«Настрой такі сабе». Беларуска з Каліфорніі пра аблавы на мігрантаў у ЗША
Адзін з першых указаў, падпісаных Дональдам Трампам пасля вяртання ў Белы дом, абрынуўся супраць мігрантаў. Людзей, якія не маюць законных падставаў жыць у ЗША, затрымліваюць сотнямі. Беларуская каліфарнійка Марыя Яфімава ў размове з «Белсатам» прызналася: у дыяспары «адчуваецца напружанне».
«Напружанне ў дыяспары адчуваецца. Агульны настрой такі сабе, асабліва ў тых, хто яшчэ ў працэсе легалізацыі ці не мае яе», — адзначыла ў размове з «Белсатам» сяброўка ўправы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы Марыя Яфімава.
Беларуска жыве ў Сан-Дыега зусім блізка ад мяжы ЗША з Мексікаю. Кажа, іміграцыйная паліцыя чыніць сапраўдныя аблавы супраць замежнікаў — найперш мексіканцаў:
«Мексіканцаў проста хапаюць пачкамі: каля крамаў, удома, бо ведаюць, дзе тыя жывуць, ходзяць з аблавамі. Гэты закон найперш супраць мексіканцаў, хаця Трамп не можа так сказаць, бо гэта расізм».
Дональд Трамп у перадвыбарчай праграме абяцаў узяцца за мігрантаў, і адзін з першых законаў, падпісаны ім у першы ж дзень на пасадзе прэзідэнта, прадугледжвае дэпартацыю замежнікаў, якія застаюцца ў ЗША больш за два тыдні і менш за два гады ды не маюць неабходных дакументаў.
Яфімава адзначае: мігрантам, якія ў працэсе легалізацыі, высылка не пагражае, але імпэт, з якім улады накінуліся на замежнікаў, трохі бянтэжыць беларусаў:
«У людзей трывожны настрой: калі хутка суд ці інтэрв'ю на палітычны прытулак (там розныя працэдуры), то ўсё адно людзі хвалююцца. Кейсы палітычнага прытулку разглядаюцца больш пільна: замест двух інтэрв'ю, што былі раней, цяпер ужо, тры асобы казалі, ідуць на пятае. Раней такога звычайна не было. Першае інтэрв'ю, другое — і табе кажуць вынік».
Суразмоўца наракае, што шмат хто не ведае правоў ці не можа дазволіць сабе адваката, і гэта пагражае непрыемнасцямі:
«Быў выпадак з беларусам-кіроўцам, у якога спраўдзілі дакументы і хацелі забіраць. Далі званок, добра, што там жонка сцяміла, сфатаграфавала дакументы, што ён ужо падаўся на палітычны прытулак. То бок асоба не ведае, што трэба паказваць гэтыя дакументы. Калі б не жонка, мужчыну забралі б, і невядома, колькі б ён там прасядзеў у пастарунку, пакуль разбіраліся б».
Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы цяпер намагаецца стварыць штосьці накшталт гарачай лініі, дзе будуць кансультаваць у міграцыйных справах: «Мы гэтым займаемся, думаю, на гэтым тыдні зробім, кансультуемся з праўнікамі».
У лістападзе іміграцыйная і мытная паліцыя ЗША (ICE) склала дэпартацыйны спіс, у які залучаныя 323 грамадзяніны Беларусі. Агулам у пераліку — амаль 1,5 млн грамадзянаў 205 краінаў.
Каментары