У Гродне будуць завочна судзіць уладальніка офіснага будынка, у якім знаходзіцца польскае консульства
Следчы камітэт 31 студзеня 2025 года завёў крымінальную справу супраць Станіслава Буйніцкага паводле арт. 243 ч. 2 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры). Гэта ўладальнік фірмы «Форт», якая валодае будынкам на вуліцы Будзённага, 48а, дзе знаходзіцца Генеральнае консульства Польшчы, піша Hrodna.life.
Сам 72-гадовы Буйніцкі з 1999 года жыве ў Беластоку.
Нерухомасць на вуліцы Будзённага, 48а арыштавалі альбо канфіскавалі ў яго ўжо некаторы час таму, паведаміла адна з крыніц Hrodna.life.
Улетку 2024 прапагандысцкія тэлеграм-каналы публікавалі інфармацыю, якая дыскрэдытуе «Форт»: нібыта прадпрыемства брала велізарныя грошы за арэнду і не сачыла за станам нерухомасці.
Таксама фірму абвінавачвалі ў тым, што яна не хоча мяняць шыльду з назвай вуліцы пасля таго, як адрас Будзёнага, 48а памянялі на праезд Эміля Чэчкі, 2.
У 1990-я гады Станіслаў Буйніцкі быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. Ён эміграваў у Польшчу па палітычных прычынах, атрымаўшы польскае грамадзянства. Пры гэтым праз фірму «Форт» бізнэсмен працягваў валодаць офісным будынкам на Будзённага, 48а. Дзякуючы гэтаму будынак быў ледзь не адзіным месцам у Гродне, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім па палітычных прычынах адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.
Каментары