Алексіевіч: Я не думаю, што ёсць хоць адзін чалавек, які сапраўды разумее, што адбываецца ва Украіне
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч дала інтэрв'ю Donne Chiesa Mondo — жаночаму часопісу пры ватыканскай газеце L'osservatore Romano. У ім Алексіевіч разважае пра вайну Расіі супраць Украіны, «савок» і «заходняга чалавека», мары пра свабодную Беларусь, стаўленне да расійскай культуры і рэлігійныя каштоўнасці.
— Мы перажылі настолькі траўматычныя падзеі, — гаворыць Алексіевіч, — што, я лічу, толькі любоў зможа нас выратаваць. Без любові мы не можам ні вярнуцца назад, ні скіраваць погляд у будучыню. Толькі праз любоў да жыцця, да чалавецтва, мы можам спадзявацца аднавіць тое, што было знішчана, і думаць пра заўтрашні дзень.
— Дык давайце пагаворым пра любоў. Вы ніколі не гаворыце пра яе напрамую ў сваіх кнігах, але яна — галоўны схаваны герой кожнай старонкі, і відавочна, што менавіта яе адсутнасць становіцца асноўнай прычынай вайны. Немагчыма гаварыць пра мір, не гаворачы пра любоў. Ці думалі вы калі-небудзь зрабіць любоў галоўным героем вашых калектыўных расповедаў? Ці, як вы самі казалі, гэта занадта складана?
— Я пачала пісаць кнігу пра любоў калі яшчэ жыла ў Беларусі, але мае рукапісы засталіся там, дома, калі я была вымушаная ўцякаць падчас рэвалюцыі 2020 года. Калі я прыехала ў Германію, першы год быў часам поўнай разгубленасці. Але калі пачалася вайна ва Украіне, я зразумела, што «савок», савецкі чалавек, герой маіх кніг, звязаны са сваім мінулым у СССР, зусім не памёр. Яго гісторыя працягвалася. І я павінна была працягваць яе распавядаць.
— Калі вам уручылі Нобелеўскую прэмію па літаратуры, вы сказалі: «У мяне тры радзімы: мая беларуская зямля, радзіма майго бацькі, дзе я пражыла ўсё сваё жыццё; Украіна, радзіма маёй маці, дзе я нарадзілася; і вялікая руская культура, без якой я не магу сябе ўявіць. Я люблю ўсе тры». Сёння гэта ўсё яшчэ так? Захаваліся тыя ж самыя сувязі, ці нешта змянілася?
— Мае пачуцці не змяніліся. Я разумею боль украінцаў, якія не хочуць чуць рускую мову і адмаўляюцца ад рускай культуры. Таксама, як гэта адбылося з нямецкай культурай пасля Другой сусветнай вайны. Гэта зразумелы механізм, але і небяспечны. І я сустракаю яго не толькі ва Украіне.
Дзяўчына, якая робіць мне прычоску тут, у Берліне, перастала хадзіць у рускія крамы, каб больш не чуць гэтую мову. Але культура не вінаватая, яна толькі інструмент, нешта асобнае ад палітычных рашэнняў. Віна за вайну ляжыць на палітыках, на тых, хто кіруе краінамі.
— У Еўропе мы доўга жылі ў міры. Войны былі недзе далёка, і мы маглі заплюшчваць вочы. Але сёння, з канфліктамі ў Газе, Ліване, Украіне, Сірыі, вайна зноў дакранаецца да нас. Пасля Другой сусветнай вайны ці чакалі вы новага перыяду вайны?
— Пасля распаду Савецкага Саюза я шмат падарожнічала і размаўляла з вялікай колькасцю людзей. І выявіла, што пакуль у буйных гарадах — Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, Кіеве — была ілюзія дэмакратычных перамен, у вёсках і маленькіх гарадах рэальнасць была зусім іншай. Людзі былі прывязаныя да мінулага і гаварылі пра Сталіна як пра выратавальніка, з фразамі накшталт: «Ах, калі б вярнуўся Сталін, ён бы навёў парадак».
Гэта дало мне зразумець, што трансфармацыя закранула толькі верхнія пласты, у глыбіні ж нічога не змянілася. Людзі ўсё яшчэ трымаліся за мінулае, не жадаючы яго адпускаць. Мае сябры ў Маскве не хацелі верыць у гэта, але было відавочна, што запачаткаваны Гарбачовым працэс перамен быў толькі паказным, нейкім спектаклем для эліты.
— А што наконт народа? Тых, хто не быў часткай эліты?
— Яны працягвалі марыць пра сацыялізм «з чалавечым тварам», а не, як многія думалі, пра капіталізм. Мой бацька, які перажыў канец камунізму як асабістую трагедыю і хацеў быць пахаваным разам з партыйным білетам, казаў мне: «Ідэя была добрая, гэта Сталін яе сапсаваў». Ён не быў сапраўдным саўком, ён быў дзіцём свайго часу. І многія былі такімі, як ён.
Драма тых сямідзесяці гадоў жыцця пад савецкім рэжымам не была зразумелая. Як унутры, так і за межамі Расіі. Ніхто не зразумеў, што значыла жыць з савецкім мысленнем.
— Сёння, у новую эпоху канфліктаў, каму б вы даручылі расказаць пра гэтую вайну і войны, што адбываюцца цяпер?
— Я толькі што скончыла пісаць кнігу, якая расказвае пра рэвалюцыю ў Беларусі 2020 года, пра вайну ва Украіне і расчараванне не толькі ў Пуціне, але і ў самім расійскім народзе. Аднаго голасу недастаткова, каб расказаць такую складаную гісторыю. Магчыма, ён можа перадаць боль, але цяпер трэба зрабіць нешта большае — надаць сэнс усяму, што адбылося.
Я не думаю, што ёсць хоць адзін чалавек, які сапраўды разумее, што адбываецца ва Украіне. Людзі разгубленыя, спантанныя. Такімі ж з’яўляюцца інтэлектуалы, такімі ж з’яўляюцца і простыя людзі. Украінцы гавораць пра свой боль. Але сапраўднае пытанне — зразумець, чаму ўсё гэта адбываецца.
Я таксама думала, што «савок» скончыўся, але менавіта ён пайшоў ваяваць ва Украіну.
— У кнізе «Апошнія сведкі» вы збіраеце паказанні тых, хто ў дзяцінстве перажыў нямецкую акупацыю Беларусі. Дзеці, якія расказваюць пра жах, які яны бачылі, калі вайна здавалася адзіным магчымым гарызонтам. Сёння дзеці Газы, ізраільскія дзеці, маладыя ўкраінцы і расіяне, якіх пасылаюць на фронт, — усё яшчэ ахвяры вайны. Праз восемдзесят гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мы можам прапанаваць толькі гвалт?
— Мы думалі, што ў ХХІ стагоддзі будзем вырашаць канфлікты без гвалту, але так не адбылося. У некаторых расійскіх артыкулах я чытала, што гэта «вайна старых». І сапраўды, пакаленне, якое знаходзіцца пры ўладзе, старое і цягне нас у канфлікт, які належыць мінуламу.
Паглядзім на войны сёння: яны вядуцца з мысленнем мінулага стагоддзя — акупацыя, гвалт, уяўленне прагрэсу толькі праз сілу.
-— Вы таксама маеце на ўвазе вайну ва Украіне?
— Безумоўна, і яе таксама. Калі яна пачалася, мы пабачылі нешта, што яшчэ зусім нядаўна здавалася немагчымым: танкі, што рушылі да мяжы, як быццам мы вярнуліся ў мінулае. Часам мне здавалася, што я знаходжуся ў самым разгары Сярэднявечча.
Зусім нядаўна ўсе былі ўпэўненыя, што мы ўваходзім у новую эру перамен. Цяжка было ўявіць, што ў ХХІ стагоддзі рознагалоссі будуць вырашацца гвалтам. А сёння мы разумеем, наколькі мала змяніўся свет.
— Войны, пра якія вы кажаце, заўсёды падпітваюцца ідэалогіямі — уяўленнем пра справядлівасць або несправядлівасць, якое людзі ствараюць, каб апраўдаць барацьбу. Заходняя культура спрабавала пераканаць нас, што ідэалогіі скончыліся, але войны працягваюцца. Чаму?
— Філосафы і палітыкі не справіліся са сваёй задачай. Да гэтага часу дамінуе састарэлае ўяўленне пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Я памятаю пасяджэнне Акадэміі навук падчас катастрофы ў Чарнобылі. Адзін пажылы прафесар сказаў: «Так, мы можам эвакуяваць людзей, але хто папярэдзіць жывёл? Хто выратуе птушак, коней, сабак?»
Вось у чым справа — чалавек заўсёды думае толькі пра сябе. Чарнобыль адлюстроўвае тое, як чалавек разумее жыццё. Да гэтага часу ніхто, здаецца, не разважае пра тое, як вырашаць канфлікты, якія нас падзяляюць.
— Вы кажаце, што чалавецтва ў цэлым адкацілася назад? Вярнулася ў мінулае ў дачыненні да каштоўнасцяў суіснавання і любові?
— За апошнія трыццаць гадоў адбыўся глыбокі адкат у тым, як чалавек адчувае пачуцці і духоўнасць. Ён усё спрасціў, адкінуў гуманітарную адукацыю, аддаўшы перавагу навуцы і тэхніцы. Але без першай мы забываем тыя якасці, якія вызначаюць сутнасць чалавека, тыя, якія Бог нам даў.
— Мы казалі пра «савок» і яго дэградацыю. А як наконт заходняга чалавека?
— Я пытаю сябе, як змянілася заходняя душа. Магчыма, гэта вы, заходнікі, павінны расказаць, як вы змяніліся. Я ведаю, што дэмакратыя, якую мы маем сёння, была дадзена нам заходняй культурай. Але я таксама ведаю, што мы становімся сведкамі вяртання небяспечных і трывожных антыдэмакратычных тэндэнцый.
Я спадзяюся, што для Украіны пераможа дэмакратыя. Калі пераможа Пуцін, свет пойдзе да мілітарызаванага будучага, дзе кожная краіна будзе вымушаная выбіраць: нападаць або абараняцца.
— Сярод нешматлікіх галасоў міру ў свеце, які ўсё больш раз’яднаны, ёсць голас папы. Францішак ніколі не шкадаваў моцных слоў, каб заклікаць да заканчэння вайны ці хаця б да перамір’я. Ці верыце вы, што ягоныя словы пачуюць?
— У Маскве я бачыла праваслаўных святароў, якія асвячалі зброю салдатам, нават падводныя лодкі, прызначаныя для забойства. Мне гэта не спадабалася. Царква не можа бласлаўляць гвалт. У Беларусі падчас рэвалюцыі я, наадварот, бачыла, як многія каталіцкія святары адчынялі дзверы касцёлаў, даючы пратэстоўцам прытулак. І яны выратавалі шмат жыццяў. Каталіцкая царква паказала веліч, якой не хапала іншым інстытуцыям.
У мяне дагэтуль застаюцца выразныя ўспаміны пра Чарнобыль, калі храмы напаўняліся людзьмі ў адчаі, якія шукалі адказы. Сёння, я думаю, нам трэба вярнуцца да гэтых рэлігійных каштоўнасцяў, да веры ў будучыню. Без будучыні няма чалавецтва.
— Вяртаючыся да вашых трох радзім. Якой будучыні вы для іх жадаеце?
— Я мару пра свабодную і дэмакратычную Беларусь, якая больш не будзе пад акупацыяй, і пра Украіну, якая пераадолее жах вайны. Украінскі народ занадта моцна пацярпеў, страціў шмат жыццяў і культурнай прасторы.
Я таксама мару пра тое, каб расійская культура зноў адкрыла для сябе каштоўнасць чалавечага жыцця, бо гэта галоўная місія кожнага мастака і святара. Нам трэба вярнуць павагу да ўсіх жывых істот.
Я дагэтуль памятаю слёзы ў вачах коней у Чарнобылі, якіх вымушаныя былі забіваць. У той момант я зразумела, што мы ўсе — частка аднаго свету, аднаго жыцця.
Больш не мае сэнсу адчуваць сябе толькі расіянінам ці толькі беларусам, бо мы ўсе ахвяры яшчэ большай несправядлівасці — той, што чалавек чыніць супраць жыцця.
Хто павінен быць прэзідэнтам Беларусі ў пераходны перыяд? Разважаюць вядомыя беларусы
Спявак Герман Цітоў на Алексіевіч: Ты павінна быць з Лукашэнкам на «вы» і шэптам
Алексіевіч: Як пісьменнік я пачалася з «Былога і думаў» Герцэна, а найбольшы ўплыў на мяне зрабілі Чэхаў і Дастаеўскі
Алексіевіч: Дыктатура робіць нас дурнейшымі, бо мы абмяркоўваем гэта вар'яцтва
Святлана Алексіевіч: Давайце спачатку возьмем уладу, а потым будзем вырашаць моўнае пытанне
Каментары