«Яна парушае рэжым». Лукашэнка расказаў Розэнбергу з BBC пра Калеснікаву
Лукашэнка расказаў, чаму прыняў рашэнне паказаць грамадству Марыю Калеснікаву пасля двух гадоў інкамунікада. І прапанаваў заходняму журналісту сустрэцца з актывісткай у турме.
На прэс-канферэнцыі на ўчастку, дзе прагаласаваў Аляксандр Лукашэнка, ён адказаў на пытанне карэспандэнта BBC Стыва Розэнберга. Журналіст пацікавіўся, ці не час адкрываць камеры і выпускаць палітвязняў, сярод якіх Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі.
У адказ Лукашэнка згадаў інтэрв'ю, якое Розэнберг узяў у яго ў кастрычніку. Тады брытанец запытаўся ў палітыка пра магчымае памілаванне Марыі Калеснікавай і звярнуў увагу, што жанчына доўгі час знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада, без сувязі нават з роднымі.
Цяпер Лукашэнка заявіў, што тыя словы Розэнберга сталі адной з прычын паказаць Калеснікаву:
«Скажу шчыра, ты мяне падштурхнуў да таго, каб я пацікавіўся — а што там адбываецца з Марыяй? Кажуць, здаровая. Нават прэс-сакратару кажу: ты ж ведаеш Стыва, ён усё роўна навяжацца з гэтым пытаннем. Паглядзі, далажы мне асабіста, акрамя тых, хто там глядзіць за ёй, дзе яна знаходзіцца. Кажуць, нармальная, здаровая. Я кажу: «Дык пакажыце яе народу». Паказалі, здаецца, нехта хадзіў да яе. Ты за бацьку казаў, што не пускаюць сваякоў.
Па законе бацька не меў права з ёй сустракацца, яна парушае рэжым. Але я кажу, слухайце, мая просьба, маё рашэнне — пакажыце Стыву, што яна здаровая, што яна нармальна выглядае. Бачыў фатаграфію? Бачыў», — сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка прапанаваў Розэнбергу і самому наведаць Калеснікаву ў калоніі.
12 лістапада 2024 года бацьку Марыі Калеснікавай дазволілі сустрэцца з дачкой, якая асуджаная на 11 гадоў калоніі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І, па магчымасці, паспрабаваў бы выйсці на сустрэчы з іншымі палітвязнямі.
Патрабаваць ад яго такога нельга, але калі б вырашыў сам - гэта была б добрая справа для змен у рэжыме інкамунікада і да публічнасці ў тым, што адбываецца. Чырвоны Крыж, ААН карумпаваныя і не бачаць праблем, не шукаюць спосабаў хоць якога уплыву.