У Мінску праз яўрэйскія могілкі праклалі траншэю. З зямлі выцягнулі мноства надмагілляў
Будаўнічыя работы на месцы знесенай нядаўна Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна зачапілі і суседні некропаль. Адшуканыя ў зямлі фрагменты даюць надзею на адбудову страчанага помніка архітэктуры.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
У пачатку снежня 2024 года ў межах рэканструкцыі быў цалкам знесены будынак Гістарычнай майстэрні па Сухой вуліцы. Захаваўся толькі падвал, які, як лічыцца, у час акупацыі выконваў ролю «маліны» — схованкі, у якой ратаваліся ад знішчэння яўрэі Мінскага гета.
Сёння на месцы Гістарычнай майстэрні вялікі катлаван, у якім залітыя новыя жалезабетонныя канструкцыі. Цераз дарогу да будоўлі пракладаюць сеткі, для якіх вырылі глыбокую траншэю ўздоўж Яўрэйскага мемарыяльнага парку.
Гэта парк разбіты на месцы вялікіх яўрэйскіх могілак, якія былі знесены за савецкім часам. За часам нямецкай акупацыі могілкі былі ўключаны ў межы гета, сёння на тэрыторыі мемарыяльнага парку знаходзіцца некалькі мемарыялаў, прысвечаных ахвярам Халакосту.
Натуральна, што пры капанні траншэі ўздоўж ніяк не абазначаных могілак, будаўнікі патурбавалі старыя надмагіллі. Каля дзясятку каменных мацэваў былі вынятыя з зямлі.
Гэта не першы выпадак, калі праз былыя яўрэйскія могілкі на Калектарнай вуліцы пракладаюць інжынерныя камунікацыі. Падобны выпадак адбыў у 2019 годзе, калі пры будаўніцтве трэцяй лініі метро раскапалі мноства надмагілляў і чалавечыя парэшткі.
Тады старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч звярнуўся ў пракуратуру, але атрымаў адказ, што закон не парушаны, а праектная дакументацыя «Мінскметрабуда» ўзгодненая.
Прычына такой няўважлівасці праекціроўшчыкаў да яўрэйскіх могілак не толькі ў тым, што сёння яны існуюць толькі пад зямлёй, але і ў адсутнасці хоць якога ахоўнага статусу ў гэтага гістарычнага помніка. У тым жа 2019 годзе Таварыства прапаноўвала Мінгарвыканкаму надаць могілкам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але атрымала адмову.
Як заўважае тэлеграм-канала «Спадчына», у траншэі і адвалах зямлі бачныя таксама фрагменты нейкіх цагляных канструкцый. Некаторыя нават удалося апазнаць — гэта фрагменты пілястраў знішчанай манументальнай могілкавай брамы.
Гэтыя выдатна захаваныя фрагменты ў сукупнасці з гістарычнымі здымкамі, на думку аўтараў канала, дазволілі б дакладна рэканструяваць страчаны помнік мінскай архітэктуры і нават, не выключана, аднавіць яго арыгінальнае колеравае рашэнне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары