Культура44

Рэнесансны шэдэўр з Гальшанаў набыў новы выгляд. Так ён мог выглядаць чатыры стагоддзі таму

У Музеі старажытнабеларускай культуры па-новаму пераасэнсавалі ўнікальны помнік мастацтва — надмагіллі Сапегаў, каб нагадаць пра яго былое хараство.

Яруснае экспанаванне надмагілляў Сапегаў з гальшанскага касцёла. Фота: фэйсбук Сяргея Грунтова.

Новым выглядам помніка ў сваім фэйсбуку падзяліўся гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў, які таксама прыклаўся да гэтай працы.

Як піша тэлеграм-канал «Спадчына», Грунтоў падабраў аналагі ў Польшчы ды Літве і даваў парады па дэталях, а кіраваў работамі Барыс Лазука, вядомы мастацтвазнавец, які прысвяціў гэтаму помніку адзін са сваіх артыкулаў, праўда, 20 гадоў таму.

Работы, праведзеныя ў рамках рэканструкцыі Музея старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук, ставілі за мэту змяніць успрыманне каштоўнага твора мастацтва, адзінага ў сваім родзе на тэрыторыі краіны.

Так экспанаваліся надмагіллі Сапегаў з музеі да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Раней чатыры скульптурныя надмагіллі (эгіфія) проста гарызантальна ляжалі адна побач з другой на нейкай платформе. У прынцыпе, такі тып надмагільных помнікаў таксама вядомы ў Еўропе, але беларускі помнік выглядаў іначай.

Надмагіллі патрапілі ў музейную калекцыю з францысканскага касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, якімі валодалі магнаты Сапегі. Запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак, дзе быў заснаваны кляштар, падканцлер літоўскі Павел Стэфан Сапега (1565-1635).

Скульптурнае надмагілле Паўла Сапегі ў даспеху. Фота: Wikimedia Commons

Сапега быў аж чатыры разы жанаты: з Рэгінай Дыбоўскай, з Альжбетай Веселен (толькі ад яе меў дзяцей, якія скончылі жыццё або ў манастыры, або памерлі дзяўчынамі), з Кацярынай Гаслаўскай і, нарэшце, з Соф’яй Даніловіч.

Сапега памёр у 1635 годзе. Верагодна, што прыкладна ў гэты час у касцёле быў пабудаваны вялікі і багаты надмагільны помнік у рэнесансным стылі, для яго самога і трох ягоных жонак, якія спачылі раней.

Скульптурныя надмагіллі жонак Паўла Сапегі. Фота: Wikimedia Commons

Першапачаткова скульптуры размяшчалі амаль вертыкальна, фігуры паказаны быццам ляжаць на баку, на вялікай падушцы, падпёршы галаву левай рукой. У руках жанчын кнігі як сведчанне іх пабожнасці, а Павел Сапега па тагачаснай модзе паказаны ў парадным даспеху. Выкананне фігур, як пішуць мастацтвазнаўцы, адзначаецца высокім майстэрствам.

На жаль, на тэрыторыі Беларусі не захавалася іншых скульптурных надмагілляў такога плану, як было ў Гальшанах, якія б маглі даць уяўленне пра першапачатковы выгляд помніка. Але захавалася надмагілле іншага прадстаўніка роду Сапегаў, які таксама быў пахаваны разам з жонкамі.

Надмагілле канцлера Льва Сапегі і дзвюх яго жонак у касцёле Святога Міхала ў Вільні. Фота: Wikimedia Commons

У віленскім касцёле Святога Міхала, дзе сёння працуе музей касцельных каштоўнасцей, знаходзіцца яруснае архітэктурнае надмагілле канцлера і гетмана вялікага літоўскага Льва Сапегі і дзвюх яго жонак. Вышыня помніка складае каля 10 метраў, па цэнтры ляжыць мармуровая фігура самога Льва Сапегі, а каля падножжа — жонак Альжбеты з Радзівілаў і Дароты з Фірлеяў.

Гэтыя два надмагіллі яднае не толькі імя Сапегаў, сумеснае пахаванне мужа з жонкамі, але мастацкае падабенства скульптур і час стварэння — Леў Сапега памёр у 1633 годзе, усяго на два гады раней за Паўла Сапегу.

Выяў надмагільнага помніка ў Гальшанах не захавалася. Але ёсць яго апісанне ў інвентары 1675 года: «Збоку надмагілле (epitaphium) вельмі прыгожае накшталт алтара, у чыёй структуры тры асобы нявест, а сам [фундатар] чацвёрты ляжыць угары. У той жа структуры дзевяць алебастравых асоб, а таксама два анёлкі». Вельмі падобна да апісання помніка ў віленскім касцёле.

Прамалёўка адной з балясаў агароджы надмагільнага помніка Сапегаў з гальшанскага касцёла. Фота: фэйсбук Андрэя Шулаева.

Андрэй Шулаеў таксама апублікаваў выяву балясы з гербам Сапегаў «Ліс», якая была часткай агароджы помніка ў Гальшанах і сёння мусіць захоўвацца недзе ў музеі.

Аўтары рэканструкцыі ў музеі імкнуліся пераняць кампазіцыю надмагілля з віленскага касцёла. Адтуль узяты размяшчэнне скульптур, многія архітэктурныя элементы, рэльефныя выявы арматуры і фігуры анёлаў.

Хоць дакладных дакументальных звестак пра майстроў, якія стварылі віленскі помнік, няма, мяркуецца, што яго аўтарам мог быць архітэктар і скульптар Себасцьян Сала (Sebastiano Sala), які паходзіў з Лугана (цяпер Швейцарыя) і ў першай палове XVII стагоддзя працаваў каралеўскім архітэктарам у Кракаве. Ён спрычыніўся да будаўніцтва і рамонту ў розных гарадах касцёлаў, капліц, надмагілляў і каралеўскіх рэзідэнцый, шмат вандруючы па Польшчы, Літве і нават Венгрыі.

Надмагілле жонак Льва Сапегі былі перанесены ў касцёл Св. Міхала з віленскай катэдры. Фота: Wikimedia Commons

Гальшанскі помнік, на думку аўтараў канала, таксама мог бы выканаць Себасцьян Сала, але тут ёсць некалькі складанасцяў. Па-першае, касцёл Святога Міхала ў Вільні быў фундаваны Львом Сапегам і пабудаваны ўжо пасля смерці яго жонак. Калі рабілі новае надмагілле, то надмагільныя помнікі жонак перанеслі з кафедральнага касцёла і ўпісалі ў новы помнік. Магчыма, што ў катэдры яны былі часткай нейкага іншага надмагілля, трохі больш ранняга.

Надмагілле жонак Льва Сапегі былі перанесены ў касцёл Св. Міхала з віленскай катэдры. Фота: Wikimedia Commons

Па-другое, Павел Стэфан і Леў Сапегі былі сваякамі, але вельмі далёкімі (прынамсі па мячы), што змяншае верагоднасць таго, што абодва надмагіллі былі створаны адным і тым жа майстрам і былі падобнымі як дзве кроплі вады. Але нельга выключаць і таго.

Станам на XIX стагоддзе надмагільныя пліты Сапегаў у Гальшанах ужо існавалі асобна ад яруснай архітэктурнай канструкцыі, проста ляжалі адна каля адной. Верагодна, што надмагільны помнік быў страчаны ў канцы XVIII стагоддзя, бо ў 1770-я гады стары касцёл амаль да падмуркаў быў разабраны, а на яго месцы быў збудаваны новы барочны касцёл, які дайшоў да нашага часу.

Станам на XIX стагоддзе надмагільныя пліты Сапегаў у Гальшанах былі проста пакладзены побач. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя ў музеі, абмежаваная памерамі памяшкання і гіпатэтычнасцю арыгінальнага выгляду, не з’яўляецца дакладнай і не прэтэндуе на гэта, бо мэтай ставілі толькі змяніць успрыманне добра вядомага экспаната. Фактычна гэта проста стылізаваная этажэрка.

Пасля публікацыі фота з музея культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка выказаў пажаданне вярнуць надмагілле ў Гальшаны і экспанаваць яго in situ (па месцы) у францысканскім касцёле. Праўда, як выявілася, мясцовым ксяндзам такая ідэя не імпануе, яны лічаць, што ў касцёл людзі павінны прыходзіць «да Пана Езуса, а не да пана Сапегі».

Таксама архітэктар-рэстаўратар Ігар Раханскі прапанаваў размясціць надмагілле ў капліцы Гальшанскага замка, над праектам аднаўлення якой ужо пачалі працаваць, зрабіць там «музей адной скульптуры».

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах быў пабудаваны ў 1770-я гады на месцы старога. Фота: Wikimedia Commons

На думку тэлеграм-канал «Спадчына», хоць гэтыя ідэі выглядаюць рамантычна, музеі вялікіх гарадоў лепш падыходзяць для захавання і даследавання мастацкіх каштоўнасцяў. Удасканаленне доступу да Музея старажытнабеларускай культуры пасля рэканструкцыі стане важным крокам у папулярызацыі нашай спадчыны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Антрополог
    18.01.2025
    Степан Стурейко прав, сакральные вещи должны находиться по месту назначения, а музеи не должны руководствоваться близостью и доступностью, за которыми, скорее всего, скрывается желание наполнить музей уникальными экспонатами. Это вечное совковое тащить все в столицу.
  • завод козлов
    18.01.2025
    что про это думает Роман Протасевич ?
  • Рох
    19.01.2025
    Антрополог, а вы былі ў музеях па-за саўком? Там усё тое ж самае: найбольш каштоўныя творы мастацтва ў найбуйнейшых зборах. Вунь Руская праваслаўная царква робіць як вам падабаецца - забірае назад у храм абразы Рублёва, для якіх гэта азначае немінучае разбурэнне.

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»17

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Створаны асфальт, які сам сябе рамантуе і аднаўляе6

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу2

У Вільні і Варшаве запускаецца адукацыйная праграма «Журфак па суботах», якая будзе рыхтаваць кадры для незалежных медыяў12

У Акадэміі навук прапануюць забараніць металашукальнікі9

Трамп уводзіць санкцыі супраць Міжнароднага крымінальнага суда21

Найноўшая мадэль электрамабіля Zeekr паказала сусветны рэкорд па хуткасці зарадкі1

Папулярны ДНК-сэрвіс абнавіў даныя. У беларусаў рэзка вырасла доля балтыйскіх генаў67

Псіхолаг: Мужчынам лепш не ставіць фота з шашлыком на сайце знаёмстваў22

Гандлёвая сетка «Тры цаны» значна пашырыцца на Расію1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»17

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць