марыі.

Выява метрыкі пра нараджэнне Марыі Ямант

Гэта быў моцны ўдар для Кастуся, які ў выніку 18 лютага сам папрасіў пра выклік у следчую камісію і прызнаўся: названыя раней месцы яго жыхарства несапраўдныя, а дзе ён дакладна жыў у Вільні — назваць не можа.

20 лютага Каліноўскі даў паказанні пра адносіны з Парфіяновічам, а 23 лютага атрымаў другі моцны ўдар. Следчыя паведамілі яму пра арышт у Менску Юзафа Яманта, брата Марыі Ямант і ягонага паплечніка, ды пачалі задаваць пытанні пра знаёмства з гэтай сям’ёй. А таксама ад іх Кастусь даведаўся пра пакаранне смерцю ягонага сябра і аднаго з лідараў Літоўскага камітэта Людвіка Звяждоўскага (мянушка «Тапор»), які быў схоплены царскімі вайскоўцамі ў бітве пад Апатавам Сандамірскага ваяводства Польшчы.

А 2 сакавіка нанесены яшчэ больш моцны ўдар — вочная стаўка з камісарам Менскага ваяводства Міхалам Аскеркам. Каліноўскі перад тым лічыў яго ўжо забітым уладамі. Тыя адмыслова правялі такую «спецаперацыю», утрымліваючы Аскерку, які адмаўляўся ад любых паказанняў, у сакрэтнай турме — сёння б пра гэта сказалі: у рэжыме інкамунікада.

Нягледзячы на вочную стаўку, Аскерка адмовіўся прызнаць, што знаёмы з Каліноўскім, працягваў адмаўляць любую датычнасць да паўстанцкай арганізацыі і быў пакараны смерцю ў Магілёве 10 мая 1864 года.

4800 даляраў за запіску 

6 сакавіка Каліноўскаму зноў задаюць пытанне пра Ямантаў. Кастусь адмаўляе знаёмства з імі, паказанні пра што яго просяць запісаць асабіста. Ён не ведае, што Юзаф Ямант ужо шмат пра што расказаў, у тым ліку пра знаёмства з Кастусём. Калі ж разуменне гэтага прыйшло, 10 сакавіка Каліноўскі заявіў следчай камісіі пра адмову ад далейшых паказанняў:

«Прычыны і вынікі мной добра абдуманыя, а ўсведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці іншым шляхам».

Гэта фактычна было падпісанне самому сабе смяротнага прысуду цягам найбліжэйшых дзён.

Але адначасова Каліноўскі атрымаў магчымасць скласці «Запіскі», у якіх павінен быў патлумачыць уласнае бачанне паўстання 1863—1864 гадоў. Улады выдалі яму для гэтага чарніла, алоўкі і паперу. І ён пачынае пісаць: адна з падрыхтаваных ім «Запісак» і сёння захоўваецца ў яго следчай справе ў Вільні.

Паралельна ж піша «карткі» да сваёй каханай. І, напэўна, менавіта тады ён стварыў першую частку таго, што ўвойдзе ў гісторыю як «Лісты з-пад шыбеніцы».

Гэта быў артыкул для газеты Głos z Litwy, у якім Каліноўскі намагаецца паказаць, «як мужыкі-беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».

За заплюшчаныя вочы наглядчыкаў трэба было даплачваць па 10 рублёў за запіску. Гіганцкі хабар: прыкладна столькі тады каштавалі дзве каровы. Калі параўноўваць з цяперашнімі цэнамі, то гэта каля 4800 даляраў за запіску.

Ліст да Марылькі па-польску суправаджае цыдулка за подпісам «Хамет» да кагосьці са знаёмых. Кастусь прасіў паведаміць пра лёс стала, у ножцы якога захоўваліся яго асабістыя дакументы і тэксты, што маглі яшчэ больш зацягнуць следчую справу і непасрэдна пагражаць як ягонай нарачонай, так і яе сям’і, кватэра якой была своеасаблівым штабам паўстання.

У капліцы каліноўцаў на Росах. Лістапад 2024 года. Фота: Наша Ніва

«Лёс мне кажа пісаць да цябе»

Каліноўскі прасіў абвесці напісанае алоўкам пры дапамозе чарніла ды знайсці спосаб перадаць Марыі Ямант. У якасці пацвярджэння, што гэта сапраўды ён піша, Каліноўскі прыклаў да ліста свой нацельны крыжык. Марыя была набожнай дзяўчынай, і таму Каліноўскі намагаецца ўмацаваць яе пры дапамозе выкарыстання ў сваіх лістах менавіта праз узгадку Бога. Пісаў ён па-польску, бо так было прынята ў тыя часы. 

«Дарагая Марылька.

На парозе смерці лёс мне кажа пісаць да цябе. Балючая рэчаіснасць, тым больш пасля тых надзей, якія луналі ў нашых юнацкіх сэрцах, поўных узаемнага кахання. Аднак, падпарадкоўваючыся сіле абставін, прымі са спакойным тварам, хоць і з параненым сэрцам, лёс, які выпаў на тваю долю. Час гоіць раны, а ўспамін мінулых момантаў, калі нараджаецца смутак у тваёй душы, няхай, аднак, не атручвае твайго жыцця. Жыццё тваё не Табе належыць, яно дадзена табе, каб ты ў кожную хвіліну несла дабро і праўду. Узнагарода за працу напаткае людзей не на гэтым свеце. Калі годна выканаеш мэту жыцця — пабачымся на небе.

Твой і за магілаю (хоць можа быць я і не буду яе мець), Канстанцін

27 лютага / 10 сакавіка 64 г.

Дамініканская вязніца

Крыжык мой прымі на грудзі свае»

Падпісваючыся «Твой і за магілаю», Каліноўскі пачынае рыхтаваць Марыю да непазбежнага. А прадчуванне, што магіла ў яго можа быць толькі вобразная, Кастуся не падманула. Сапраўдны спачын ён атрымае толькі ў 2019 годзе, пасля ўрачыстага перапахавання знойдзеных на Замкавай гары целаў яго самога і паплечнікаў па барацьбе на віленскіх могілках Росы.

11 сакавіка Міхаіл Мураўёў атрымаў даклад па справе Каліноўскага, дзе той ахарактарызаваны як «адзін з самых адданых справе паўстання і найбольш дзейных яго кіраўнікоў у тутэйшым краі». На наступны дзень, 12 сакавіка, Мураўёў загадаў аддаць Каліноўскага на вайсковы суд, каб той скончыў справу за тры дні.

У гэты ж дзень Каліноўскі скончыў па-руску першую «Запіску», у якой адзначаў складанасці для Расійскай Імперыі ў злучэнні з сабой гістарычнай Літвы, але адзначаў:

«Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія замахваюцца на край наш няшчасны».

У апошніх радках ён пакідае за сабой права «цешыць сябе надзеяй, што адновіцца народнае дабро. Дай Бог толькі, каб для дасягнення гэтага нашчадкі нашыя не пралівалі лішняй братняй крыві».

Каліноўскі працягваў пісаць «Запіскі» і надалей, але іншыя з напісаных да сёння застаюцца не знойдзенымі.

«Забудзься на мяне, але словы мае памятай заўсёды»

13 сакавіка а 10-й гадзіне раніцы пачаўся фармальны вайсковы суд над Каліноўскім, дзе той падпісаў усе прапанаваныя яму дакументы і нават адзначыў, што прэтэнзій да членаў суда не мае і нічога не можа дадаць у сваю абарону.

Такая хуткасць рашэння, прынятага Каліноўскім, тлумачылася жаданнем выратаваць Марыю.

14 сакавіка Каліноўскі пачуў прысуд: «За прыняцце звання члена Рэвалюцыйнага камітэта Літвы і пасля таго галоўнага распарадчыка паўстання ў тутэйшым краі, а разам з тым за здраду дзяржаве, схіленне да бунта жыхароў… пакараць смерцю — расстраляць».

Пасля гэтага паведамлення Кастусь Каліноўскі ў ноч з 14 на 15 сакавіка складае яшчэ адзін ліст да Марылькі:

«Дарагая мне Марылька!

Хоць розум адгаворвае, але сэрца цягне, каб яшчэ напісаць колькі слоў да Цябе. У становішчы, у якім я цяпер знаходжуся, балюча ўзгадваць мінулыя часы шчаслівых імгненняў. Горыч слодычы не любіць. Аднак цяжка ўтрымаць у цуглях жадання сэрца і вуснаў, хочаш не хочаш, розум павінен саступіць месца.

Не далей як месяц таму яшчэ ў нашых юначых галовах віравалі небывалыя, часам фантастычныя карціны будучага шчасця і будучых зачараванняў. Сёння ўсё гэта вымушана знікнуць, пакідаючы па сабе хваравіты ўспамін. Новая рэчаіснасць заняла месца буйнай і багатай на захапленні паэзіі.

Чалавечае жыццё звычайна ідзе па такіх пуцявінах — асноўныя яго рысы няўстойлівасць і мізэрнасць. Бог для выпрабавання зацятасці сумлення кідае чалавека ў розныя становішчы, і той толькі становіцца ягоным годным абраннікам, хто ніколі не ўмее ўпасці. Няшчасце з'яўляецца выпрабавальным каменем, наколькі чалавек вышэйшы за жывёлу, — і хто ў ім не абрынецца, з тым ніколі не зупыніцца Божы клопат.

Вышэй сказанае слова прымі, Дарагая Марылька, як наказ для сябе ў жыцці. Забудзься пра мяне, але словы мае памятай заўсёды.

Тваё шчасце спачывае ў табе, у тваёй пакоры волі Божай.

Гармонія ў галаве, сэрцы і душы магчымая толькі тады, калі чалавек вытрымае тое, што прыгатаваў яму лёс.

Дарагая Марылька, жыццё тваё поўнае высакародных імкненняў, гэта для мяне гарантыя, што калісьці мы яшчэ пабачымся. Маё слова будзе для мяне святым нават за магілай — там я цябе буду чакаць і адтуль буду за табой сачыць. Ты ж да часу будзеш маім «я» на зямлі, а я табой у нябёсах, пакуль воля Бога нас не злучыць навекі. Тое, што тут было паэзіяй, там стане явай, і непарыўнасць увянчае нашу непарушнасць.

Бывай здарова,

Заўсёды твой Канстанцін

1864 г. 2/14 сакавіка

12 ночы, вязніца Дамініка ў Вільні»

Дзеці ў капліцы каліноўцаў на Росах у Вільні. Фота: Наша Ніва

«Марыя, анёлак душы маёй»

16 сакавіка Каліноўскаму замянілі пакаранне з расстрэлу на павешанне. 17-га Мураўёў вызначыў месцам пакарання Вільню, а начальнік штаба войскаў Віленскай акругі генерал-маёр Апалон Цымерман загадаў каменданту турмы Вяткіну канфірмацыю для «неадкладнага прывядзення» яе ў выкананне.

Кастусь ведае, што прысуд цяпер можа быць выкананы ў любы момант, і 18 сакавіка (6 сакавіка па старым стылі) ён ужо перажывае сваю смерць. Каліноўскага вывелі з «кватэры», як ён чакаў, ужо на пакаранне, але ўрэшце прывялі назад. Такі спосаб уздзеяння на асуджаных з’яўляўся звычайнай практыкай для імперскіх уладаў, як і, паводле сведчанняў Якуба Гейштара, знішчэнне напісаных за кратамі тэкстаў, якія асуджаныя імкнуліся перадаць на волю.

Аднак з тэкстамі Каліноўскаму пашчасціла, дзякуючы спачуванню ў тым ліку прадстаўнікоў царскай адміністрацыі, найперш асабістага доктара Мураўёва Карла Фавеліна, які таксама аглядаў і арыштантаў у «Дамініканах».

Каліноўскі знаходзіць магчымасць напісаць да каханай яшчэ адну «картку», адзначаючы, што не ведае дакладна, ці трапяць ягоныя лісты да адрасата:

«Марылька мая дарагая!

Не ведаю, ці трапяць мае карткі ў рукі твае. Лёс, які нас жадае пераследаваць, можа быць, захоча ў гэтым чыніць перашкоды. Але, задавальняючы патрэбу сэрца і душы, я пішу і пішу да Цябе, маючы надзею, што атрымаеш калі не ўсе, то хоць некаторыя.

Я меркаваў, што сёння ўжо развітаюся з сабою, аддам Богу душу. Але адбылося не так, як меркаваў. Затое, карыстаючыся яшчэ дадзеным мне часам, хачу падзяліцца ім хоць часткова з Табой.

Марыя, як нядоўга мы жылі адзін для аднаго, толькі некалькі імгненняў, і ўжо нас лёс надоўга дзеліць. І за што? За нашу любоў да іншых. О Божа! Няўжо ты для таго даў нам свой розум і любоў да бліжняга, каб за гэта нас катавалі і выдзіралі жыццё! Хай жа бяруць, хай катуюць, нам не жыцця шкада, нам балюча, што людзі топчуць нагамі Твой запавет.

Марыя, анёлак маёй душы, праменьчык нябеснай любові, чаму я не магу твае пакуты панесці з сабою, каб Табе засталося адно толькі светлае жыццё. Бярэмя тваё цяжкое, і хоць у душы ты знойдзеш сабе падтрымку, аднак плечы твае заслабыя. О Божа, калі ты накіроўваеш пакуты, дай і сілу ператрываць Твае выпрабаванні.

Канстанцін

6 сакавіка 64 г.»

Крыніца: Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў. Фота: Наша Ніва

«У любым становішчы ты будзеш годнай»

Цяпер Каліноўскі кожны дзень сустракаў як апошні, але і ў такой атмасферы знаходзіць магчымасць працягваць пісаць. 19 сакавіка ён складае яшчэ адзін ліст да Марылі. Цікава, што калі ў 1866 годзе гэты ліст трапіў у рукі следчых у Омску, яны не пабачылі ў ім пагрозы, адзначыўшы, што гэта, «бачна, перадсмяротная споведзь чалавека, якога пазбаўляюць жыцця».

«Любая, дарагая мая Марылечка!

Маю ў сябе ў кватэры (вязніцы) чарніла і кавалак паперы, так што хай будзе і картка да Цябе, мой анёлак. Пры дапамозе міласэрных людзей, можа быць, яна дойдзе да тваіх рук і прынясе табе прыемнасць; у маёй нядолі, калі не маю сродкаў разагнаць хмары, якія сабраліся над Табою, хай я прынясу табе суцяшэнне хоць простым словам.

Марылька, мая дарагая, яшчэ над мною свеціць сонейка, яшчэ я магу бачыць, думаць і жадаць. Праз маю фортку я бачу Віленку, тую Віленку, якая такая каштоўная для душы ліцвіна, сядзібу грозных Альгердаў, думкамі дзеяў запачаткаваных у Богу і праўдзе. Калі гляджу на Вільню, сэрца перапаўняецца, б’ецца з гонарам.

А там далей наколькі вока, наколькі думкі сягаюць — наш бедны народзік, які ў поце твару, жудаснай няволі не ўмее забыцца Бога і праўды. Дык хіба ж не гонар прынесці ў ахвяру жыццё за яго, за нашу родную зямлю, усцеленую магіламі нашых гераічных продкаў. Гэта для нас слава, гэта наш гонар.

Мой ты анёлак з гарачым сэрцайкам, дачка маёй роднай Літвы, яе захапленняў і смутку. Марылька мая дарагая, ты рушыш за поклічам твайго народа і ў жыцці сябе аблямуеш цярністым вянком любові і праўды. А калі людзі часам, падмануўшыся ў сваіх разліках, будуць ліхасловіць, ты, падпарадкоўваючыся наканаванай волі, створыш у сабе шчасце для сябе. Сям'я, хатняе кола будуць Табе месцам, дзе, беручы ад сэрца анёльскі подых, ты будзеш разгладжваць чало, азмрочанае маршчынамі паўсядзённага жыцця. А калі застанешся вырванай лёсам з абдымкаў сям’і і будзеш загнаная віхурай ліхога пекла ў чужы для цябе край, каб марнець пры жыцці, ты не апаганіш праклёнам сваіх вуснаў.

У любым становішчы ты будзеш годнай дачкой Літвы.

О, чаму я не магу раздзяліць лёс такога анёла і, пераплёўшы рукі адзін аднаго ва ўзаемным каханні, дыхаць!

Але шчасця было б занадта шмат як для людзей зямлі, — і, відаць, таму Бог адкладае выкананне нашых жаданняў і просьбаў на іншы час, калі шчасцю ўжо не можа быць меры. Склаўшы з даверам надзею ў Богу — будзем чакаць.

Дарагая Марылька, у тую хвіліну, калі нас не зможа раз’яднаць, а яна прыйдзе, таму што над намі міласэрны Бог, бо ў сваёй справядлівасці ён не захоча караць так строга тых, хто мог саграшыць толькі каханнем.

Бывай здарова, Твой Канстанцін

7/19 сакавіка 64 г. Вільня

Турма Дамініканская № 3»

Крыніца: Дюков А., К вопросу об идентичности Константина Калиновского. Иконографические коды нательного медальона и их интерпретация // Журнал российских и восточноевропейских исторических исследований №1, 2023.

«Грудзі застогнуць, забаліць сэрца»

За тры дні да смерці Каліноўскі працягвае думаць, чым дапамагчы каханай дзяўчыне, спрабуе яе суцішыць, «разагнаць хмары, які сабраліся над Табою». І адначасова прызнаецца ў любові да свайго з пяшчотай названага «беднага народзіка»:

«Ды хіба ж не гонар прынесці жыццё для яго ў ахвяру, для нашай зямлі роднай, усцеленай магіламі гераічных продкаў нашых. Гэта слава для нас, гэта гонар наш».

Тое ж самае ён больш шырока развівае ў напісаным найхутчэй у гэты ж дзень па-беларуску другім «Лісце з-пад шыбеніцы», які павінен быў стаць апошнім нумарам «Мужыцкай праўды», дзе выказваецца ад імя свайго «альтэр эга» — «Яські-гаспадара з-пад Вільні»:

«Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,— но не жаль згінуць за тваю праўду».

Бывай здаровы, мужыцкі народзе

У апошнія дні Каліноўскі паспявае яшчэ скласці вершы, вядомыя пад агульнай назвай «Марыська чарнабрэва, галубка мая». Тут змяшчаецца ягоны ўжо беларускамоўны зварот да нарачонай Марыі Ямант як падсумаванне сказанага ў «картках», а таксама зварот да свайго народу:

«Марыська чарнаброва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адазвуся. 

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго. 

А калі слова пяройдзе у дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

Кастусь Каліноўскі быў пакараны смерцю ў 10 гадзін 30 хвілін на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Пярсцёнкі з валасоў

Гэта быў настолькі моцны чалавек, што яму вольна ці міжвольна пачынала дапамагаць нават людзі «з таго боку».

Перад выхадам з «Дамініканаў» адзін з наглядчыкаў забраў у Каліноўскага чатыры вырабленыя ім з валасоў у турме пярсцёнкі з надпісам «Памятка з няволі, 1864», якія пазней перадаў сваёй дачцэ. Тая іх захавала і, калі надышлі больш свабодныя часы, у 1907 годзе перадала ў навуковае таварыства.

Цела Каліноўскага было закапана на месцы выканання пакарання, затым па ім прайшліся царскія салдаты. Увечары яго выкапалі і перавезлі на Замкавую гару, туды, дзе ўжо спачывалі два дзясяткі ягоных паплечнікаў. Парэшткі Каліноўскага з’явіліся з-пад зямлі першымі падчас нечаканага апоўзню пры канцы 2017 года. Пасля таго на гары былі праведзеныя археалагічныя раскопкі, вынікам якіх стала ўрачыстае перапахаванне парэшткаў паўстанцаў у лістападзе 2019 года на віленскіх могілках Росы.

Месца спачыну Кастуся Каліноўскага ў капліцы на могілках Росы ў Вільні. Фота: Наша Ніва

«Лісты з-пад шыбеніцы» як запавет Каліноўскага былі перададзеныя за мяжу і ў 1867 годзе надрукаваныя ў Парыжы, у тым ліку з вершам, які, відавочна, так і не трапіў у рукі «Марыські чарнабровай».

Сёння адзін з гэтых лістоў захоўваецца ў Польскай нацыянальнай бібліятэцы.

Не трапіла да Марыі Ямант і «картка», напісаная 19 сакавіка, якая захоўвалася ў цёткі Марыі Ямант Ядвігі Макшыцкай у маёнтку Самуйлава Ігуменскага павета да 26 лістапада 1866 года, калі там быў праведзены ператрус. Падчас гэтага ператрусу таксама быў выяўлены архіў Літоўскага камітэта, які ўзначальваў Каліноўскі.

Падставай для ператрусу стаў замах на расійскага імператара Аляксандра ІІ ў красавіку 1866 года, калі жандары выйшлі на сасланую ў Омск сям’ю Ямантаў. Менавіта тады ў Марыі Ямант былі знойдзеныя тры іншыя лісты, якія праз 160 гадоў знайшоў у архіве расійскі імперскі гісторык Аляксандр Дзюкаў.

Сёння дзякуючы гэтым «карткам» нам адкрываецца яшчэ адзін бок постаці Кастуся Каліноўскага. Тут ён выглядае чалавекам, які вымушаны быў вагацца паміж няздрадай таму становішчу, якое ён займаў у паўстанцкай арганізацыі, і таму вобразу, які выбудоўваў для нашчадкаў, і няздрадаю каханай жанчыне, якую намагаўся ўратаваць ад суворага пакарання. Урэшце Каліноўскі знайшоў выйсце, але кошт гэтаму — уласнае жыццё.

Марыя Ямант вытрымае ссылку ў Табольск, пасля якой каля 1874 года перабярэцца ў Варшаву. На схіле жыцця яна пабярэцца шлюбам з пляменнікам вядомага скульптара з Забалоцця Генрыха Дмахоўскага Войцехам, таксама ўдзельнікам паўстання 1863— 1864 гадоў. Памерла Марыя ў 1908 годзе і пахаваная на Павонзках у Варшаве.

Помнік Кастусю Каліноўскаму каля Францішканскага кляштара ў Вільні. Фота: Наша Ніва

«Зайздрошчу свабодзе»

Лісты да Марыі, якія трапілі ў рукі царскіх улад толькі ў 1866 годзе, дазваляюць нам сёння зразумець, якім чынам Каліноўскі здолеў перадаць на волю не толькі «карткі» да «дарагой Марылькі», але і свой запавет нашчадкам. Відавочна, што гэта не ўсе лісты, а дзесьці сярод перададзеных на волю быў і той, у якім Каліноўскі пісаў: «Зайздрошчу свабодзе нават той вароны, якую са свайго акна бачу на снезе».

Які ж талент пісьменніка згубіла Беларусь у 26-гадовым Кастусю Каліноўскім! Аднак перадусім яна згубіла сапраўднага героя. Каліноўскі і перад абліччам смерці не здрадзіў ні ідэі, ні каханню. Чалавек-крэмень.

Каментары7

  • Спадар
    31.01.2025
    ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!
  • Брест
    31.01.2025
    Волат!
  • 2020
    31.01.2025
    Вельмі цікавы артыкул, дзякуй

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію7

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхар Смілавіч паскардзіўся ў тыктоку на разбітыя вуліцы і «знакамітую лужыну». Што яму адказалі ўлады10

«Адкрыла пакет — у замове не хапала стравы». Беларуска паспрачалася з фастфуд-рэстаранам

Вучыўся на ксяндза, працаваў на фуры, адкрыў хостэл для ўцекачоў. Гісторыя Андрэя Васоры, які памёр у Беластоку пасля комы3

Каму павінен быць помнік перад Домам ураду замест Леніна? Ідэя Гурневіча40

Качанава: Кніга «Наш прэзідэнт» стане для многіх у краіне настольнай13

На мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі знайшлі 25-метровы тунэль кантрабандыстаў7

У Швецыі забілі чалавека, які рэгулярна спальваў Каран4

«Сяргей быў някепскім хлопцам, але наркаман». Падрабязнасці жахлівай гісторыі з кватэрай, у якой пасля куплі знайшлі два трупы6

На борце самалёта, што разбіўся ў ЗША, было больш за 15 фігурыстаў, у тым ліку чэмпіёны свету Шышкова і Навумаў з Расіі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію7

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць