Гісторыя

«Рэстаран «Стэла». Адпускаецца розная гарэлка»: што падавалі ў першым беларускім рэстаране

Кожная нацыя мае стравы-сімвалы. Нацыянальная кухня з’яўляецца разам з нацыянальнай дзяржавай. Пра тое з нагоды 100-годдзя БНР піша аўтар кніг «Наша страва» і «Літвінская кухня» Алесь Белы.

Праз страўнік, як вядома, ідзе дарога да сэрца, і сэрца «масаў» тут не выключэнне. Мала які еўрапейскі нацыянальны рух у ХІХ—ХХ стагоддзях абышоўся без рамантызацыі нацыянальнай кухні.

У краінах, якія складаюцца з эмігрантаў, як у ЗША, часта можна назіраць, як людзі, страціўшы нацыянальную мову ў другім-трэцім пакаленнях, працягваюць культываваць уяўленую прыналежнасць да супольнасці продкаў, гатуючы традыцыйныя стравы на святы, наведваючы этнічныя рэстараны ды крамы з этнічнымі прадуктамі. Спажыванне сімвалічна-нацыянальнай ежы часам выходзіць на першы план сярод маркёраў нацыянальнай прыналежнасці.

Ёсць у нашай кухні стравы, якія асацыююцца з эпохамі, вялікімі падзеямі. Напрыклад, аўтар «Прамовы Мялешкі» ў пачатку XVII стагоддзя, малюючы ідылічныя часы да Люблінскай уніі, згадваў «гуску з грыбкамі, качку з перчыкам, пячонку з цыбуляй» або часнаком. ХІХ стагоддзе абудзіла любоў да іншых страў-сімвалаў, і вялікую ролю ў гэтым сыграла паражэнне паўстання 1830—1831 гадоў і настальгічная любоў паўстанцаў-эмігрантаў да тыпова «літоўскіх» страў і напояў. Паэма Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», напрыклад, вывела на публічную арэну завіваныя зразы ды халаднік — стравы, якія і сёння ў Беларусі гатуе кожная добрая гаспадыня.

Завіваныя зразы як сімвал справы філаматаў. Расійскія стражнікі, падазраючы, што сваякі зняволеных могуць перадаць у зразах лісты або халодную зброю, абавязкова разгортвалі іх. Шарж Алесі Галота з кнігі «Літвінская кухня».

У сваю чаргу Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у «Пінскай шляхце» піша пра крупнік — славуты алкагольны напой з гарэлкі, мёду і спецый. А «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» змяшчаюць нямала згадак пра традыцыйныя сялянскія стравы, хоць і апісваецца гэта ўсё досыць іранічным тонам.

Зацірка — палякам, а што нам?

Апавяданне Змітрака Бядулі «Пяць лыжак заціркі» (1912) заснаванае на яскравым вобразе канкрэтнай стравы. Праўда, яна выступала там зусім не сімвалам нацыянальнага гонару, а якраз наадварот — нястачы і бяды. Такой і засталася ў нашым уяўленні.

Між тым зацірка, пакуль яна заставалася ў Беларусі папулярнай, не была адназначным маркёрам беднасці. У заможных сем’ях маленечкія клёцачкі заціралі і сушылі ў запас у вялікай колькасці. У сучаснай польскай кухні клёцкі-zacierki дагэтуль застаюцца даволі папулярнымі. Яны выпускаюцца ў тым ліку і як паўфабрыкат.

Рэстаран «Стэла»

На станаўленне нашай нацыянальнай кухні моцна паўплывала Першая сусветная вайна. Яна сагнала са сваіх месцаў мільёны бежанцаў. Нацыянальныя арганізацыі, у прыватнасці, сталі ствараць сталоўкі для ўцекачоў, чым зарабілі не абы-які аўтарытэт. Сталоўка ў гэты час становіцца і сімвалам нацыянальнага змагання: летам 1915 года літоўскія нацыянальныя дзеячы ў Вільні катэгарычна адмовіліся засноўваць супольную дабрачынную сталоўку разам са сваімі польскамоўнымі землякамі. Гэты канфлікт часам лічыцца пачаткам сімвалічнага разрыву паміж прыхільнікамі «краёвай» ідэі (аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў дзяржаўным саюзе з Польшчай) і ўласна літоўцамі.

У Мінску ж у гэты час засноўваецца славутая «Беларуская хатка» — клуб, пры якім адкрываецца ажно тры сталоўкі: адна платная гарадская, адна бясплатная для бежанцаў і адна бясплатная сталоўка для беларускіх яўрэяў (праект апошняй прапанаваў пісьменнік Ядвігін Ш.). Усімі сталоўкамі апекаваўся беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч Усевалад Фальскі. Гэта былі не проста месцы грамадскага харчавання — яны сталі нефармальным клубам, дзе сустракаліся беларускія дзеячы і абмяркоўвалі грамадскія праекты. Сталоўкі «Беларускай хаткі» сталі адным з першых месцаў нацыянальнай салідарызацыі.

Афіша сталоўкі «Беларускай хаткі». З калекцыі Алеся Белага.

Пры гэтым пра меню, стравы, напоі першых беларускіх сталовак вядома вельмі мала. Як не выяўлена і меню першага беларускага рэстарана з не зусім нацыянальнай назвай «Стэла», які дзейнічаў у Мінску ў 1918—1920 гадах — спярша пад немцамі, а пасля — пад палякамі.

Верашчака, адназначна

Атрымалася, што, нягледзячы на досыць аб’ёмную пісьмовую спадчыну нацыянальных дзеячаў і айцоў-заснавальнікаў БНР, не захавалася амаль ніякага матэрыялу для рэканструкцыі таго, якім ім уяўляўся нацыянальны кулінарны канон. Але спробы былі. Унікальнай асобай у гэтай справе стаў Вацлаў Ластоўскі. Ён шмат займаўся міфатворчасцю, мяркуючы пра важнасць нацыянальнай міфалогіі, у тым ліку ў яе побытавым вымярэнні, для функцыянавання масавай свядомасці. У гэтай дзейнасці Ластоўскі найбліжэй са сваіх сучаснікаў падступіў да складання канону нацыянальных страў. Ён быў блізка знаёмы з сітуацыяй у літоўскім нацыянальным руху: ягонай жонкай была Марыя Іваноўская (Іванаўскайце), якая разам з сястрой Сафіяй складала вельмі ўплывовы ў першай чвэрці ХХ стагоддзя літоўскі пісьменніцкі дуэт (сёстры пісалі пад псеўданімам Lazdynų Pelėda — Сава з арэшніка). Літоўцы па ступені арганізаванасці апераджалі беларусаў як мінімум на два пакаленні. Першая кулінарная кніга, друкаваная па-літоўску, з’явілася ўжо ў 1893 годзе, а ў 1911 годзе сёстры Lazdynų Pelėda выпусцілі па-літоўску «Падручнік для гаспадыняў», заснаваны на «Кухарцы літоўскай» Вінцэнты Завадскай, якая, у сваю чаргу, была зрэдагаваўшы «Літоўскую гаспадыню» шляхцянкі з-пад Мінска Ганны Цюндзявіцкай.

Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене, жонка Вацлава Ластоўскага. Фота Wikimedia Commons.

Спроба Ластоўскага асэнсаваць гістарычную кухню ў новым кантэксце бачная праз яго творчасць. Пасля адыходу ад палітычнай дзейнасці ён, апроч іншага, напісаў фантастычную аповесць «Лабірынты» пра нібыта незлічоныя скарбы беларускай старасвеччыны, якія падпольныя крывіцкія жрацы дагэтуль хаваюць у падзямеллях полацкай Сафіі. У гэтым творы аўтар намякае, што славутая старка (моцны алкагольны напой з вялікім тэрмінам вытрымкі) — прадукт старажытнай крывіцкай цывілізацыі, якую ён спрабаваў сканструяваць. Некалькі цікавых спробаў асэнсаваць сімвалічнае значэнне беларускіх страў змяшчае і выдадзены ў 1924 годзе «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1924). У прыватнасці, нататкі пра кнышы і бацвінне (апошняя страва апісаная з вялікай сімпатыяй менавіта да яе дзісенскага варыянту, памятнага Ластоўскаму з дзяцінства) — гэта паводле жанру хутчэй артыкулы для этнаграфічнай энцыклапедыі ў стылі Зыгмунта Глогера, чым для слоўніка. Да таго ж, адзін з псеўданімаў Ластоўскага, Юры Верашчака, выдае ягоную ўстойлівую зацікаўленасць да справы нацыянальнай кулінарыі.

Менавіта верашчака (ці, па-іншаму, мачанка) была стравай, вакол якой назіраўся захоплены кансэнсус міжваенных аўтараў. Менавіта яе паступова і сталі бачыць кулінарным сімвалам тагачаснай беларускасці. Няма ніводнай іншай стравы, на якую ў 1920-я гады спасылаліся б так многа і так станоўча. Яскравае апісанне прыгатавання і спажывання верашчакі стварае Якуб Колас у «Новай зямлі», прыхільна адгукаюцца пра яе Кандрат Крапіва («Людзі-суседзі») і Кyзьмa Чopны («Дapaгycя»).

На жаль, далей культурны канон сцвярджаўся ў савецкім рэчышчы ачарнення ўсяго шляхецкага і магнацкага. Сімвалам новай эпохі стала фабрыка-кухня, а не настальгія па вядомых з дзяцінства вясковых прысмаках. Пераемнасць нашых кулінарных традыцый у вялікай меры была страчаная.

Лагатып кафэ «Бульбяная». З калекцыі Алеся Белага.

У выніку канон беларускай савецкай кухні быў зацверджаны толькі ў 1955—1956-х, пры распрацоўцы Зборніка рэцэптур нацыянальных страў, які вёўся Саветам Міністраў СССР у Маскве. Толькі ў 1958 годзе, праз 40 гадоў пасля абвяшчэння БНР і загадкавай гісторыі рэстарана «Стэла», у Мінску, недалёка ад плошчы Якуба Коласа, адчынілася кафэ беларускай савецкай кухні пад назвай «Бульбяная». Шкада, дарэчы, што тую «Бульбяную» ў 2011 годзе замяніла сеткавая піраговая з нямецкай назвай і вобразнасцю.

Каментары

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?10

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Усе навіны →
Усе навіны

Навуковец з Гомеля выкрыў маштабную фальсіфікацыю вынікаў перапісу ў Беларусі. Але ёсць нюанс24

Беларус паўгода «інвеставаў» грошы махлярам і страціў 120 тысяч рублёў1

Медыкі канчаткова вызначылі, ці шкодна есці бульбу6

«Кроў вайны». Чым важныя атакі Украіны на расійскія НПЗ і ці ёсць ад гэтага эфект1

Нямецкі Бундэстаг адхіліў законапраект аб пастрожанні міграцыйнага заканадаўства8

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі25

Расія ўдарыла ракетамі па Адэсе

Адкрыты новы гармон, які прыглушае апетыт і бароніць ад атлусцення3

«Бульба — тэма для беларусаў, прывозьце». Беларус у Варшаве раздае прадукты эмігрантам, якія маюць у іх патрэбу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?10

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць