«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу
Расійскія вайскоўцы і спецслужбы правялі спецыяльную прапагандысцкую аперацыю з нібыта найноўшай ракетай «Арэшнік», каб адказаць Захаду на дазвол Украіне наносіць удары па Расіі дальнабойнай зброяй. Пра гэта The Moscow Times расказалі чацвёра дзейных чыноўнікаў з розных эшалонаў расійскай улады. Усе яны пагадзіліся гаварыць на ўмовах ананімнасці з прычыны адчувальнасці пытання.
Са слоў крыніц, у падрыхтоўцы аперацыі, мэтай якой было запалохаць заходніх палітыкаў і грамадзян, якія паступова страчваюць страх перад ядзернымі пагрозамі з Масквы, бралі ўдзел крамлёўскія піяршчыкі.
«Былі мазгавыя штурмы на тэму, чым адказаць і як асадзіць амерыканцаў і англічан за іх дазвол Зяленскаму выкарыстоўваць дальнабойную зброю. І як шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў, каб было непанадна», — сказаў расійскі чыноўнік.
У выніку была распрацавана класічная ваенная прапагандысцкая кампанія з мэтай выклікаць перабольшаныя ўяўленні пра здольнасці расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
«У гэтым шоу, якое было зрэжысіраванае і выстаўленае публіцы, было некалькі этапаў. Галоўныя з іх — само нанясенне ўдару «Арэшніка», распаўсюджванне кадраў у сацыяльных сетках і замежных СМІ», — сказаў іншы расійскі чыноўнік.
Удзельнікамі шоу сталі ў тым ліку прэс-сакратарка МЗС Марыя Захарава і куратар СМІ ў Крамлі Аляксей Громаў. Апошні патэлефанаваў Захаравай проста падчас брыфінгу з замежнымі журналістамі і па гучнай сувязі забараніў «каментаваць удар балістычнымі ракетамі» па вайсковым заводзе ва ўкраінскім Дняпры.
«Гэтым трукам з нібыта званком Громава асабліва ганарыліся некаторыя ўдзельнікі мазгавых штурмаў», — сказаў расійскі чыноўнік. Ён назваў гэта і «пасхалкай» для расійскіх журналістаў, якім «добра вядомыя практыкі Аляксея Аляксеевіча [Громава]».
Кульмінацыяй кампаніі запалохвання стаў асабісты выступ Уладзіміра Пуціна з трыбуны саміту краін-членаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, дзе расійскі прэзідэнт выхваляўся характарыстыкамі ракеты, сцвярджаючы, што яна не мае аналагаў і параўнальная па моцы з ядзернай.
«Саміт быў прысвечаны праблемам краін-членаў. Аднак публічна начальнік [так расійскія чыноўнікі паміж сабой часта называюць прэзідэнта] фактычна цалкам перахапіў парадак дня і выкарыстаў яго для пагрозы саюзнікам Зяленскага», — сказаў чыноўнік, знаёмы з падрыхтоўкай працы саміту.
«Я падазраю, што для іншых удзельнікаў саміту, кіраўнікоў дзяржаў АДКБ, тое, пра што і ў якім рэзкім фармаце выступіць начальнік, стала сюрпрызам. Загадзя іх пра гэта не інфармавалі. А самі яны па сутнасці сталі гарнірам для нашай асноўнай стравы — акту псіхалагічнай вайны супраць Захаду», — дадаў чыноўнік.
Аднак праблема Масквы палягае ў тым, што Расія не валодае істотным запасам сістэм «Арэшнік», і нават асабіста Пуцін у сваёй прамове прызнаў, што ўдар па Дняпры быў выпрабавальным выкарыстаннем.
Расійскай прамысловасці, улічваючы бюракратычную цяганіну і адставанне ў інавацыях, характэрныя для абароннага сектара, спатрэбяцца гады, каб выйсці на масавую вытворчасць «Арэшніка», расказаў The Moscow Times інжынер з вопытам працы ў Мінабароны на ўмовах ананімнасці.
«Нават адносна простыя праекты, не звязаныя з ракетамі, могуць займаць ад пяці да сямі гадоў на распрацоўку, — дадаў інжынер. — Гэты ўдар па Украіне, падобна, стаў першым выпрабаваннем [»Арэшніка»]. Даных для апраўдання запуску ў масавую вытворчасць пакуль недастаткова».
Інжынер адзначыў, што ў расійскім арсенале ўжо ёсць ракеты з характарыстыкамі, падобнымі да «Арэшніка», такія як яго базавая мадэль РС-26 «Рубеж», і выказаў здагадку, што раптоўнае выкарыстанне эксперыментальнай зброі ў рэальным баі можа быць хутчэй спробай паўплываць на грамадскую думку, чым дэманстрацыяй новых ваенных магчымасцяў.
Лукашэнка пахваліў «Арэшнік» і прапанаваў размясціць ракеты ў Беларусі
Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве
Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі
СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»
Назваць дачку Арэшніцай у гонар балістычнай ракеты хочуць бацькі з Татарстана
Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»
Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры
Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»
Каментары
Он вполне еще раз-другой может этим рубежом,перекрашенным под орешник долбануть. И на этом вся хваленая мощь сдуется.
Вот лучше бы он этого не делал. Лучше бы играл в загадочность и прочую оперетту.
А так же ведь все увидели,что моль голый. Да еще обезображенный повылазившим ботоксом из прорех подмышками. Совсем неприглядная картина.
Мдаа…