Грамадства11

Зарабіў дзясяткі тысяч даляраў, а яму толькі 18. Інтэрв'ю з маладой беларускай зоркай шахмат, які перамагаў Магнуса Карлсэна

Дзяніс Лазавік — галоўная зорка беларускіх шахмат. Гэтаму сціпламу юнаку ўсяго 18 гадоў, а ён ужо стаў гросмайстрам, перамагаў знакамітага Магнуса Карлсэна і двойчы запар прызнаваўся найлепшым шахматыстам краіны. У інтэрв'ю для Onlíner Дзяніс расказаў пра перамогі над зоркамі, чаму не вядзе Instagram і на што патраціў частку прызавых.

Прыводзім урыўкі з гэтага інтэрв'ю.

Дзяніс Лазавік — самы малады гросмайстар Беларусі.

Вышэйшае шахматнае званне ён атрымаў у 16-гадовым узросце. У снежні 2023 года прыняў удзел у сваім першым дарослым чэмпіянаце свету па рапідзе і бліцы: у бліцы стаў 16-м, у рапідзе — 42-м. Неаднаразовы пераможца папулярных анлайн-турніраў «Тытульны аўторак», у якіх удзельнічаюць шахматысты са званнямі. Сваю апошнюю перамогу ў гэтых спаборніцтвах атрымаў 28 студзеня.

«Насамрэч, Карлсэна я ўжо перамагаў: у 2023-м ён прапанаваў згуляць сяброўскі матч у інтэрнэце, — расказвае хлопец. — Так што нейкім шокам гэтая падзея для мяне не стала. Я разумеў, ён моцна гуляе, але я ўсё роўна магу выйграць якую-небудзь партыю. Нічога выбітнага не адбылося, тым больш гэта здарылася задоўга да завяршэння самога турніру: у 5-м туры з 13.

Калі б гэта быў матч за першае месца, была б зусім іншая размова.

А з нагоды вынікаў мінулага года… Як і 2023-ы, ён атрымаўся для мяне нядрэнным. Так, да фіналу турніру па хуткіх шахматах Champions Chess Tour (Дзяніс заняў 5-е месца. — Заўв. Onlíner) у Осла я падрыхтаваўся. У чымсьці мне шанцавала, але ў цэлым згуляў добра.

Чэмпіянат Беларусі — гэта турнір, перамога ў якім асаблівых дывідэндаў і сур'ёзных прызоў не прыносіць, але ўсё роўна прыемна быць першым. Тым больш пачаў я яго так сабе: прайграў на старце, але на фінішы ўдалося сабрацца і выйграць амаль тры партыі запар. Я набраў аднолькавую колькасць ачкоў з Максімам Царуком, аднак за кошт большай колькасці перамог стаў чэмпіёнам».

Пра тое, як пачаў гуляць, і вучобу ва ўніверы

Дзяніс жыве з бацькамі ў Мінску побач з Партызанскім праспектам. Летась скончыў школу і паступіў на завочку ў БДУФК.

Бацька Дзяніса працуе кіроўцам, маці — у дзіцячым садку.

«Гуляць у шахматы мяне навучыў тата. Адкуль у яго да іх цікавасць, калі шчыра, не ведаю, але як аматар гуляе ён добра. У першым класе мяне адвялі ў школьны гурток. Да таго моманту я ўжо ўмеў гуляць, усіх абыгрываў і быў на галаву мацнейшым за астатніх дзяцей. Бацькі аддавалі мяне і ў іншыя секцыі: я займаўся спартыўнай гімнастыкай, вучыўся граць на гітары… але, калі ў 2014 ці 2015 годзе пачаў ездзіць на турніры, заняткі адмяняліся, і ў нейкі момант прыйшлося скончыць. Засталіся толькі школа і шахматы. Хоць гітара мне падабалася, было прышпільна.

Першы турнір хлопца быў у 2014 годзе — чэмпіянат Мінска сярод дзяцей. 

У 2016-м ён стаў чэмпіёнам Беларусі ва ўзроставай групе да 10 гадоў.

Успрымаць шахматы як сур'ёзны занятак ён стаў нядаўна.

«Мне было гадоў 15, у мяне ўжо нешта атрымлівалася, і я зразумеў, што можна спрабаваць далей. Да гэтага я проста гуляў і падыходзіў да шахматаў не асабліва сур'ёзна. Што стала паваротным момантам? У мяне быў талент, і нейкі час я набіраў ачкі дзякуючы яму. Але потым адбыўся застой, і я ніяк не мог дадаць у рэйтынгу — затрымаўся ў раёне 2400 пунктаў. У выніку перастаў хадзіць у РЦАП па шахматах і шашках і з канца 2020 года пачаў персанальна працаваць з трэнерам Аляксандрам Рустэмавым.

Раніцай сыходзіў у школу, вяртаўся дадому і гадзін з трох да васьмі вечара мы трэніраваліся.

Гэта былі разнапланавыя трэніроўкі: мы рашалі задачы, праглядалі відэа, дэбюты і аналізавалі розныя партыі. З кожным днём я станавіўся лепшым. Працуючы з трэнерам, я стаў ставіцца да шахматаў больш прафесійна і на адным з турніраў дадаў да свайго рэйтынгу 25 пунктаў, што было вельмі нядрэнна. Потым на кожным стаў прыплюсоўваць па 10-15.

Думаю, без трэнера я б не стаў займацца так прафесійна. І калі б спрагрэсіраваў, то значна пазней. Ці ўвогуле затрымаўся б і закінуў шахматы».

У 2024 годзе Дзяніс спыніў супрацоўніцтва са сваім трэнерам. Пакуль у асноўным займаецца самастойна.

У адным з інтэрв'ю хлопец казаў, што, калі б не трэба было паступаць ва ўнівер, то сам бы нікуды не пайшоў.

«Я, калі шчыра, яшчэ не зусім зразумеў, чым бы канкрэтна хацеў займацца, акрамя шахмат. Базава мне цікавыя многія тэмы (тая ж эканоміка, да прыкладу), але жадання фундаментальна вывучаць іх у мяне няма. Ды і гатовы да паступлення я не быў, паколькі займаюся шахматамі, і мне давялося б надаваць менш увагі ім. На паступленні настаялі бацькі, бабуля і дзядуля. У выніку пайшоў на трэнера па шахматах у БДУФК. Але вучоба мяне пакуль не напружвае, першай сесіі яшчэ не было».

Пра тое, колькі зарабіў на шахматах

Дзяніс не раз перамагаў у турніры «Тытульны аўторак» на платформе chess.com.

«Я так часта ў ім перамагаю, паколькі турнір праводзіцца пастаянна, двойчы на тыдзень — усяго 104 разы за год. Гэта проста бліц-турнір у інтэрнэце, па мінскім часе ён праходзіць вечарам і ноччу. У ім прымаюць удзел наймацнейшыя шахматысты, у якіх ёсць званне. Гуляю на сваім ноўтбуку з дома. Звычайна на ўсё пра ўсё сыходзіць гадзіны дзве».

У гэтым турніры ёсць пяць прызоў: за 5-е месца даюць $100-150, за 1-е — $1000.

«Летась я атрымаў пяць перамог, што для мяне проста неверагодны вынік. Але з пункту гледжання прызоў гэта не так вясёлкава, як можа здацца. Ты яшчэ паспрабуй перамажы. Максімальны паказчык, калі не памыляюся, — гэта 7 перамог у год. Так што выйграць велізарную колькасць турніраў нерэальна»;

У адкрытых крыніцах пішуць, што за кар'еру Дзяніс зарабіў больш за $60 тыс. Гэта інфармацыя «блізкая да дакладнай», пракаментаваў хлопец.

Пра перамогу над Карлсенам: «Ён гуляў вельмі дрэнна»

На чэмпіянаце свету па рапідзе ў Нью-Ёрку Дзяніс заняў 25-е месца, але здолеў перамагчы Магнуса Карлсэна. Навіна пра гэта разляцелася па ўсіх медыя. 

«У той дзень было пяць партый, і матч з Магнусам быў завяршальным. Мне здаецца, да таго моманту ўсе ўжо былі трохі стомленымі. Ён сеў за дошку, гуляў вельмі дрэнна, і я атрымаў перамогу. Калі шчыра, я наогул нічога асаблівага не зрабіў. Проста бываюць такія дні, калі, нягледзячы на моцнае жаданне, чалавек гуляе дрэнна. Гучыць, вядома, крута, але, у прынцыпе, нічога асаблівага не адбылося».

Пра Карлсэна Дзяніс адзначае:

«Ён вылучаецца на фоне большасці шахматыстаў не толькі гульнёй, але і як сусветная зорка. Па гульні ён на галаву мацнейшы за астатніх. Круты шахматыст, у якога можна многае запазычыць».

Пра класічныя шахматы і маму-суправаджаючую

Што хлопцу не падабаецца ў сучасных шахматах?

«Класічныя шахматы, — адказвае ён. — Я нядаўна гуляў чэмпіянат Беларусі, і 10 партый расцягнуліся на 11 дзён. Як па мне, гэта доўга. Можна было б знізіць кантроль (абмежаванне часу на абдумванне хадоў. — Заўв. Onlíner) і справіцца за пяць-шэсць дзён.

Летась я ўдзельнічаў у турніры па класічных шахматах «Аэрафлот Оўпэн» у Маскве, і там партыі ў сярэднім займалі чатыры гадзіны. Выходзіла па два матчы за дзень. Так, гэта напружана, затое дзень у цябе запоўнены. Увесь турнір заняў пяць дзён. А на звычайных турнірах усё расцягваецца: табе паўдня трэба сябе чымсьці займаць, потым увечары ты гуляеш, потым выходны. Лічу, што гэта занадта доўга, і я не разумею, навошта траціць на турніры так шмат часу. (…)

Мне таксама здаецца, што цікавасць да класічных шахмат, працяглых партый паступова праходзіць. Цяпер чалавек не можа 30-хвіліннае відэа паглядзець — проста страчвае ўвагу, а тут мы сядзім і гуляем адзін з адным па сем гадзін. Прычым трансляцыю нашых матчаў ніхто не глядзіць з пачатку да канца. Каму цікава, як шахматысты проста сядзяць і думаюць над ходам па паўгадзіны? Бліц, вядома, цікавейшы, там і эмоцый больш. Паглядзіце, колькі набіраюць шахматныя відэа з такіх спаборніцтваў, і ўсё стане зразумела».

На міжнародных спаборніцтвах час ад часу Дзяніса суправаджае мама. 

«Гэта хутчэй выключэнне з правілаў, бо я ўсё ж такі часцей езджу ў складзе беларускай дэлегацыі. У Осла прапанаваў з'ездзіць маме, паколькі да гэтага я толькі раз лётаў на самалёце адзін і пакуль не адчуваю сябе максімальна дарослым: 18 гадоў споўнілася толькі ў лістападзе. У такіх паездках мама дапамагае. Усё, што не звязана з шахматамі, яна бярэ на сябе. Да прыкладу, я неяк гуляў турнір на востраве Мэн. Там крамы зачыняюцца а 16-й, а партыі пачыналіся на гадзіну раней. І, пакуль я гуляў, мама хадзіла па крамах і купляла прадукты».

Пра самую крутую пакупку з прызавых і Instagram

Дзяніс разважае: у шахматах, напэўна, ніколі не было велізарных грошай.

«Тым, хто не ўваходзіць у дзясятку лепшых, зарабіць выключна адной гульнёй складана. Таму многія еўрапейскія шахматысты паралельна трэніруюць дзяцей. І ў гэтым няма нічога складанага, асабліва калі ты міжнародны майстар. Проста, умоўна кажучы, выстаўляеш аб'яву: «Урокі — $50 у эквіваленце за гадзіну», — і хто хоча, той адгукнецца.

У мяне, як шахматыста зборнай, ёсць заробак ад РЦАПа. Плюс прызавыя».

Яго самая крутая пакупка з прызавых — ноўтбук Xiaomi для заняткаў шахматамі. 

У Instagram хлопца няма ніводнай фатаграфіі. Чаму?

«Няма жадання нешта публікаваць. Сябры кажуць, што было б нядрэнна весці сваю старонку, аднак мне не да гэтага. Але, магчыма, калісьці я сапраўды захачу нешта публікаваць і пра нешта распавядаць. Так што загадваць не стану. Я наогул не пралічваю, як у будучыні павернецца маё жыццё».

Каментары1

  • Ой
    31.01.2025
    Молодец. Удачи

Пашынян: Мой дыялог з Лукашэнкам завершаны4

Пашынян: Мой дыялог з Лукашэнкам завершаны

Усе навіны →
Усе навіны

У Барысаве зацвіла вярба і распускаюцца падснежнікі ФОТАФАКТ4

Як выглядае самы прыгожы камп’ютарны клас у Беларусі ФОТЫ6

Дзе ў Беларусі самая дарагая зямля?1

«Не маглі ўзяць з сабой». Беларусы вярнуліся на радзіму і кінулі сабаку ў Варшаве13

«Сярод саюзнікаў Расіі Лукашэнка нават не на трэцім месцы ў спісе. Дзесьці ў раёне пятага»2

Блогерка Лера Яскевіч расказала, як выйсці замуж за мяжой, калі ў вас скончыўся беларускі пашпарт7

Тарыфы на камуналку павялічаць сёлета ў два этапы1

Кіроўца аўтамабіля спрабаваў павярнуць направа з трэцяй паласы, праскочыўшы пад носам у тралейбуса ВІДЭА

Сталі вядомыя дакладныя лічбы новага ўтыльзбору. Вось якія аўто падаражэюць9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пашынян: Мой дыялог з Лукашэнкам завершаны4

Пашынян: Мой дыялог з Лукашэнкам завершаны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць