Сталі вядомыя дакладныя лічбы новага ўтыльзбору. Вось якія аўто падаражэюць
У Беларусі прынялі новыя стаўкі ўтыльзбору за аўтамабілі. Паведамлялася, што яны мусяць стаць копіяй расійскіх. Але з апублікаванага сёння дакумента вынікае, што поўнай копіі не будзе. «Наша Ніва» разабралася, што зменіцца і якія машыны вырастуць у цане.
Якія аўто падаражэюць?
Стаўкі ўтыльзбору зафіксаваныя ў беларускіх рублях.
Перш за ўсё, новыя стаўкі паўплываюць на кошт новых машын у дылераў. Для легкавікоў маладзейшых за тры гады з аб'ёмам рухавіка да 1 літра ўтыльзбор павялічыцца з 3 145 рублёў (каля $930) да 6 356 рублёў ($1 870).
Для машын з аб'ёмам рухавіка ад 1 да 2 літраў (самы распаўсюджаны варыянт) утыльзбор вырасце з 11 645 рублёў (каля $3 400) да 23 575 рублёў (амаль $7 000).
Для легкавых аўто з аб'ёмам рухавіка ад 2 да 3 літраў утыльзбор павялічыцца з 32 727 рублёў (каля $9 600) да 66 248 рублёў (каля $19 500).
Груба кажучы, стаўкі на новыя аўто з рухавікамі ўнутранага згарання выраслі ўдвая.
Адметна, што гэтыя змены не павінны адбіцца на кошце айчынных Belgee, паколькі машыны беларускай вытворчасці не абкладаюцца ўтылізацыйным зборам.
Будуць змены і для электрамабіляў: калі па старых стаўках юрыдычныя асобы пры ўвозе новай «электрычкі» плацілі 544 рублі, то цяпер будуць плаціць 1 148 рублёў. Тут рост таксама двухкратны, але неістотны, бо пачатковая стаўка была нізкай.
Трошкі пазітыву
У афіцыйным паведамленні казалася пра «выраўноўванне» ставак утыльзбору з расійскімі стаўкамі — можна было падумаць, што гэта закране і фізічных асоб.
У Расіі стаўкі для фізасоб меншыя, чым у Беларусі — усяго каля $34—52. Але там з восені такі тарыф лічыцца льготным.
Скарыстацца льготай у РФ можна не часцей, чым раз на год. І самае важнае: такое аўто не мусіць быць прададзена раней, чым праз 12 месяцаў з моманту мытнага афармлення ў РФ. У адваротным выпадку давядзецца даплаціць утыльзбор па камерцыйным тарыфе, які дзейнічае для юрыдычных асоб.
У пастанове не згадваецца пра ільготны характар беларускіх ставак утыльзбору для фізічных асоб, таму вынікае, што самыя страшныя чаканні не апраўдаліся.
Тым не менш без змен не абышлося.
Для аўто ўзростам да трох гадоў утыльзбор для фізасоб застаўся ранейшым — 544 рублі (каля $160).
А вось для машын, старэйшых за тры гады, суму павялічылі. Ужо праз 10 дзён за такія аўто замест 817 рублёў трэба будзе плаціць 1 089 рублёў. Такім чынам, рост склаў каля 270 рублёў.
Ніякіх абмежаванняў па аб'ёме рухавіка, як у РФ, таксама не з'явілася.
Нагадаем, што перапрадаваць такія машыны ў РФ без дадатковай аплаты расійскага ўтыльзбору па камерцыйным тарыфе можна толькі праз 12 месяцаў з моманту размытнення ў Беларусі.
З камерцыйным транспартам — бяда
І калі з легкавымі аўто, якія фізасобы прыганяюць з трэціх краін, асабліва нічога не змянілася, то з камерцыйным транспартам сітуацыя складаней.
Стаўкі ўтыльзбору за грузавыя аўто (у тым ліку малы камерцыйны транспарт) аднолькавыя для юрыдычных і фізічных асоб.
За грузавыя транспартныя сродкі ва ўзросце да 3 гадоў з тэхнічна дапушчальнай максімальнай масай да 2,5 тоны ўтыльзбор павялічыцца да 29 514 рублёў ($8 700) замест 17 316 рублёў ($5 000).
За старэйшыя грузавікі — 42 919 рублёў ($12 600) замест 25 161 рубля ($7 400).
На грузавікі з агульнай вагой ад 2,5 да 3,5 тон (папулярныя бусы пад катэгорыю B) утыльзбор будзе такім:
- за аўто да 3 гадоў — 31 792 рублі ($9 350) замест 18 653 рублёў ($5 500);
- за больш старыя — 46 258 рублёў ($13 600) замест 27 137 рублёў ($8 000).
Адметна, што гэта ўжо другое павышэнне ставак утыльзбору на працягу года для юрыдычных асоб і камерцыйнага транспарту. Апошні раз стаўкі пераглядаліся вясной 2024 года.
Такім чынам, яшчэ роўна год таму пры ўвозе 4—5-гадовага буса тыпу Renault Master, Mercedes Sprinter і г.д. трэба было заплаціць 10 209 рублёў, а цяпер за аналагічнае аўто давядзецца плаціць 46 258 рублёў.
Каментары