СБУ: Узяты ў палон беларус насамрэч працаваў на беларускі КДБ і збіраў інфармацыю як пра Украіну, так і пра расійскія ПВК
Служба бяспекі Украіны лічыць, што Максім Зязюльчык, які ваяваў у расійскай ПВК «Рэдут», быў супрацоўнікам беларускага КДБ.
Як піша СБУ, у шэрагах акупацыйнай групоўкі Зазюльчык ваяваў на Харкаўскім і Краматорскім кірунках.
Сярод яго асноўных задач быў збор разведданых аб узорах замежнага ўзбраення, якія паступаюць падраздзяленням УСУ ад заходніх партнёраў.
Акрамя таго, ён спрабаваў выведаць планы магчымага ўдзелу расійскіх ПВК у спробах адхілення ад улады Лукашэнкі.
Зязюльчыка захапілі ў палон падчас аднаго з баёў у Данецкай вобласці ў верасні мінулага года.
Затрыманы адразу спрабаваў выдаць сябе за шараговага баевіка.
Па матэрыялах Службы бяспекі суд прызначыў яму 10 гадоў зняволення па ч. 4 арт. 447 Крымінальнага кодэкса Украіны (наёмніцтва).
У снежні 2020 года хлопца залічылі ў склад 2-га антытэрарыстычнага аддзела КДБ на пасаду «разведчыка».
«Па легендзе, ён павінен быў дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, а сабраную разведінфармацыю перадаваць у Мінск праз сувязнога», — піша СБУ.
Для гэтага летам мінулага года хлопец прыбыў у трэніровачны лагер расійскай ПВК, дзе прайшоў аператыўна-баявую падрыхтоўку пад кіраўніцтвам кадравых супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў.
Затым яго перакінулі на ўсходні фронт.
Максіму Зязюльчыку 22 гады. Хлопец паспеў адвучыцца ў агратэхнічным каледжы ў Мар'інай Горцы, а пасля адслужыць у войску. Служыў ён у адной з частак сілаў спецыяльных аперацый (магчыма, нават у самой Мар'інай Горцы).
Хлопец паспеў паваяваць няшмат — з 21 ліпеня, калі ён прыбыў у Ізюм Харкаўскай вобласці і атрымаў зброю на пасадзе кулямётчыка, да 19 верасня, калі яго ўзялі ў палон недалёка ад Сватава Луганскай вобласці.
Ён служыў у падраздзяленні «Ветэраны» кулямётчыкам-рэтранслятарам у ПВК «Рэдут».
Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснаполля ў Данецкай вобласці. Падчас баёў за пазіцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дыслакацыі «Рэдута» ў Ізюме Харкаўскай вобласці, пісала «Радыё Свабода».
25 жніўня ў складзе батальёна «Ветэраны» яго перакінулі на пазіцыі каля Сватава ў Луганскай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазней расіяне перакінулі гэтае падраздзяленне ў Ліманскі раён Данецкай вобласці.
Урэшце 19 верасня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў.
Каментары