Беларус атрымаў перавод з-за мяжы на «няўдалую» суму. Аддаў больш камісіі, чым атрымаў на рукі
Максім днямі атрымаў міжнародны перавод за рэкламу на YouTube. Аднак за яго трэба было заплаціць камісію, якой ён зусім не чакаў, піша Onliner.by.
Сума пераводу склала $79,63, камісія — 200 рублёў (сёння — 59 даляраў). Вынікае, што для залічэння засталося 20 даляраў.
— Гэта апошні плацёж з боку YouTube, мая мама вядзе там канал пра архідэі. Банкі для вываду грошай заўсёды былі розныя: адзін перастае прымаць пераводы з-за мяжы — афармляешся ў іншым, — распавёў Максім.
Гэтым разам перавод прыйшоў на рублёвую карту «Прыёрбанка», і камісія непрыемна здзівіла. Добра, што хоць нешта засталося ад пераводу. А яшчэ трэба заплаціць 13% падаходнага падатку як фізічнай асобе.
Адкуль такая высокая камісія?
Справа ў тым, што 27 студзеня ў «Прыёрбанку» змяніліся тарыфы на SWIFT-пераводы. Для пераводаў да $60 камісія засталася 3%.
Для сум ад $60 камісія таксама 3%, але мінімум 200 рублёў (раней было 15 рублёў).
З улікам таго, што сума пераводу толькі крыху перавысіла $60, значная яго частка пайшла на камісію.
Як адзначылі ў «Прыёрбанку», тарыфная палітыка фарміруецца «з улікам бягучай эканамічнай сітуацыі».
Каментары