У Нацыянальным мастацкім музеі выставілі працы Z-мастакоў, прыкрыўшыся тэмай «Вялікай Айчыннай вайны»
Арганізуюць выставу расейцы.
Учора ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ўрачыста адкрылі выставу «Сцяг Перамогі». Афіцыйна паведамляецца, што праект прысвечаны «святкаванню 80-годдзя Вялікай Перамогі і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Сцяг Перамогі — сімвал гонару, гонару і годнасці народа, які перамог у той страшнай вайне».
Але сярод партрэтаў ветэранаў ды ілюстрацый да літаратурных твораў аб той вайне можна пабачыць і творчасць сучасных Z-мастакоў.
Найбольш яскравы прыклад — партрэт «Дабраахвотнік Эльшат, кавалер ордэна Мужнасці». Намаляваў яго ў 2023 годзе мастак Уладзімір Сямёнаў (ён нарадзіўся ў Латвіі, але цяпер жыве і працуе ў Расіі). На карціне — стомлены мужчына з павязкай з літарай Z на руцэ.
Гэту працу выкарыстоўваюць у прапагандысцкіх мерапрыемствах. Яе можна заўважыць на здымках з круглага стала на тэму «Захаванне агульнай гістарычнай памяці аб генацыдзе славянскіх народаў», які прайшоў летась у Мінску.
Яшчэ адзін прыклад — праца расійскага мастака Андрэя Лысенкі «Дзень вайсковай памяці».
Арганізатары гэтай выставы — Расійскі клуб праваслаўных мецэнатаў і грамадскае аб'яднанне «Рускае культурна-асветніцкае таварыства». Аўтарам канцэпцыі выставачнага праекта з'яўляецца член праўлення жывапіснай секцыі Маскоўскага саюза мастакоў, народны мастак Расійскай Федэрацыі, акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Пётр Стронскі.
Трэба адзначыць, што беларускія прапагандысты, расказваючы пра выставу, ігнаруюць Z-творы, а акцэнтуюць увагу на тых працах, якія прысвечаныя «Вялікай Айчыннай вайне».
Выпадкова ці не, дата сканчэння выставы «Сцяг Перамогі» ў Нацыянальным мастацкім музеі абрана даволі сімвалічная — 24 лютага. Менавіта ў гэты дзень тры гады таму Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.
Каментары