Інтэр'ер аднаго з вучэбных класаў каледжа ў Бабруйску адрозніваецца незвычайным афармленнем.
Фотаздымкі незвычайнага класа апублікавалі ў сацсетках. Цэлую сцяну камп’ютарнага класа ў Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А. Я. Ларына займае драўляная дэкаратыўная панэль.
Панэль была зроблена ў 1980-я навучэнцамі тады яшчэ мастацкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №15 пад кіраўніцтвам Анатоля Концуба. Концуб, больш вядомы сваімі працамі ў кераміцы, пачаў выкладаць ва ўстанове адразу пасля сканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1971 годзе.
Панэль аформлена разьбой, чатыры фігуры сімвалізуюць розныя віды мастацтва і рамяства. Паўкруглыя завяршэнні медальёнаў ствараюць ілюзію аркады, якая нібыта адкрывае від на знакамітыя краявіды.
Гэтыя медальёны, тры вялікія і восем малых, — галоўная адметнасць панэлі. У іх змешчаны маляваныя выявы вядомых помнікаў архітэктуры з розных частак свету.
Сярод галоўных медальёнаў цэнтральнае месца займае выява Кіжскага пагоста на Анежскім возеры ў Расіі, які складаецца з дзвюх цэркваў і званіцы XVIII—XIX стагоддзяў.
Справа ад яго медальён з выявай Рэймскага сабора XIII стагоддзя, вяршыняй французскай готыкі. У гэтым саборы каранаваліся амаль усе манархі Францыі.
Злева змешчаны яшчэ адзін помнік готыкі, але ўжо беларускай — абарончая Сынкавіцкая царква, пабудаваная ў пачатку XVI стагоддзя. Праўда, гэта адзіны помнік архітэктуры Беларусі, які атрымаў месца на панэлі — палова малых медальёнаў прысвечана архітэктуры Расіі.
Сярод расійскіх помнікаў тут намаляваныя царква Пакрова на Нерлі ва Уладзіміраўскай вобласці, сабор Пакрова, што на Рву (Сабор Васіля Блажэннага) і маўзалей Леніна на Краснай плошчы ў Маскве, а таксама Ісакіеўскі сабор у Ленінградзе.
З сусветных славутасцяў для панэлі ў каледжы выбраны сабор Святога Пятра ў Рыме, акропаль у Афінах, маўзалей-мячэць Тадж-Махал і Ракфелераўскі цэнтр у Нью-Ёрку.
Гэтая мастацкая панэль хоць і робіць камп'ютарны клас каледжа адрозным ад тысяч іншых, але можа як шмат якая савецкая дэкаратыўная спадчына ціха знікнуць пад націскам еўрарамонту. Відавочцы адзначаюць, што аналагічныя творы, створаныя для музеяў у каледжы, ужо бясследна зніклі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
...
і гэта дзіва дзіўнае... што знайшлося места беларускаму помніку сярод такой...
ляпаты