Першыя французскія знішчальнікі Mirage 2000, якія Парыж абяцаў даць Кіеву ў рамках вайсковай дапамогі, прыбылі ва Украіну, паведаміў міністр абароны Францыі Себасцьян Лекарню.
«Украінскія пілоты, якія прайшлі шматмесячную падрыхтоўку ў Францыі, цяпер будуць дапамагаць абараняць неба над Украінай», —напісаў Лекарню ў сацсетцы Х.
Пры гэтым ён не ўдакладніў, якая колькасць знішчальнікаў была перададзеная Кіеву.
Да гэтага крыніцы выдання La Tribune казалі, што ў першую партыю ўвойдуць тры борты, а ўсяго Францыя, якая мае 26 самалётаў такога тыпу, можа перадаць украінскай арміі шэсць знішчальнікаў.
Упершыню аб рашэнні даць Украіне самалёты Mirage 2000 у пачатку чэрвеня 2024 года заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. У канцы снежня мінулага года Лекарню паабяцаў, што перадача знішчальнікаў завершыцца на працягу першых трох месяцаў 2025 года.
Тады ён адзначыў, што самалёты аснасцяць новай тэхнікай, у прыватнасці сістэмамі агню паветра—зямля і сістэмай радыёэлектроннай барацьбы.
Ва Украіне дапускалі выкарыстанне французскіх самалётаў у якасці носьбітаў для дальнабойных ракет Storm Shadow, якімі ўкраінскае войска наносіць удары ўглыб расейскай тэрыторыі, нагадвае Moscow Times.
Каментары