Туалетная папера разладу. Таксічныя адносіны беларускі з вечна незадаволенай маці шакуюць інтэрнэт
«Усё, што ні зрабі — усё дрэнна». Відэа гомельскай блогеркі пра яе сустрэчы з маці, якія пастаянна заканчваюцца крытыкай па дробязях, збіраюць мільёны праглядаў і тысячы абураных каментароў.
Спроба прымірыцца
У пачатку года блогерка Лера Памела (@lera_pomela) вырашыла аднавіць адносіны з маці, з якой не мела сувязі амаль тры гады. Натуральна, на публіку, паведамляючы ўсе падрабязнасці падпісчыкам.
Купіўшы для маці яе любімыя лімонныя вафлі, дзяўчына пад’ехала да яе дома і прапанавала па тэлефоне прымірыцца.
«Не памятаю, каб у мяне такая дачка была, нешта пяць гадоў цябе не відаць», — адказала жанчына, не забыўшыся выказаць крыўды за тое, што ў час хваробы ёй дапамагалі чужыя людзі. Аднак дачку з яе мужам усё ж пусціла на парог.
Гасцінец маці, аднак, не спадабаўся. «Вафелькі? А я думала, ты мне каўбасы ці мяска прывязеш. Таблеткі хоць бы прывезла для сэрца, якія мне патрэбныя, бо мне няма ўжо за што купіць, пенсія скончылася», — паскардзілася яна.
У гэтым яе многія каментатары падтрымалі — занадта дробны прэзент для маці, якую дачка не бачыла некалькі гадоў.
Здрада маці
Лера тлумачыць у тыктоку, што абвінавачанні маці беспадстаўныя. Яна трымала сувязь з ёю праз цётку і нават перадавала грошы, калі тая трапіла ў бальніцу, але не рашалася зрабіць першы крок да прымірэння праз уласную гордасць.
Разлад паміж імі пачаўся пасля сваркі Леры з мужам, калі яна сабрала рэчы і пайшла жыць да бацькоў, але падтрымкі не атрымала. Дзяўчыну пастаянна папракалі, што мужчына заўсёды мае рацыю, а яна вінаватая сама. Лера адчувала сябе чужой у доме: не магла карыстацца прадуктамі з халадзільніка, бо не купляла іх, і не мела грошай, каб схадзіць у краму. Калі яна папрасіла ў маці пазычыць на ежу, атрымала адказ:
«Ты замужам, тэлефануй мужу, няхай ён цябе корміць».
Пазней Лера даведалася, што маці перапісваецца з яе мужам, імкнучыся прымусіць дачку вярнуцца ў сям’ю. Хоць Лера з мужам памірылася, такую здраду маці яна доўга дараваць не магла.
Кватэрнае пытанне
У некаторых відэа Лера жартуе, што вярнулася мірыцца, каб маці не перапісала кватэру на катоў. Незразумела, ці сапраўды ў сям’і ёсць пытанне наконт кватэры, ці гэта толькі версія, якой трымаецца маці.
Лера часам іранізуе, просячы маці перапісаць жыллё на яе, але, здаецца, жанчына ўспрымае гэтыя жарты сур’ёзна і нават прыгразіла адабраць ключы:
«Пасля выкінеш мяне, і ўсё. Нафіг трэба».
«Дома паясцё!»
Наступны візіт Леры да маці быў з больш значным падарункам — яна заказала прафесійную ўборку для яе кватэры. Аднак жанчыне такі сюрпрыз не спадабаўся:
«А самой што, упадлу прыбраць?»
Жанчыне стала сорамна, што ўборкай займаліся чужыя людзі, а не яе дачка. У дадатак яна выказала незадаволенасць: «Гэтыя грошы ты магла б і мне даць!»
Пры гэтым сама жанчына ніякай гасціннасці да сваёй дачкі і зяця не праяўляла, нават не ставіла чайнік. «Дома паясцё!» — абсякала маці заўвагі дачкі.
Не тая папера, не тое сала
Апошні канфлікт паміж Лерай і яе маці дасягнуў абсурду. Лера прынесла два рулоны туалетнай паперы, бо заўважыла, што папера ў маці заканчваецца. Аднак замест удзячнасці жанчына пачала скардзіцца:
«Дык я ж не такую бяру. Ты самую танную, напэўна, узяла? Магла б узяць добрую, дарагую, трохслойную! Я спадзявалася, што такую купіш. Маці і такая пойдзе… Сабе, напэўна, дарагую бярэш, а мне такую падсунула».
Дачка запэўніла, што гэтая папера такая ж, як была ў маці раней, але тая заявіла, што ў яе проста не было грошай на лепшую. Каментатары падзяліліся, некаторыя адзначалі, што сапраўды можна было і лепшую паперу ўзяць.
Каб даказаць, што рэч зусім не ў такой дробязі, як туалетная папера, праз некалькі дзён Лера зноў прыехала да маці ўжо з дзвюма ўпакоўкамі дарагой туалетнай паперы і кавалкам сала. Але маці і гэтым разам засталася незадаволенай:
«А адразу не магла? Ужо як выказалася, дык прыпёрла?»
Сала таксама стала прадметам спрэчкі. Маці заявіла, што гэта падарунак, каб яна «з туалета не вылазіла», і дачка магла б прынесці і лепшае:
«Сабе з любавізнай купляеце, а мне адно сала прыпёрлі!»
Дачка была вельмі здзіўленая, бо маці заўсёды аддавала перавагу чыстаму салу. Аднак тая заявіла, што дачка павінна добра ведаць яе густы і разумець, што любавізна таксама ёй падабаецца.
«Яе любімыя кветкі не гартэнзія, а прэтэнзія»
Некаторыя ў каментарах гадалі: ці гэтая гісторыя не выдумка, жарт? Бо цяжка ўявіць такое стаўленне маці да свайго дзіцяці. Іншыя бачылі першыя праявы агрэсіўнай дэменцыі.
Аднак большасць была абураная жорсткасцю і патрабавальнасцю жанчыны. Многія дзяліліся ўласным досведам стасункаў з таксічнымі бацькамі.
«У каго не было складаных адносін з маці, той не зразумее, наколькі гэта цяжка».
«Прынеслі б чырвонай ікры, сказала б: «Чаму так мала?» Няма слоў».
«Калі б прывезлі каўбасу і лекі, яна б сказала: «Чаму не мёд і рыба?» Ад такіх трэба бегчы, бо яны зробяць вашае жыццё пеклам», — пісалі людзі.
Каментатары раілі ў такіх абставінах абрываць стасункі, каб абараніць сябе ад далейшых пакут.
«У мяне таксама такая маці — ахвяра. Пенсіі не хапае, каўбаска патрэбна, лекі. Што ні зрабі, ты ўсё роўна ёй вінная. Я набралася смеласці спыніць зносіны і цяпер жыву ў згодзе з сабой».
«Ад таксічных зносін трэба пазбаўляцца, нават калі гэта твая маці», — падсумоўваюць у каментарах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
«Ты замужам, тэлефануй мужу, няхай ён цябе корміць».
абсолютно трезвое и адекватное замечание матери. Ты замужем слушайся мужа.