Літаратура2424

«Мы, хто змагаецца з Богам». Выйшла новая кніга псіхолага Пітэрсана, які выклікае такія спрэчкі

Джордан Пітэрсан зноў у цэнтры ўвагі. На гэты раз ён разважае пра Бога, рэлігію і палітычныя архетыпы.

Джордан Пітэрсан на саміце па дэмаграфіі ў Будапешце, 2023 год. Фота: Elekes Andor / Wikimedia Commons

Джордан Пітэрсан выдаў новую кнігу. У гэтым месцы праявай добрага тону будзе дэманстратыўна скрывіцца або саркастычна ўсміхнуцца. Прынамсі ў некаторых асяроддзях так будзе правільна.

Пітэрсан — гэта канадскі інтэлектуал, якога не пераварваюць левыя. Леваліберальныя СМІ мянуюць яго «кумірам правіцы», прадстаўніком «рэакцыянерскай палітыкі», распаўсюднікам «культу таксічнай маскуліннасці», «інсэл-героем» і «разумным для дурняў». 

Амерыканскі левы партал Jacobin.com ахарактарызаваў яго надзвычай каларытна: «Погляды Джордана Пітэрсана перапоўнены псеўданавукай, дрэннай папсовай псіхалогіяй і глыбокім ірацыяналізмам. Іншымі словамі, ён — суцэльнае гаўно [full of shit]».

Дык вось, у лістападзе мінулага года гэты «рэакцыянер» выдаў кнігу пад назвай We Who Wrestle with God. Perceptions of the Divine («Мы, хто змагаецца з Богам. Уяўленні пра боскае»). Кніга выйшла ў амерыканскім выдавецтве Portfolio. 

Перад тым, як перайсці да агляду гэтай кнігі — коратка пра самога аўтара.

Хто такі Джордан Пітэрсан?

62-гадовы Джордан Пітэрсан — прафесар псіхалогіі з Канады, які апублікаваў больш за 180 навуковых прац. Сярод іншага, ён даследаваў мадэлі асобы «Вялікая пяцёрка»

Згодна з Індэксам Хірша (h-індэкс), ён з’яўляецца адным з найбольш цытаваных псіхолагаў. На платформе Google Scholar яго h-індэкс складае 63 (для параўнання, сярэдні паказчык у лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі — 62,58). 

Сваю медыйна-публічную дзейнасць Пітэрсан пачаў з запісу ўніверсітэцкіх лекцый, якія публікаваў у інтэрнэце. З цягам часу яго канал прыцягнуў мільёны гледачоў, а фінансавая падтрымка ад прыхільнікаў вырасла да тысячаў долараў у месяц. На дадзены момант у яго 8,5 мільёна падпісчыкаў.

Пітэрсан таксама ўдзельнічаў у папулярных падкастах, такіх як шоу Джо Рогана і Лекса Фрыдмана. Гэта зрабіла яго адным з самых пазнавальных псіхолагаў у інтэрнэце, выклікаючы як захапленне, так і раздражненне.

Шырокую вядомасць Пітэрсан атрымаў дзякуючы сваёй кнізе 12 Rules for Life: An Antidote to Chaos. Простыя правілы, такія як прамая пастава або клопат пра сябе, у яго інтэрпрэтацыі набылі філасофскую глыбіню і практычнае значэнне.

Прамоцыя кнігі суправаджалася інтэрв’ю і публічнымі выступамі, якія ўзмацнілі яго рэпутацыю харызматычнага прамоўцы, але таксама спарадзілі спрэчкі вакол яго поглядаў.

«Закон аб займенніках»

У 2017 годзе ў Канадзе ўступіў у сілу Bill C-16 — закон, які ўнёс змены ў Закон аб правах чалавека і Крымінальны кодэкс. Закон забараніў дыскрымінацыю на аснове гендарнай ідэнтычнасці або выражэння гэтай ідэнтычнасці.

Хоць у законе не згадваюцца займеннікі, ён прадугледжваў, што людзі павінны выкарыстоўваць займеннікі, якія адпавядаюць жаданню індывіда, незалежна ад біялагічнага пола.

Пітэрсан выступіў адным з найбольш вядомых крытыкаў гэтага закона, заяўляючы, што такога тыпу законы могуць прывесці да оруэлаўскага прымусу прызнаваць арбітральна навязаныя зверху значэнні словаў.

Гэтая пазіцыя выклікала шырокі рэзананс: адны ўспрынялі яго як абаронцу свабоды слова і здаровага сэнсу, а іншыя — як трансфоба і правага радыкала.

«Не веру ў Бога, але баюся, што ён можа існаваць»

Калі Пітэрсана спыталі, ці верыць ён у Бога, ён адказаў: «Я думаю, што правільны адказ — не, але баюся, што ён можа існаваць». 

Так ці інакш, Пітэрсан — нястомны даследнік рэлігіі. Хоць біблеістыка не ўваходзіць у яго першапачатковую сферу даследаванняў, яго інтэрпрэтацыя юдэахрысціянскай Бібліі выклікае шырокую цікавасць. Ужо ў 2018 годзе некаторыя называлі яго «самым уплывовым тлумачальнікам Бібліі ў сучасным свеце».

Менавіта гэтаму — біблейскай інтэрпрэтацыі — і прысвечана кніга «Мы, хто змагаецца з Богам». Цяпер самы час перайсці да яе агляду.

Біблія як тунэль

Кніга складаецца з дзевяці раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны ключавым біблійным гісторыям і тэмам. Пачынаецца з раздзела «На пачатку», дзе аўтар разважае пра стварэнне як найважнейшы наратыў пра Божую творчасць і чалавечае прызначэнне.

У наступных раздзелах разглядаюцца гісторыі Адама і Евы, Каіна і Авеля, Ноя, вежы Вавілонскай, Абрагама і Майсея. Праз гэтыя гісторыі Пітэрсан выяўляе сімвалічныя сэнсы, якія ўплываюць на разуменне Бога, чалавека і касмічнага парадку.

Завяршаецца кніга разважаннямі пра гісторыю прарока Ёны, якая сімвалізуе пакаянне і трансфармацыю пад уплывам боскай волі.

Пітэрсан разглядае Біблію перадусім як сховішча архетыпаў — універсальных, паўтаральных сімвалаў і тэм, што ўзнікаюць з калектыўнага несвядомага і з’яўляюцца асновай чалавечага досведу.

Адсюль аўтар шырока выкарыстоўвае аналітычную псіхалогію Карла Густава Юнга. Спасылаецца ён і на ідэі іншых мысляроў, такіх як Мірча Эліядэ, К.С. Льюіс, Джон Генры Ньюмэн, а таксама багаслоўскіх аўтарытэтаў, як Аўгусцін і Фама Аквінскі. Пітэрсан не грэбуе таксама працамі мысляроў, што займалі крытычную пазіцыю ў адносінах да рэлігіі, напрыклад Даніэля С. Дэнета.

Аднак канцэпцыямі Юнга аўтар натхняецца ці не найболей, а вынік іх прымянення дужа цікавы. На думку Пітэрсана, архетыпы, якія Юнг выяўляў у міфах, снах і рэлігійных традыцыях, прысутнічаюць у біблейскіх апавяданнях. 

Давайце паглядзім, што атрымліваецца пры такім падыходзе.

Адам і Ева. Гісторыя грэхападзення трактуецца як правобраз чалавечай самасвядомасці і напружання паміж невінаватасцю і маральнай адказнасцю. Выгнанне з Эдэма аўтар тлумачыць як пачатак індывідуацыі. Атрымаўшы веды пра дабро і зло, чалавецтва сутыкаецца са сваім ценем — сукупнасцю непрывабных рысаў асобы або супольнасці, якія выцясняюцца ў несвядомае.

Каін і Авель. Гэтая гісторыя адлюстроўвае архетыпы крыўдлівай ахвяры (Каіна) і ідэальнага ахвяравальніка (Авеля). Пітэрсан акцэнтуе ўвагу на псіхалагічнай дынаміцы зайздрасці, крыўды і разбуральных наступстваў няздольнасці пераадолець свае слабасці і ўзняцца да вышэйшых каштоўнасцяў.

Хрыстос як архетыпічны герой. Ісус разглядаецца як найвышэйшы архетып героя, які гатовы сутыкнуцца з пакутамі, узяць на сябе грахі свету і пераадолець смерць. Гэты вобраз адпавядае юнгіянскай канцэпцыі героя як фігуры, што не баіцца выйсці насустрач свайму ценю і дасягае трансфармацыйнага перараджэння.

Каін і культ крыўды

Пітэрсан не быў бы сабой, калі б не ўставіў некалькі шпілек у леваліберальныя наратывы. Яшчэ пры згадванні ягонага акрэслення Каіна як «крыўдлівай ахвяры» можна было адчуць намёк на крытыку выкарыстання вобразу «прыгнечанага» для апраўдання абмежаванняў у адносінах да «прыгнятальніка».

У раздзеле пра Каіна і Авеля ёсць падраздзел пад назвай «Сакральны прататып палітычнага», дзе аўтар аналізуе сучасныя ідэалагічныя дэбаты праз прызму біблейскага аповеду.

Коратка нагадаем змест аповеду. Каін быў земляробам, а Авель — пастухом. Абодва прынеслі ахвяры Богу: Каін — плён зямлі, а Авель — найлепшых ягнятаў са свайго статку. Бог прыняў ахвяру Авеля, але не прыняў ахвяру Каіна. Раззлаваны Каін забіў свайго брата.

На думку Пітэрсана, гэты аповед адлюстроўвае схільнасць чалавека ўспрымаць розніцы — у багацці, уладзе ці статусе — як праяву недаравальнай несправядлівасці або прыгнёту. Каін увасабляе тып «прыгнечанага», чыя крыўда апраўдвае насілле, у тым ліку братазабойства.

Аўтар праводзіць паралелі паміж дэструктыўнай крыўдай Каіна і сучаснымі левымі ідэалогіямі. Ён сцвярджае, што ідэалогіі, празмерна засяроджаныя на няроўнасцях, могуць ператварыцца ў культ крыўды. Гэта стварае непераадольныя бар’еры паміж групамі і падрывае адзінства чалавечага роду.

Падагульняючы, скажам так. Кніга We Who Wrestle with God — не экзэгеза для адданых вернікаў і не даніна секулярысцкім чаканням. Гэта дзёрзкі інтэлектуальны выклік для адных і другіх.

Jordan Peterson. We Who Wrestle with God. Perceptions of the Divine. — Portfolio, 2024

Каментары24

  • Жвір
    06.01.2025
    І што ? Што рабіць тым, каму пофік з гэтага прыкладу бессэнсоўнасьці ? Якая выснова ? Выснова: чым бы дзіця ня цешылася, абы ня плакала.
  • Фем-маскулінны актыўны права-левы пасіў
    06.01.2025
    Калі Пітэрсана спыталі, ці верыць ён у Бога, ён адказаў: «Я думаю, што правільны адказ — не, але баюся, што ён можа існаваць». --- во тут у адным сказе ўсё, што трэба ведаць пра гэтага персанажа. Трэба ўспрымаць яго як чарговага артыста размоўнага жанру, як Няўзорава, Портнікава, Чалага і іншых.
  • злушка-папялушка
    06.01.2025
    Ён сцвярджае, што ідэалогіі, празмерна засяроджаныя на няроўнасцях, могуць ператварыцца ў культ крыўды. Гэта стварае непераадольныя бар’еры паміж групамі і падрывае адзінства чалавечага роду.
    ...
    ён што - хоча сказаць, што той, што во дВОРце і я - адзіны?

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»26

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

У 2024 годзе ў Польшчы затрымалі больш за 900 беларусаў, якія нелегальна працавалі ў краіне3

Куды могуць дэпартаваць 323 беларусаў з ЗША пасля ўказа Трампа? І хто гэтыя людзі?1

Гэтую садавіну людзі масава спажываюць зімой. А яна літаральна нашпігаваная хіміяй9

Створаны асфальт, які сам сябе рамантуе і аднаўляе6

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу2

У Вільні і Варшаве запускаецца адукацыйная праграма «Журфак па суботах», якая будзе рыхтаваць кадры для незалежных медыяў12

У Акадэміі навук прапануюць забараніць металашукальнікі9

Трамп уводзіць санкцыі супраць Міжнароднага крымінальнага суда21

Найноўшая мадэль электрамабіля Zeekr паказала сусветны рэкорд па хуткасці зарадкі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»26

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць