Плюнуў на рэжым пасля загаду затрымаць Калеснікаву. Капітан «Алмаза», які перайшоў на бок народа, — хто такі Ігар Чамякін
КДБ заявіў, што скончыў чарговае «расследаванне» чарговай «справы аб тэрарызме» і перадаў матэрыялы ў пракуратуру. Самая займальная постаць у спісе — Ігар Чамякін.
Абвінавачваных 18, сярод іх ёсць былыя супрацоўнікі органаў, напрыклад, інструктар АМАПа Эдуард Пястрак. У спісе абвінавачваных, арыштаваных завочна, ёсць і іншая займальная фігура — Ігар Чамякін.
Чытайце: Супрацоўнік мінскага АМАП знайшоўся ў «амерыканцы»: яго затрымалі па артыкуле «Акт тэрарызму»
Інтэрнэт ведае яго як былога байца ММА. Але насамрэч Чамякін — былы афіцэр спецатрада МУС «Алмаз», на момант звальнення з яго служыў у званні капітана.
Цікава, што Чамякін мае персанальную старонку на сайце «Беларускага народнага трыбунала» як асоба, якая ўдзельнічала ў падаўленні жнівеньскіх пратэстаў.
Яму прыпісваецца ўдзел у жорсткім разгоне пратэстоўцаў на скрыжаванні Пушкіна і Прытыцкага (ст. м. Пушкінская). Тады вялікая група ўзброеных асоб у поўнай амуніцыі выйшла з базы «Алмаза» ў раёне вуліцы Кальварыйскай і пайшла ў бок «Пушкінскай», паралельна страляючы ва ўпор у мірных грамадзян.
Як вядома «Нашай Ніве», Чамякін сапраўды ўдзельнічаў у жнівеньскіх разгонах і затрыманнях у складзе «Алмаза». Але далей яго лёс павярнуўся ў іншы бок.
Прынцыповае рашэнне сысці са службы, па нашай інфармацыі, Чамякін прыняў пасля атрымання загаду затрымаць Калеснікаву ў складзе групы «Алмаза» — яна была выкрадзеная на вуліцы ў Мінску ў верасні 2020-га.
Маўляў, ваяваць сіламі спецыяльнага падраздзялення супраць адной жанчыны — апошняя кропля для афіцэра. Ён адмовіўся ад выканання задання і напісаў рапарт на звальненне. У выніку яго адхілілі ад выканання гэтак званых «задач» і праз некалькі месяцаў звольнілі.
Чым потым займаўся Чамякін, мы не ведаем.
Што канкрэтна ставяць у віну былому алмазаўцу спецслужбы Лукашэнкі, пакуль дакладна невядома, а сам Чамякін з прэсай не размаўляе, таму мы пакуль прытрымаем інфармацыю пра тое, якія менавіта геройскія ўчынкі прыпісваюць яму калегі.
Меркавана, што з пачаткам уварвання Расіі ва Украіну спецназавец праявіў сябе ў абароне Украіны і працягвае кашмарыць расіян у складзе аднаго са спецпадраздзяленняў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары