Расійскі прадпрымальнік хацеў падмазаць ФСБ, але грошы па дарозе раскралі пасярэднікі
Расійскі «Коммерсантъ» піша пра анекдатычную гісторыю, як былы дырэктар букмекерскай кампаніі «Фанбет» (якая актыўна працуе і ў Беларусі) Сяргей Анохін, будучы западозраны ў крадзяжах, прагнуў даць хабар ФСБ, але выдзеленую круглую суму да адрасата проста не данеслі.
Па версіі Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расіі па Маскоўскай вобласці, Сяргей Анохін вырашыў даць хабар супрацоўнікам ФСБ, якія выявілі крадзяжы яго асабістымі кампаніямі бюджэтных сродкаў, выдзеленых на развіццё спорту ў сталічным рэгіёне.
Пагаварыўшы са знаёмымі сілавікамі і даведаўшыся расцэнкі, за якія ў ФСБ заплюшчваюць вочы на падобныя парушэнні, Сяргей Анохін сабраў 60 млн расійскіх рублёў (каля 600 000 даляраў) наяўнымі.
Але перадаваць грошы сам прадпрымальнік не рызыкнуў, звярнуўшыся да пасярэднікаў.
Перадаць грошы ўзяліся два высокія паліцэйскія начальнікі, але да іх з 60 мільёнаў дайшлі толькі 10 — астатняе забралі сабе ў якасці ўзнагароджання іншыя пасярэднікі. Калі ж паліцэйскія забралі сваё ўзнагароджанне, то перадаваць увогуле ўжо не было чаго.
У выніку ўдзельнікам праверкі з ФСБ хабар даць нават не паспрабавалі. Аднак тыя, неяк даведаўшыся пра тое, што іх збіраліся падкупіць, ды так і не сабраліся, правялі аперацыю, падчас якой затрымалі як Анохіна, так і найбольш актыўных «рашал».
Іх абвінавацілі ў дачы хабару і пасярэдніцтве ў гэтым. Большасць удзельнікаў гэтай гісторыі прызналі віну ў карупцыі, і толькі падпалкоўнік, які быў у ланцужку апошнім, адмаўляе дачыненне да хабарніцтва, заявіўшы, што ён проста вырашыў здзейсніць махлярства (ч.4 арт. 159 КК), прысвоіўшы грошы.
Каментары