7 чалавек у беларускай форме і балаклавах атакавалі польскіх памежнікаў — Памежная служба Польшчы
Група невядомых людзей у беларускай вайсковай форме і з замаскаванымі тварамі напалі на польскі памежны патруль. Гэты інцыдэнт адбыўся ў суботу ўвечары, афіцыйна паведамляе памежная служба Польшчы.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/f5pmdd6xaaad6jm-gpyyv.jpeg.webp)
«Каля 21:00 (па польскім часе) непадалёк ад населенага пункта Дубічы-Царкоўныя 7 чалавек у беларускай форме і балаклавах пачалі страляць з рагатак у польскіх памежнікаў і сляпіць іх спецыяльнымі ліхтарыкамі. Невядомыя асобы рабілі гэта з тэрыторыі Беларусі», — распавяла польская памежная служба.
Па інфармацыі ведамства, на месца здарэння адразу была адпраўленая спецмашына. Ніхто з польскіх памежнікаў пры нападзе не пацярпеў.
Нагадаем, што праз пастаянныя спробы незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы і наяўнасць у Беларусі расійскіх наймітаў ПВК «Вагнер» Польшча пачала істотна павялічваць колькасць сваіх узброеных сіл побач з Беларуссю і нават прапрацоўвала план поўнага закрыцця мяжы (але цяпер сітуацыя перастала быць моцна напружанай).
У дадатак да гэтага польскія ўлады выказалі жаданне размясціць у сябе амерыканскую ядзерную зброю ў адказ на размяшчэнне такой жа ў Беларусі з боку Расіі.
Каментары