Эканоміка2323

Нямецкая эканоміка паламалася, а «плана Б» ні ў кога няма

Германія стала трэцяй эканомікай у свеце перадусім дзякуючы экспарту прадукцыі машынабудавання. Але цяпер свет не зацікаўлены ў прадукцыі Made in Germany. Найгорш, аднак, тое, што ў краіны не было плана Б, піша The Wall Street Journal.

Інгальштат, другі па заможнасці горад Германіі, можа сутыкнуцца з эканамічнымі выклікамі, якія нагадваюць пра лёс амерыканскага Дэтройта — горада, які калісьці быў сімвалам эканамічнага росту ЗША, а потым перажыў драматычны заняпад. Фота: Dr Kralle / Wikimedia Commons

Гігант больш не гігант

Інгальштат — горад з насельніцтвам каля 140 тысяч чалавек — яшчэ нядаўна лічыўся другім (пасля Мюнхена) па заможнасці ў Германіі. Менавіта тут здаўна месціцца штаб-кватэра аўтамабільнага гіганта Audi, чые падаткі штогод прыносілі гарадской казне звыш 100 мільёнаў еўра. Цяпер гэтыя фінансавыя патокі перасыхаюць.

У лістападзе 2024 года Audi паведаміла, што за тры месяцы яе прыбытак паменшаў на 91%. Скарачэнне тысяч працоўных месцаў — непазбежнасць.

Продажы Audi ў Кітаі, які раней быў адным з асноўных рынкаў кампаніі, упалі на чвэрць у параўнанні з мінулым годам. Раней заходнія аўтавытворцы не ўспрымалі кітайскіх кампаній усур’ёз, але цяпер тыя сталі моцнымі канкурэнтамі і адбіраюць рынак.

Запавольванне эканомікі Кітая і ўзмацненне мясцовай канкурэнцыі ўдарылі па ўсёй нямецкай прамысловасці. Да гэтага дадаліся высокія цэны на энерганосьбіты, а зараз не дай бог яшчэ і новыя мыты з боку ЗША.

Эканоміка Германіі не расце з 2019 года — гэта самы працяглы перыяд стагнацыі з часоў Другой сусветнай вайны. Эксперты мяркуюць, што сёлета сітуацыя не палепшае.

«Дэіндустрыялізацыя ў самым разгары», — іранізуе Стэфан Вольф (Stefan Wolf), прэзідэнт лабісцкай групы прамысловых вытворцаў.

Распарадзіўся радзей касіць газоны. Бо трэба ашчаджаць

Германія з 83 мільёнамі жыхароў стала трэцяй эканомікай свету дзякуючы вытворчасці і экспарту прадукцыі машынабудавання. Свет купляў нямецкія аўтамабілі, робатаў, цягнікі і абсталяванне. Цяпер попыт зніжаецца, а плана Б у Германіі няма, — канстатуюць аўтары WSJ.

Цяпер, калі душа нямецкай эканомікі — аўтапрамысловасць — у крызісе, праблемы распаўсюджваюцца на сумежныя сектары. У Швайнфурце рабочыя Schaeffler баставалі супраць скарачэння да 700 працоўных месцаў.

Іншы пастаўшчык, ZF Friedrichshafen, скарачае працоўны час офісных работнікаў на 7% і плануе звольніць да 14 тысяч чалавек ва ўсёй краіне. Прафсаюз IG Metall папярэджвае, што ў цэнтральнай Германіі таксама могуць скараціць тысячы працоўных месцаў.

У Інгальштаце мэр Хрыстыян Шарпф апантана шукае любую магчымасць, каб пакрыць дэфіцыт. Ён павысіў плату за музеі, паркоўкі і аўтобусы і нават замахнуўся на святое для немцаў — распарадзіўся радзей касіць грамадскія газоны. Цяпер мэр разглядае павышэнне падатку на нерухомасць і далейшае скарачэнне выдаткаў.

«Мы былі сапсаваныя часамі, калі да нас ехаў бізнэс дзеля Audi. Цяпер усё змянілася», — кажа ўладальніца гатэля Караліна Блок.

Праблемы — сістэмныя

Паводле даных нямецкай страхавой групы Allianz, траціна прамысловых кампаній зніжае інвестыцыі з прычыны дарагоўлі энерганосьбітаў. Дзве траціны прадпрыемстваў знаходзяцца ў зоне рызыкі па канкурэнтаздольнасці.

Германія адстае ў сферах праграмнага забеспячэння і штучнага інтэлекту. На даследаванні і распрацоўкі (R&D) — ключавы фактар эканамічнага і тэхналагічнага развіцця — у 2022 годзе яна выдаткоўвала толькі 3,1% ВУП. У ЗША гэты паказчык дасягае 3,6%, а ў Паўднёвай Карэі — 5,2%.

Эксперты лічаць, што Германіі неабходна 600 мільярдаў еўра за 10 гадоў, каб мадэрнізаваць адукацыю, дарогі і электрасеткі. Таксама патрабуюцца значныя сродкі, каб утрымліваць абаронны бюджэт хаця б на ўзроўні 2% ВУП. А Трамп нядаўна запатрабаваў павелічэння выдаткаў на абарону да 5% ВУП. Без гэтага не будзе бяспекі.

Германскія спажыўцы плацяць адны з самых высокіх падаткаў у свеце. У 2024 годзе нямецкі работнік без дзяцей аддаваў амаль 48% зарплаты на падаткі і сацыяльнае страхаванне. Немцы таксама традыцыйна адкладаюць 20% сваіх даходаў, што б’е па спажыванні.

Паводле Рольфа Бюркля (Rolf Bürkl) з Нюрнбергскага інстытута рынкавых рашэнняў, кожны дадатковы працэнт зберажэнняў пазбаўляе эканоміку попыту на 25 мільярдаў еўра. Частка гэтых грошай завісла на банкаўскіх рахунках, хоць іх можна было б інвеставаць.

Скарачэнне сацыяльных выплат? Няма адважных

Доўгі час рост праблем заставаўся амаль незаўважным для выбаршчыкаў. Але цяпер эканоміка выйшла на першае месца сярод палітычных пытанняў, якія хвалююць народ, апярэдзіўшы праблемы міграцыі, бяспекі і клімату. А ўрад канцлера Олафа Шольца — самы непапулярны з 1949 года.

Палітыкі, аднак, не гатовыя да непапулярных рэформаў. Яны «не хочуць глядзець праблеме ў твар. Многія па-ранейшаму думаюць, што гэта часовы збой і што яго можна вырашыць звыклымі метадамі», — кажа галоўны эканаміст страхавой кампаніі Allianz Людовік Зубран (Ludovic Subran).

Большасць палітыкаў проста спрабуе падцыраваць старую мадэль, якая грунтавалася на экспарце і цяжкай прамысловасці. Шольц настойвае на новых гандлёвых пагадненнях Еўрасаюза. Ягоны супернік Фрыдрых Мерц хоча знізіць падаткі і рэгуляванне.

У выбарчай кампаніі амаль не абмяркоўваюцца такія непапулярныя меры, як скарачэнне сацыяльных выплат дзеля фінансавання інвестыцый. Нават антысістэмныя партыі-выскачкі, якія любяць атакаваць «стары кансэнсус», не схільныя прынцыпова мяняць сітуацыю.

«Калі вы пытаецеся пра план Б, я лічу, што мы павінны вярнуцца да плана А», — кажа Лейф-Эрык Хольм (Leif-Erik Holm), эканамічны эксперт партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD).

Хольм лічыць, што трэба проста вярнуцца да ранейшай мадэлі — з таннымі энергарэсурсамі і менш строгімі экалагічнымі нормамі. Ніякіх кардынальных змен.

Што будзе з нямецкай эканомікай пры такім падыходзе — час пакажа. Але эканамісты не прагназуюць нічога добрага.

Каментары23

  • Клікбэйты!!! дызлайк
    29.01.2025
    "прыбытак упаў на 91%"
    Гэта азначае што фірма усе яшчэ прыбытковая.
    А для фірмы нармальна што могуць перыяды як у + так і ў -
  • Шрёдэр
    30.01.2025
    "трэць прамысловых кампаній зніжае інвестыцыі з прычыны дарагоўлі энерганосьбітаў"

    Яшчэ трошкі і пачнуць прызнаваць, што санкцыі ЕС больш шкодзяць самому ЕС, а не Расіі, але будзе позна
  • Мойша
    30.01.2025
    Шпіцберген, Трамп, пералагінься

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію7

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Усе навіны →
Усе навіны

«Белавія» дае зніжку на ўсе рэйсы з Беларусі

Статкевіча намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру8

Беларуска-анліфаншчыца, асуджаная ў Польшчы за шпіянаж, не прыйшла адбываць пакаранне і не заплаціла штраф7

З ЗША могуць дэпартаваць 323 беларусаў21

Жыхар Смілавіч паскардзіўся ў тыктоку на разбітыя вуліцы і «знакамітую лужыну». Што яму адказалі ўлады10

«Адкрыла пакет — у замове не хапала стравы». Беларуска паспрачалася з фастфуд-рэстаранам

Вучыўся на ксяндза, працаваў на фуры, адкрыў хостэл для ўцекачоў. Гісторыя Андрэя Васоры, які памёр у Беластоку пасля комы3

Каму павінен быць помнік перад Домам ураду замест Леніна? Ідэя Гурневіча40

Качанава: Кніга «Наш прэзідэнт» стане для многіх у краіне настольнай13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію7

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць