Меркаванні4444

Вось што варта расказаць літоўцам пра «Пагоню»

Пасля таго, як Офіс Ціханоўскай анансаваў выдачу першых пашпартоў Новай Беларусі, частка літоўскіх кансерватараў абурылася выкарыстаннем у дызайне герба «Пагоня». Яны заявілі, што гэты вершнік на кані — літоўскі «Віціс», а таму беларусы не маюць на яго правоў. Рэакцыя на гэта прэзідэнта Гітанаса Наўседы, а таксама топавых літоўскіх інтэлектуалаў сведчыць, што гэты падыход на гэты момант не мэйнстрымны. Але ўсё адно тое, што такія пытанні час ад часу ўвогуле ставяцца ў Літве, не радуе, піша кандыдат гістарычных навук, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч. Уся гісторыя супраціву беларусаў рэжыму Лукашэнкі, перадусім супраціву духоўнага, прайшла пад «Пагоняй», гэта быў для нас сімвал адначасова як растаптаных надзей, так і веры ў лепшае заўтра. Што яшчэ варта ведаць пра «Пагоню» і яе беларускую гісторыю нашым суседзям-літоўцам?

Юнак з беларускім сцягам перад шэрагам спецназаўцаў. 2020 год. Фота: AP Photo File 

Калі чытаеш пра тое, што выкарыстанне беларусамі герба «Пагоня» супярэчыць інтарэсам Літвы і кідае літоўцам нейкі выклік, адчуваеш здзіўленне і прыкрасць. Аўтары такіх меркаванняў не ведаюць пра тое, што «Пагоня» цяпер для беларусаў — сімвал супраціву «рускаму свету». І што «Пагоня» ніколі не выкарыстоўвалася ў піку літоўцам, а, наадварот, была сімвалам еўрапейскага выбару.

Такія непаразуменні — вынік перадусім таго, што, нягледзячы на стагоддзі суседскага жыцця і сумеснай гісторыі, літоўцы цяпер зусім мала ведаюць пра беларусаў.

Герб «Пагоня» не з’явіўся ў беларускім ужытку цяпер і не ёсць у беларускай прасторы наватворам, які беларусы пры жаданні могуць свабодна замяніць на нейкі альтэрнатыўны праект.

«Пагоня» выкарыстоўваецца беларусамі як сімвал нацыянальнага адраджэння і прагі да свабоды ад самага пачатку нацыянальнага руху. Менавіта пад гэтым сімвалам усё пакутнае XX стагоддзе адбывалася станаўленне несавецкай беларускасці.

У гэтым лёгка пераканацца, паглядзеўшы на захаваныя да нашых дзён гістарычныя фатаграфіі і іншыя артэфакты: «Пагоня» была і на пячатках, і на пашпартах, і на паштовых марках Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была створаная ў 1918 годзе, і на многіх фотакартках з беларускіх мерапрыемстваў стогадовай даўніны.

Пашпарты Беларускай Народнай Рэспублікі
Беларуская канферэнцыя ў Вільні 25 студзеня 1918 года
Пячаткі беларускіх устаноў і арганізацый з рознымі формамі «Пагоні», 1918—1919 гады

А паколькі існаванне беларускага нацыянальнага руху не адпавядала інтарэсам многіх рэпрэсіўных рэжымаў, якія адзін за адным атрымлівалі кантроль над беларускімі тэрыторыямі, то супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў і іх сімвалаў чыніліся рэпрэсіі.

Таму цэлым пакаленням беларускіх патрыётаў, якія натхняліся «Пагоняй», даводзілася ісці з ёй і за яе таксама на пакуты, а часам і на смерць. І панесеныя страты ды пралітая кроў толькі ўмацоўвалі маральны статус гэтага герба, надавалі яму магутны сімвалічны капітал.

Раённы дэпутат ламае «Пагоню» з твора мастака Алеся Пушкіна на плошчы ў Бабры Крупскага раёна 25 сакавіка 2014 года. Сам Пушкін памрэ ў пакутах 11 ліпеня 2023 года ў турме ў Гродне з-за неаказанай яму своечасовай медыцынскай дапамогі

Больш таго — прынясенне гэтых ахвяр працягваецца проста ў бягучы момант. Бо за публічную дэманстрацыю «Пагоні», ды нават проста наяўнасць яе выявы ў кватэры ці проста ў тэлефоне, камп’ютары ў сучаснай Беларусі людзей рэпрэсуюць — як у Савецкай Літве рэпрэсавалі за выкарыстанне сімволікі Літоўскай Рэспублікі.

Менавіта праз напрацаваны папярэднімі дзесяцігоддзямі магутны сімвалічны капітал герб «Пагоня» ў 1991 годзе стаў адзіным прэтэндэнтам на ролю дзяржаўнага герба ў незалежнай Беларусі. Пра гімн спрачаліся, пра сцяг і герб не спрачаліся: не было іншых варыянтаў.

Герб «Пагоня ўсталёўваюць на фасадзе будынка былога ЦК КПБ, у якім у 1992 годзе размясціўся Вярхоўны Савет, а ў 1994 годзе — Адміністрацыя прэзідэнта

Дзяржаўным гербам «Пагоня» была ў 1991—1995 гадах, і менавіта гэты перыяд быў часам вялікай надзеі на тое, што Беларусь стане не заходнім фарпостам адроджанай расійскай імперыі, а дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, якая будзе паважаць правы чалавека ўнутры краіны і жыць у згодзе са сваімі суседзямі.

Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан падчас візіту ў Мінск у студзені 1994 года
Станіслаў Шушкевіч са спікерам парламента Літвы Вітаўтасам Ландсбергісам
Першы кіраўнік незалежнай беларускай дзяржавы, старшыня Вярхоўнага Савета ў 1991—1994 гадах Станіслаў Шушкевіч

Нездарма адным з першых крокаў Аляксандра Лукашэнкі, які прыйшоў да ўлады 30 гадоў таму, была замена нацыянальных герба і сцяга на мадэрнізаваныя савецкія. Гэта сімвалічна сведчыла пра адмову ад еўрапейскай будучыні і пра безумоўную арыентацыю на Расію. І не дзіва таму, што рэпрэсаваная Лукашэнкам сімволіка натуральным чынам стала такой, пад якую станавіліся апазіцыйныя рэжыму сілы: нацыянальныя, дэмакратычныя, праеўрапейскія.

Уся трыццацігадовая гісторыя супраціву беларусаў рэжыму Лукашэнкі, перадусім супраціву духоўнага, прайшла пад «Пагоняй», гэта быў для нас сімвал адначасова як растаптаных надзей, так і веры ў лепшае заўтра.

Маладыя беларусы, далучаючыся да нацыянальнай справы і марачы пра еўрапейскую будучыню сваёй радзімы, гарманічна ўспрымалі гэты сімвал як свой, прымалі яго ўсім сэрцам. І калі яго цяпер вырываць, то не інакш як толькі з гэтых сэрцаў.

А каму як не літоўцам з іх традыцыямі змагання за незалежнасць і шматгадовага маральнага супраціву рэпрэсіўным рэжымам, найлепш ведаць, што вырваць з сэрцаў нацыянальныя каштоўнасці, якія ў іх трывала замацаваліся, практычна немагчыма?

«Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць», — заклікаў сімвалічнага конніка з герба класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч у сваім вершы «Пагоня», напісаным незадоўга да сваёй заўчаснай смерці ў 1917 годзе. Згадваючы пасля, што і яго самога на гэты верш натхнілі менавіта такія пачуцці: «Перад маімі вачыма рыцар вырастае ў вялікія размеры, і меч яго пападае якраз у маё сэрца… я ранены і запаланёны навекі».

Да ягоных слоў могуць далучыцца сотні і тысячы беларускіх патрыётаў, пра што сведчыць таксама вялікая колькасць натхнёных вобразам «Пагоні» таленавітых твораў у самых розных галінах мастацтва: літаратуры, жывапісе, музыцы і г. д. І не пералічыць, колькі патрыятычных арганізацый, устаноў, суполак, перыядычных выданняў насіла і носіць звязаную з ёй назву ці то ў Беларусі, ці то за яе межамі. Гэта ўсё закладала камяні ў падмурак беларускай несавецкай нацыі, і гэта ўсё таксама ўвадначас не перакрэсліш, каб нават і хацеў.

Карціна Язэпа Драздовіча «Пагоня». 1927 год

Песня «Пагоня», якая была вельмі папулярная падчас нацыянальнага адраджэння пачатку 1990-х гадоў і набыла новае дыханне ў 2020 годзе. Выканаўца — Анжаліка Ялінская (Агурбаш) 

Пры гэтым, што вельмі важна, фармаванне герба «Пагоня» ў якасці беларускага нацыянальнага сімвала ніколі не супрацьпастаўлялася аналагічнаму працэсу фармавання ролі герба «Віціс» спачатку ў літоўскім нацыянальным руху, а пасля ў літоўскай незалежнай дзяржаве. Гэта былі працэсы паралельныя, а не супярэчныя адзін аднаму, і шанаванне «Пагоні» беларусамі не кідала раней і не кідае цяпер ніякага выкліку літоўцам. Яны ўзаемна дапаўняюць адзін другога.

Проста гісторыя абодвух народаў цягам стагоддзяў была настолькі пераплеценая, што шмат чаго з яе не толькі цяжка, але і проста немагчыма падзяліць на асобныя элементы ды раскласці выключна па нацыянальных палічках. Паколькі беларусы не могуць прыдумаць сабе іншай гісторыі, то ім нічога не застаецца, як шанаваць у якасці сваёй тую, якая ў іх была — а яна сумесная з літоўцамі.

Акурат тыя беларусы, якія трактуюць Вялікае Княства Літоўскае як не сваю, а чужую дзяржаву, прымаюць расійскую канцэпцыю гвалтоўна падзеленага «адзінага рускага народа», які стагоддзямі цярпеў пад чужым ярмом і прагнуў аб’яднання з Расіяй. Ці ў інтарэсах літоўскай дзяржавы і літоўскага народа, каб іхнія суседзі беларусы імкнуліся ў «рускі свет», а не ў аб’яднаную Еўропу?

Не выпадкова, дарэчы, што менавіта апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце БССР, для сябраў якой «Пагоня» была нацыянальнай святыняй, найбольш прынцыпова і паслядоўна выступала супраць спробаў познесавецкіх уладаў распаліць на тэрыторыі Літвы міжнацыянальны канфлікт, скарыстаўшы ў якасці свайго інструменту падкантрольныя Маскве ўлады рэспублікі, якія мелі выставіць суседзям тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Ды і ўвогуле імкненне Літвы і іншых краін Балтыі да аднаўлення незалежнасці мела падтрымку, нярэдка і не толькі маральную, менавіта з боку беларускіх нацыянальных сілаў, сімвалам якіх была і ёсць «Пагоня».

Лідар Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазняк выступае на мітынгу. Пачатак 1990-х

Сёння герб «Пагоня» разам з бел-чырвоным сцягам — гэта сімвалы той часткі беларускага народа, якая марыць пра будучыню сваёй бацькаўшчыны не ў разбуральным «рускім свеце», а ў аб’яднанай Еўропе.

Прытым гэты сімвал — натуральны і жывы, успрыманы людзьмі нават не розумам, а сэрцам.

Герб «Пагоня» на сцяне кватэры

І ён для беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў — безальтэрнатыўны, іншага няма. Альтэрнатыва «Пагоні» — толькі зацверджаны некалі ў Маскве герб савецкага часу, які ў крыху мадэрнізаваным выглядзе з’яўляецца гербам лукашэнкаўскай Беларусі, і менавіта пад ім здзяйсняюцца ўсе злачынствы рэжыму Лукашэнкі.

Прапанова ж беларусам адрачыся сімвала, асвечанага пакутамі ды крывёй, у цяперашніх умовах фактычна роўная прапанове адмовіцца ад нацыянальнай ідэнтычнасці і мараў пра лепшую будучыню. Ад чаго, калі б такое здарылася, прайграла б не толькі Беларусь, але і яе суседзі. І Літва, у сілу свайго геаграфічнага становішча, прайграла б першай і найбольш.

Каментары44

  • з такімі гісторыкамі далёка нам яшчэ да адстойвання сваёй гісторыі
    21.01.2025
    слабы артыкул. халуйства перад летувісамі. чаму толькі хх стагодзе? дзе даўняя гісторыя? дзе вытокі?
  • Яніна
    21.01.2025
    Каму там тлумачыць? Гэтая іх "палітыка" ідзе зверху, цалкам свядома. Не здзіўлюся, калі з падачы масквы, якая для іх з'яўляецца па сутнасці дабрадзецелем і вызвалітелем ад ненавісных "гудаў". Ну і бонус у выглядзе віленскага краю вядома за што.
  • Тутуйшы
    21.01.2025
    Вы лепей бы пра беларускамоўных Тутуйшых вакол Вільні раскалі, а то робіце выгляд, што іх няма

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»17

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу2

У Вільні і Варшаве запускаецца адукацыйная праграма «Журфак па суботах», якая будзе рыхтаваць кадры для незалежных медыяў12

У Акадэміі навук прапануюць забараніць металашукальнікі9

Трамп уводзіць санкцыі супраць Міжнароднага крымінальнага суда21

Найноўшая мадэль электрамабіля Zeekr паказала сусветны рэкорд па хуткасці зарадкі1

Папулярны ДНК-сэрвіс абнавіў даныя. У беларусаў рэзка вырасла доля балтыйскіх генаў67

Псіхолаг: Мужчынам лепш не ставіць фота з шашлыком на сайце знаёмстваў22

Гандлёвая сетка «Тры цаны» значна пашырыцца на Расію1

Кітай, імаверна, пабудаваў самую вялікую ў свеце падлодку-беспілотнік1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»17

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць