У сталіцы Чэхіі афіцыйна адкрыўся Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі. Ім будзе кіраваць Крысціна Шыянок, адна з лідарак беларускай супольнасці ў гэтай краіне.
![](http://drj2r4f8hdghw.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_03/2024-03-26225934-bzr3m.jpg.webp)
На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, а таксама паслы, дэпутаты чэшскага парламента, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Чэхіі, паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.
«Адкрыццё гэтага офіса пачынае новую старонку ў нашым супрацоўніцтве. Ён пасылае моцны сігнал беларускаму народу, які змагаецца за свабоду: Вы не самотныя ў сваёй барацьбе, мы падтрымліваем вас. Адкрыццё гэтага офіса сведчыць аб тым, што вы адрозніваеце злачынны рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа», — заявіла на адкрыцці Ціханоўская.
У сваю чаргу, Ян Ліпаўскі выказаў надзею, што офіс будзе садзейнічаць падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл, незалежных СМІ і палітвязняў, а таксама будзе служыць мостам паміж грамадзянскай супольнасцю Беларусі, Чэхіі і Еўропы.
Напрыканцы цырымоніі Святлана Ціханоўская ўручыла Яну Ліпаўскаму ўзнагароду — Крыж добрасуседства.
Каментары