На апорах самага доўгага падвеснага моста ў Беларусі замацавалі канаты — кадры ходу капітальнага рамонту паказаў афіцыйны тэлеграм-канал кіраўніка Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка «Пул 4 Рэгіён».
Рэканструкцыя пешаходнага віядука ў горадзе Масты пачалася ў ліпені 2024 года — для гэтага збудаванне амаль поўнасцю разабралі, а на яго месцы наладзілі пантонную пераправу. Мостабудаўнікі замянілі старыя канаты на новыя — іх агульная вага склала 40 тон, а даўжыня перавышае 2,5 км.
Працы ўжо выходзяць на завяршальную стадыю, а адкрыццё моста запланавана на 28 красавіка. Дата абраная невыпадкова: у гэты дзень у 1972 годзе падвесны мост праз Нёман быў урачыста адкрыты. Тады ён стаў адзіным у райцэнтры, бо ні пешаходнага, ні аўтамабільнага моста яшчэ не было.
Раней стала вядома, што ўчастак даўжынёй 10 метраў у цэнтры новага моста будзе са шкляной падлогай. Акрамя гэтага, шкляны пол дапоўняць незвычайнай падсветкай.
Каментары