Былы зорны гулец «Манчэстэр Юнайтэд» і «Рэала» цяпер бавіць большасць часу ў сваім загарадным асабняку ў раёне Котсуолд на паўднёвым захадзе Англіі. Там Бекхэм можа цалкам аддавацца свайму экзатычнаму хобі — пчалярству. Ён усталяваў у сваім садзе вуллі, а зараз і ўвогуле плануе новы пчаліны бізнэс-праект.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_04/-1w7io.jpg.webp)
Як паведамляюць брытанскія медыя, Дэвід Бекхэм плануе вырабляць мёд.
Ён ужо прыдумаў тры патэнцыйныя назвы для будучага брэнда: D Bee, Seven Honeis і Goldenbees. Кампанія можа з’явіцца ўжо ў гэтым годзе, піша Marca.
Крыніца, блізкая да зоркі, кажа, што Бекхэм зацікавіўся пчоламі ў пачатку пандэміі, але цяпер яго хобі перарасло ў апантанасць. Англічанін лічыць пчалярства сапраўдным супрацьяддзем да свайго шумнага жыцця ў Лондане.
Англічанін ужо мае мінімум аднаго зорнага кліента. Гэта Том Брэдзі, знакаміты гулец у амерыканскі футбол з каманды «Тампа-Бэй Баканірс». Нядаўна Бекхэм пакінуў у сваім інстаграме фота з вуллямі, і Брэдзі напісаў пад ім каментар «Прывязі і мне трохі».
Раней Бекхэм ужо дзяліўся з карыстальнікамі Інстаграма звесткамі пра сваё салодкае хобі. Ён публікаваў фота сябе з дзецьмі ў ахоўных касцюмах з подпісам: «Я казаў дзецям быць уважлівымі. Хутчэй за ўсё, татавы жарты так проста не скончацца».
Гэта не першы бізнэс у жыцці Бекхэма. Раней ён ужо займаўся вырабам віскі, а цяпер з’яўляецца адным з уладальнікаў амерыканскага футбольнага клуба «Інтэр Маямі».
Каментары