«Сярод саюзнікаў Расіі Лукашэнка нават не на трэцім месцы ў спісе. Дзесьці ў раёне пятага»
Якіх змен чакаць у эканамічнай падтрымцы Расіі да Беларусі — тлумачыць эксперт Аркадзь Мошэс.
Дырэктар даследчых праграм Усходняга суседства і Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін, адзін з аўтараў кнігі «Палітыка Расіі па Беларусі пасля 2020 года» Аркадзь Мошэс у эфіры «Еўрарадыё» расказаў, што бачыць вялікую верагоднасць таго, што эканамічная падтрымка Беларусі з боку Расіі ў бліжэйшай перспектыве можа змяніцца.
Цалкам гэтыя грошы не знікнуць, адзначае аналітык, але з 2022 года, калі Лукашэнка пазіцыянаваў сябе ў якасці галоўнага саюзніка і даў тэрыторыю краіны і яе паветраную прастору для атакі на Украіну, шмат што змянілася.
«Сёння тое, што Беларусь можа даць Маскве, не ідзе ні ў якое параўнанне ні толькі з тым, што можа даць Кітай — дыпламатычная і эканамічная падтрымка, але і з тым, што можа даць Паўночная Карэя, якая не проста эшалонамі пасылала снарады, (…) а паслала салдат. І гэта важна.
Лукашэнка ў гэтым спісе не толькі не на першым месцы, ён ужо, хіба што, не на трэцім. Дзесьці ў раёне пятага. І ў гэтай сітуацыі раней ці пазней, а яшчэ з улікам таго, што калі яму нічога не плаціць, ён усё роўна не выганіць расійскія войскі ў тыя моманты, калі ім спатрэбіцца кантроль над тэрыторыяй і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі і яе ваенна-паветранай прасторы. Гэта паслуга ўжо аказаная. (…) За яе ўжо не трэба нічога плаціць».
Іншы фактар — сама Расія не вельмі ўяўляе, якім будзе яе эканамічны стан.
«Я разумею, што знайсці некалькі мільярдаў даляраў для Беларусі было б не такой складанай задачай. Але ці захоча Пуцін гэта рабіць?» — даводзіць эксперт.
«Мы бачым, што ў Расіі (…) нічога не абвалілася. І не магло абваліцца, таму што гэта не савецкі рэжым. Гэта рынкавая эканоміка. Своеасаблівая, але працуючая. Але грошай больш у казне не становіцца. Дэфіцыт ёсць. Яго пачынаюць старанна хаваць. Аплачваць вайну становіцца ўсё даражэй».
Праз паўгода расійская эканамічная сітуацыя можа змяніцца, мяркуе Мошэс.
«Калі яна пачне мяняцца ўсур'ёз, то, адпаведна, будуць скарочаны ўсе дапамогі, якія плацяцца Мінску», — лічыць ён.
Каментары
Эксперт ответа не даёт, он, считает, что скотный двор лукашенко продолжит успешное существование и после раздела Украины......