Меркаванні1717

«Не падайце духам, паручык Шпакоўскі». Як беларускія прапагандысты і аналітыкі рэагуюць на падзеі ў Сірыі

Паўстанцы захапілі Дамаск, Башар Асад даў лататы. Гэта вялікі геапалітычны ўдар па Расіі. Сабралі ацэнкі сітуацыі.

Syrian rebels Сірыйскія паўстанцы Сирийские восставшин
Уцекачы з Сірыі святкуюць падзенне Асада ў Парыжы, 9 снежня 2024 года. Фота: AP Photo / Aurelien Morissard

Гігін: «Падзенне Асада — моцны ўдар па Расіі. Але не смяротны»

Такое меркаванне ў сваім тэлеграм-канале выказаў Вадзім Гігін. Ён азадачаны праблемай захавання расійскіх баз у Сірыі:

«Асад усё. Расія зараз будзе вырашаць свае задачы ў Сірыі без яго. Складана, але не немагчыма. Зразумела, што ў першую чаргу стаіць пытанне аб расійскіх базах, а менавіта іх бяспецы і магчымым захаванні (пажадана) ці вывадзе».

Гігін бачыць, што з прадстаўнікамі «антыасадаўскіх сіл» можна дамаўляцца. І раіць «захоўваць халодную галаву і моцныя нервы».

«Падзенне Асада — моцны ўдар для Расіі. Але не смяротны. Адна з ключавых задач зараз, каб да ўлады ў Дамаску не прарваліся праамерыканскія марыянеткі», — піша Гігін.

Раніцай 8 снежня стала вядома, што рэжым Асада страціў кантроль над краінай. Фота: Ammar Ghali / Anadolu / Getty Images

Шпакоўскі: «Перамены могуць быць не толькі да лепшага, але і да горшага»

Аляксандр Шпакоўскі пра падзеі ў Сірыі выказаўся ўчора. Дарадца-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі і асабліва давераны чалавек рэжыму заўважае:

«Тое, што адбываецца ў Сірыі — адзін з элементаў той карціны глабальных перамен, якія адбудуцца ўжо ў бліжэйшы час».

Прапагандыст заўважае, што перамены могуць быць не толькі да лепшага, але і да горшага, і тлумачыць:

«У шэрагу выпадкаў чаканы глабальны кампраміс — гэта не толькі жаданыя поспехі (таксама абавязкова будуць), але таксама нарастанне схаваных і відавочных рызык, якія трансфармуюцца ў актуальныя пагрозы ў будучыні.

У гэтым сэнсе трыумф «прагрэсіўных джыхадыстаў» (як іх называе заходняя прэса) у Сірыі не абяцае нічога добрага. Нарастаюць тэрарыстычныя выклікі для Цэнтральнай Азіі, Ірана, Расіі».

Шпакоўскі заўважае, што прыклад «сірыйскай мадэлі перыяду Башара Асада» паказальны яшчэ і тым, што «замежная падтрымка не можа быць сталай гарантыяй існавання дзяржавы».

«Толькі ўласнае матываванае войска, праваахоўны блок і спецслужбы разам з шырокай грамадскай легітымнасцю здольныя забяспечыць дзяржаўны суверэнітэт», — адзначае прапагандыст і дадае, што для кіраўніцтва краіны «вельмі шкодна самазаспакойвацца ва ўтульным ложы «канструктыўных» справаздач чыноўнікаў і мілагучнай прапаганды».

Шпакоўскі прапануе «формулу абароны любой дзяржавы, якая падвяргаецца агрэсіі «моцных гэтага свету» — «сістэма перакрыжаванага кантролю, пастаянная крытыка і самакрытыка, акцэнт на праблемных пытаннях, няспынная баявая вучоба арміі і праваахоўнага блока».

«Застой у падобных выпадках падобны да смерці», — лічыць прапагандыст.

Фота: AP Photo/Ghaith Alsayed

Дзермант: «Нельга спадзявацца на замежную ваенную дапамогу»

З Шпакоўскім салідарны Аляксей Дзермант. На сваёй старонцы ў тэлеграме сёння ранкам ён пакінуў кароткі пост наступнага зместу:

«Галоўная навука з Сірыі такая: ніколі нельга спадзявацца толькі на замежную ваенную дапамогу. Уласнае моцнае войска і спецслужбы — на гэтым нельга эканоміць. І ніколі нельга марудзіць з умацаваннем унутранага адзінства, калі ёсць на гэта час. Утрымаць краіну можа нават невялікае згуртаванае, ідэйна зараджанае ядро, але яно павінна ў вас быць».

Байцы сірыйскай апазіцыі стаяць на борце захопленага знішчальніка ВПС Сірыі ў вайсковым аэрапорце Хамы. Фота: Ghaith Alsayed / AP

Азаронак: «На Расію няма чаго наракаць»

Саліст беларускай прапаганды Рыгор Азаронак на працягу сённяшняга дня на сваёй старонцы ў тэлеграм пакінуў некалькі допісаў.

Першы ён распачаў з фразы «На Расію тут наракаць няма чаго». (ён напісаў па-расейску з памылкай: «пинять»). Ён мяркуе: за тое, што адбылося, нясе адказнасць кіраўніцтва Сірыі:

«За захаванасць улады і тэрыторыі адказвае вайскова-палітычнае кіраўніцтва краіны. Расія ў 2016 годзе Сірыю выратавала. Магчымасць ствараць магутнае войска была».

«Для нас адна навука — ніколі не самазаспакойвацца. Ніколі не верыць Захаду. Саюзніку верыць, але самім не кепсціцца. Рабіць войска, зброю і ідэалогію. І чакаць удару».

У наступным сваім пасце Азаронак тлумачыць: «Армія, беспілотнікі, арта, войскі, вывучка, добраахвотнікі, прапаганда, разведка і контрразведка, тэхніка, людзі».

І яшчэ раз дадае пра саюзніка: «Саюзнік дапаможа толькі тады, калі ты сам на нешта здатны».

Башар Асад і Уладзімір Пуцін. Фота: Kremlin.ru

«У Башара Асада быў час на ўсё гэта. Але ён паверыў у дамоўленасці з Захадам і прыгожыя справаздачы».

У наступным запісе прапагандыст заўважае: «Калі Захад вас прыгаварыў — то вы можаце хоць сто разоў з ім дамовіцца. Башар Асад вучыўся ў Брытаніі, меў бліскучыя адносіны з французамі. Як і Хусэйн, зброю якому для вайны з Іранам давалі Штаты. Як і Кадафі, які спансараваў Сарказі. Як і Мілошавіч, які «ўсё парашаў» з Захадам».

Насамрэч, Азаронак тут нацягвае рэчаіснасць на свае антызаходнія схемы. Захад ухіліўся ад вырашэння сітуацыі ў Сірыі — таму што Асад быў супраць таго, каб Захад браў у гэтым удзел. Абама чырвоную лінію правёў — і ўмыў рукі, калі Дамаск яе перайшоў. Лёс краіны вырашалі Расія, Іран, Турцыя — а Асад, наадварот, зрабіў стаўку на сілавое рашэнне, а не дамовы. 

Азаронак прапануе не гараваць з нагоды пройгрышу Расіі ў Сірыі. Ён лічыць, што «глабальна» яна будзе ў пераможцах: «Расія прайгравала Крымскую вайну. Японскую. Сталін прайграваў Югаславію, Грэцыю, Іран. Але мы заўсёды ў выніку перамагалі глабальна. Не падайце духам».

Лазуткін: «Свет стаў бліжэйшым да канфлікту вакол Ірана»

На сайце БелТА і дзяржаўных СМІ навіны з Сірыі губляюцца сярод іншых падзей у свеце. БелТА і «Беларусь сегодня» перадрукоўвае паведамленні ТАСС, свайго меркавання, як і сваіх карэспандэнтаў Мінск не мае, глядзіць на свет праз падзорную трубу Масквы. З каментарыем выступіў толькі палітычны аглядальнік «Мінскай праўды» камуніст Андрэй Лазуткін.

Ён сцвярджае, што «ў бліжэйшы час Сірыя знікне як суб'ект міжнародных адносін. На карце застануцца старыя межы, але, як і Лівія, некалі адзіная дзяржава ператворыцца ў не звязаныя адна з адной зоны кантролю».

Па меркаванні Лазуткіна, «розных гульцоў у рэгіёне» аб'ядноўвала супольная мэта — ліквідаваць уладу Асада. Цяпер, калі яна дасягнутая, кожная групоўка паасобку будзе рэалізоўваць свае інтарэсы.

Адпалены банер з выявай Башара Асада ў Дэр'а. Фота з тэлеграм-канала sham_plus3

«Як правіла, зоны кантролю хутка фармуюцца вакол нафтавых радовішчаў і каналаў лагістыкі, таму ў кожнай узброенай банды хутка будзе свая вышка, сцяг і шэйх. Новай адзінай сілы, па тыпе ІДІЛ, там не з'явяцца, у сваёй масе гэта будуць курдскія, пратурэцкія і вахабіцкія фарміраванні».

Камуніст чакае, што Сірыю чакае крызіс кіравання на працягу некалькіх месяцаў. А Расія, хутчэй за ўсё, паспрабуе захаваць хаця б зону кантролю ў Латакіі, каб мець хаця б мінімальны інструмент для ўплыву на сітуацыю.

«Але нават у выпадку поўнага хаосу нейкая апорная група сярод насельніцтва ў Расіі застанецца — да расейцаў грамадзяне Сірыі ставяцца добра, многія кіраўнікі вучыліся ў савецкіх ВНУ, расейцам удзячныя за аказаную дапамогу. Так што, хутчэй за ўсё, у процівагу новай уладзе (пратурэцкім і вахабіцкім групоўкам) расейцы працягваюць шукаць падыходы да сірыйскага кіраўніцтва на месцах», — лічыць Лазуткін і дадае, што «з падзеннем Сірыі свет стаў адназначна бліжэйшым да лакальнага канфлікту вакол Ірана».

Характэрна, што Лазуткін, як і Гігін, і амаль усе, каму ў лукашэнкаўскіх СМІ дазволена гаварыць, не робяць розніцы між інтарэсамі Беларусі і Расіі. Для іх інтарэсы Масквы, у тым ліку і ў далёкай Сірыі — гэта і іх інтарэсы.

Незалежныя аналітыкі і журналісты незалежных СМІ, наадварот, мяркуюць, што беларускі інтарэс з расійскім разыходзіцца.

Фрыдман: «Будучыня Сірыі выглядае змрочна»

Такі погляд выказаў аналітык Аляксандр Фрыдман. На яго погляд, краіна мае ўсе шанцы «загразнуць на гады ў крывавым балоце грамадзянскай вайны і ператварыцца ў «новую Лівію».

Аналітык прагназуе, што «за радасцю ў Хомсе, Дамаску і Алепа вельмі хутка рушыць услед працверажэнне, а ў Еўропу накіруюцца натоўпы бежанцаў, якіх у гэты раз у ЕС, імаверна, не пусцяць».

Ён заўважае, што крах Асада наносіць сур'ёзны ўрон маскоўска-тэгеранскай «восі зла».

Паводле слоў Фрыдмана, амбіцыйны фундаменталісцкі Іран паказаў сябе слабой рэгіянальнай дзяржавай, а разгром іранскага пасольства ў Дамаску можа стаць прадвеснікам эпахальных перамен у самой Ісламскай Рэспубліцы, рэжым якой трымаецца на штыках Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і іншых карных падраздзяленняў.

Фото: AP Photo / Omar Albam

Масква ж пацярпела, мабыць, самае гучнае замежнапалітычнае паражэнне за межамі постсавецкай прасторы з часоў войнаў у Югаславіі і яшчэ раз наглядна паказала, што з'яўляецца тыграм, але папяровым тыграм, піша Фрыдман.

Аналітык лічыць крах Асада знакавым для іншых дыктатараў.

«Лёс Асада (незалежна ад таго, загінуў ён у авіякатастрофе ці стане «новым Януковічам») яшчэ раз пацвярджае, што ход маятніка гісторыі можна запаволіць (як гэта робіць Пуцін усе апошнія гады), але яго нельга спыніць. Пуцін і Лукашэнка ніколі не зразумеюць гэтую простую аксіёму. Яны могуць і далей запасацца «арэшнікамі», але «арэшнікі» не выганяць з іх рэзідэнцый прывіду… прывіду зрынутага дыктатара Башара Асада», — дадае Фрыдман.

Гурневіч: «Што Пуцін выйграў у Сірыі?»

Гэтым пытаннем задаўся Дзмітрый Гурневіч. У сваім тэлеграм-канале журналіст заўважае, што падзенне рэжыму Асада ў Сірыі нагадала збітую формулу «Пуцін усіх перайграў», якую «вельмі часта паўтаралі, калі казалі пра Сірыю. Маўляў, ох, ох, якія геніяльны стратэг і тактык Пуцін. Злы, але геній».

Журналіст прыводзіць вялікі тэкст, напісаны ім яшчэ ў 2018 годзе пра міф пра «перамогі» Пуціна. У ім ён крытыкуе прапаганду, якая стварае вобраз расійскага прэзідэнта як моцнага лідара і хавае сапраўдны стан рэчаў. «Задаволены ад фразы «Пуцін усіх перайграў» можа быць толькі сам Пуцін», — лічыць Гурневіч.

Каментары17

  • Пан Усялян
    09.12.2024
    «Расія прайгравала Крымскую вайну. Японскую. Сталін прайграваў Югаславію, Грэцыю, Іран. Але мы заўсёды ў выніку перамагалі глабальна. Не падайце духам». - ён зрабіўся МЫ... Хто мы...? Ты ад імя каго вяшчаеш..
  • Acab
    09.12.2024
    Акабчык Маленькі быў закахаўся, чаго зь ім гадоў пяцьдзясят не было, так ня моцна адведваў сацыялістычную прэсу.
    Але нават атлумлены пачуцьцем зара здагадаецца:
    Камуняны разгледзелі дыхатамію паміж спадаром Асадам і ісьлямскімі фундамэнталістамі і ўяўляюць яе, як супрацьстаяньне зла з дабром? А з гэтае нагоды зара сьвяткуюць перамогу дэмакратыі ў перадчуваньні павелічэньня надояў з бульбы кубічнай ў пераліку на адсотак працаўладкаваных адначасова зь немінуча надыходзячым ападзеньнем блых і мандавошакнак з працаадзінкавых тушак ў камунянскім калгасе за тры парсэкі ад Былога Асадлянду?
    Ісьлямісты вышчымілі спадара Асада эрго і шкоднікі з камунянскіх палёў збягуць!
  • Беня
    09.12.2024
    Одни уомплименты. Может, своими конюшнями займетесь?

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»17

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Куды могуць дэпартаваць 323 беларусаў з ЗША пасля ўказа Трампа? І хто гэтыя людзі?1

Гэтую садавіну людзі масава спажываюць зімой. А яна літаральна нашпігаваная хіміяй9

Створаны асфальт, які сам сябе рамантуе і аднаўляе6

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу2

У Вільні і Варшаве запускаецца адукацыйная праграма «Журфак па суботах», якая будзе рыхтаваць кадры для незалежных медыяў12

У Акадэміі навук прапануюць забараніць металашукальнікі9

Трамп уводзіць санкцыі супраць Міжнароднага крымінальнага суда21

Найноўшая мадэль электрамабіля Zeekr паказала сусветны рэкорд па хуткасці зарадкі1

Папулярны ДНК-сэрвіс абнавіў даныя. У беларусаў рэзка вырасла доля балтыйскіх генаў67

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»17

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць