«Зімовае нашэсце медуз мы спынілі». Расійская «Медуза» выдаліла рэкламу з пацярпелымі ад вайны ўкраінцамі
Рэклама выклікала абурэнне ва ўкраінскіх уладаў, да сітуацыі далучыліся МЗС і пасольства Украіны ў Германіі.
Расійскае выданне «Медуза» і берлінскае агенцтва Lure выдаляць усе матэрыялы, звязаныя са скандальнай рэкламай. Напярэдадні ў еўрапейскіх гарадах паказалі рэкламу партала «Медуза», у якой выкарыстоўвалі выявы пацярпелых ад вайны ўкраінцаў.
Рэклама выклікала абурэнне ўкраінскіх уладаў і актывістаў. МЗС Украіны назваў гэта «маркетынгавым цынізмам», а ўкраінскія грамадскія дзеячы палічылі, што «Медуза» такім чынам спрабавала выставіць расіян ахвярамі вайны.
Сёння пасол Украіны ў Германіі Аляксей Макаеў паведаміў, што рэкламнае агенцтва пагадзілася выдаліць усе матэрыялы, звязаныя з рэкламай «Медузы».
«Ну што ж, зімовае нашэсце медуз на Еўропу і Канаду мы, здаецца, спынілі. Толькі што атрымаў адказ ад крэатыўнага дырэктара і заснавальніка Lure на мой учарашні ліст. Галоўнае ў лісце — гэта словы, што Lure выдаліў усе матэрыялы, звязаныя з кампаніяй, з сеткі і даў указанні партнёрам неадкладна спыніць іх дэманстрацыю на любых платформах», — напісаў пасол у фэйсбуку.
Ён таксама паведаміў, што агенцтва выбачылася перад Яраславам Базілевічам. Фота мужчыны, які страціў жонку і трох дачок у выніку расійскага ўдару па Львове, было выкарыстана ў рэкламе.
«Медуза» таксама заявіла пра спыненне рэкламнай кампаніі з 2 лютага.
«Кантэнт для відэа быў абраны з асаблівай уважлівасцю і ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Тым не менш, у яго ўвайшлі выявы ўкраінцаў, якія не давалі дазволу на іх выкарыстанне. Гэта была памылка, і мы глыбока шкадуем аб гэтым.
Прыносім выбачэнні ўсім, каго закранула наша рэкламная кампанія. Мы ніколі не хацелі прычыніць шкоду, асабліва тым, хто пацярпеў ад расійскай агрэсіі, і нам шчыра шкада», — гаворыцца ў заяве партала.
«Медуза» таксама дадала, што асуджае злачыннае ўварванне Расіі ва Украіну і «робіць усё магчымае, каб пакласці яму канец».
Каментары
Як я магу"..В галаве " мяне пакуль ні пазбавілі аўтарскіх і ганарары за выкананне"
Дарэчы на " мядузу" ні падпісаны і мабыць два ці тры разы нешта адтуль чытал па спасылцы ад іньшых
Шмат яшчэ ўсплыве..