Як паведамляе «Беларускі Гаюн», у пачатку студзеня ўздоўж трасы Р131 каля вёскі Пянькі Мазырскага раёна з'явіліся дзясяткі агнявых пунктаў (з мяшкоў з пяском), акопы, самаробныя шлагбаўмы, блок-пост і зямлянкі. Тое ж сцвярджае на падставе сваіх крыніц і выданне «Флагшток».
Вядома, што гэтая траса вядзе ад Мазыра да Мазырскага НПЗ, а байніцы новых пунктаў абароны накіраваныя менавіта ў бок Мазыра. Акрамя гэтага, каля новых збудаванняў былі заўважаныя вайскоўцы, пазначаныя чырвоным скотчам. Раней гэтае абазначэнне ўжо выкарыстоўвалася для ідэнтыфікацыі беларускіх вайскоўцаў ва ўкраінскім памежжы.
Тое, што вайскоўцы там знаходзяцца з мэтай удзелу ў вучэннях, пацвердзіў вайсковы камісар Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў Ігар Чайка, які 12 студзеня паведаміў:
«У гэтыя дні ідуць планавыя заняткі па баявой падрыхтоўцы. Цяпер адпрацоўваюцца пытанні, якія тычацца перакрыцця аўтамабільных шляхоў».
Не выключана, што ў рамках гэтых вучэнняў вайскоўцы будуць адпрацоўваць і адбіццё нападу на Мазырскі НПЗ.
У снежні 2024 года ў Мазырскі раён былі перакінутыя падраздзяленні 120-й механізаванай брыгады (в/ч 04147).
Каментары