Прадстаўнік ЗША: Расія хоча зрабіць тое ж, што з Украінай, і з Беларуссю. Але мы супраць
ЗША публічна выказаліся ў абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і выказалі занепакоенасць стаўленнем Расіі да яе як да сваёй тэрыторыі. Пра гэта заявіў пасол ЗША пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/belarususa-xua4c.jpg.webp)
Карпэнтэр адзначыў, што Расія адмаўляе ў суверэнітэце Украіне і падкрэсліў, што такое ж стаўленне ў Расіі і да Беларусі.
«Хоць мы не часта гаворым пра гэта тут, абсалютна тое ж самае яна спрабуе зрабіць і з Беларуссю. Прэзідэнт Пуцін ясна даў зразумець, што ён разглядае абодва народы проста як рэгіёны, «якія належаць» Расіі», — заявіў прадстаўнік ЗША.
Карпэнтэр нагадаў артыкул Уладзіміра Пуціна, у якім той «адмаўляе, што гэтыя нацыі маюць розныя, адрозныя ад рускай, гісторыі, культуры, мовы і ідэнтычнасці».
«Гэта таксама тлумачыць, чаму Масква займаецца выцясненнем мясцовых беларускіх журналістаў і заменай іх на расійскіх прапагандыстаў. Той факт, што рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з Расіяй, не мяняе таго факту, што Крэмль дзейнічае падобным чынам. У абедзвюх краінах Расія выкарыстоўвае падобныя інструменты — хоць часам і трохі розныя — для зацвярджэння свайго панавання», — мяркуе Карпэнтэр.
У той жа час ЗША не згодныя з такой пазіцыяй Расіі, і не толькі па Украіне. Таксама яны падтрымліваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, «якая мае слаўную гісторыю і ўласную багатую культуру», — заявіў Карпэнтэр.
Каментары