Дэпутаты Кіеўскай гарадской рады на пасяджэнні 23 сакавіка перайменавалі яшчэ 16 тапонімаў, назвы якіх звязаныя з Расіяй і савецкім мінулым.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_03/-26111968-cgbtm.jpg.webp)
У тым ліку вуліца Дабралюбава будзе называцца імем беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
«На працягу дзесяцігоддзяў Крэмль спрабаваў навязаць украінцам сваю перавагу, і гэта выразна было адлюстравана ў назвах гарадскіх аб’ектаў. Расія адкрыта перакрыўляла гістарычныя падзеі і знішчала ўкраінскую культуру. І падчас поўнамаштабнай вайны гэта выразна ўсё ўсвядомілі. Ужо год гарадскія ўлады сумесна з грамадскасцю ў сталіцы праводзяць маштабны працэс дэрусіфікацыі. У нас ёсць свае паэты, філосафы, навукоўцы, грамадскія дзеячы і героі, якія ў розныя перыяды працавалі на карысць і абаранялі наш горад, краіну ў цэлым», — напісаў сакратар Кіеўскай гарадской рады Уладзімір Бандарэнка.
Усяго ў Кіеве перайменавана ўжо 288 аб'ектаў.
Уладзімір Караткевіч вучыўся ў Кіеве і нават нейкі час працаваў у школе. У Кіеве каля беларускага пасольства ёсць помнік пісьменніку.
Варта зазначыць, што ў Мінску няма ні помніка, ні вуліцы імя пісьменніка, а вуліца Караткевіча названа ў гонар падпольшчыка.
Каментары