Спецыфічны гістарычны музей размешчаны ў горадзе Джонстаўне ў амерыканскім штаце Пенсільванія. Ён прысвечаны паводцы, якая адбылася тут у XIX стагоддзі. Але цяпер музей часова паставілі на рамонт, паколькі яго затапіла, піша The Guardian.
Паводка, у памяць пра якую стварылі музей, абрынулася на Джонстаўн 31 мая 1889 года. Тады ішлі шматдзённыя праліўныя дажджы, і старая дамба не змагла ўтрымаць ваду — хвалі абрынуліся на горад. Страшная трагедыя забрала жыцці 2209 чалавек.
У сучаснай экспазіцыі музея прадстаўленая карта рэльефу Джонстаўна. Экскурсаводы расказваюць гасцям гісторыю паводкі і паказваюць захаваныя артэфакты: напрыклад, коўдру, пры дапамозе якой мясцовыя жыхары ратавалі людзей. Таксама ў музеі адноўлены дом-сховішча, які стаў прытулкам для тых, хто выжыў.
Зусім нядаўна ў музеі адбылося надзвычайнае здарэнне, звязанае з працёкам вады. Супрацоўнікі паведамілі, што затапленне здарылася праз клапан на трэцім паверсе будынка: вада пратачылася скрозь сцены, пашкодзіла дываны і столь.
Каманда музея ўдакладніла, што ўстанова адкрыецца пасля аднаўленчых работ. Як сцвярджае музейная прэс-службе, «ніякі з аб'ектаў, які мае гістарычнае значэнне, не пацярпеў».
Каментары