Памёр Карым Ага-Хан IV — духоўны лідар ісмаілітаў, мільярдэр. Яго радавод вядзе да прарока Мухамеда
Хто стане яго пераемнікам, пакуль невядома.
У Партугаліі ва ўзросце 88 гадоў памёр прынц Карым Ага-Хан IV — мільярдэр, філантроп і духоўны лідар ісмаілітаў-нізарытаў, чый радавод, паводле легенды, вядзе да прарока Мухамеда, піша Бі-бі-сі.
49-ты імам ісмаілітаў (адной з плыняў шыіцкага кірунку ісламу) памёр у акружэнні сям’і ў Лісабоне, паведаміла заснаваная ім арганізацыя Aga Khan Development Network. Хто стане яго пераемнікам, пакуль невядома.
Прынц Карым аль-Хусэйні (Ага-Хан IV — яго афіцыйны тытул) быў сябрам караля Вялікабрытаніі Карла III і нябожчыцы каралевы Лізаветы II. Вядома, што брытанскі манарх засмучаны навінамі пра смерць прынца і асабіста звязаўся з яго сям’ёй, каб выказаць спачуванні.
Менавіта Лізавета II прысвоіла Карыму аль-Хусэйні тытул «Яго Высокасць» у 1957 годзе. Як адзначае The New York Times, іх аб’ядноўвала любоў да коней.
У 2008 годзе Forbes ацаніў маёмасць Карыма аль-Хусэйні мільярд даляраў ЗША. Часткова гэта было атрымана ў спадчыну, але Ага-Хан IV таксама паспяхова займаўся бізнэсам у самых розных сферах, уключаючы развядзенне коней і развіццё курортнай зоны на італьянскай Сардзініі.
Карым аль-Хусэйні вёў раскошны лад жыцця. У яго быў прыватны востраў на Багамах, супер'яхта і асабісты самалёт.
У той жа час заснаваныя ім некамерцыйныя арганізацыі, што ўваходзяць у Aga Khan Development Network, займаліся дабрачыннай дзейнасцю ў найбяднейшых краінах свету, кіруючы сотнямі бальніц, адукацыйных і культурных праектаў.
Заснаваная Ага-Ханам IV Nation Media Group стала адной з найбуйнейшых незалежных медыяарганізацый ва Усходняй і Цэнтральнай Афрыцы.
У 1972 годзе, калі прэзідэнт Уганды Ідзі Амін загадаў дэпартаваць з краіны індыйцаў, у тым ліку мусульман-ісмаілітаў, Ага-Хан IV скарыстаўся сваімі сувязямі і дамовіўся з прэм’ер-міністрам Канады Эліётам Трудо аб тым, што Паўночная Амерыка прыме выгнаннікаў.
Ісмаіліты-нізарыты — рэлігійны рух шыіцкага ісламу. У цэнтры вучэння — плюралізм і прыняцце расавых, этнічных, культурных і рэлігійных адрозненняў.
У свеце каля 15 мільёнаў паслядоўнікаў ісмаілізму ў 35 краінах, у тым ліку 500 тысяч у Пакістане.
Ісмаіліты лічаць, што радавод іх імамаў паходзіць ад прарока Мухамеда. З 1817 года імамы гэтага руху носяць тытул Ага-Хан.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў Ага-Хана IV «сімвалам міру, талерантнасці і спагады ў нашым неспакойным свеце».
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Малала Юсуфзай так пракаментавала навіну пра смерць Ага-Хана IV: «Яго спадчына будзе жыць дзякуючы неверагоднай працы, якую ён зрабіў для адукацыі, аховы здароўя і развіцця па ўсім свеце».
Каментары