Старшыня «Грамады» Вільскі знайшоў вінаватых у публікацыі фэйкавай заявы пра Ціханоўскую. І падумвае звяртацца ў паліцыю
Выканаўца абавязкаў старшыні «Народнай Грамады» Яўген Вільскі не разумее, адкуль узялася заява яго партыі аб непрызнанні Святланы Ціханоўскай. Яе тэкст быў апублікаваны ў тэлеграм-канале партыі, а пасля выдалены.
Партыя «Народная Грамада» аб'ядноўвае ў эміграцыі прыхільнікаў палітвязня і кандыдата ў прэзідэнты — 2010 Міколы Статкевіча, якога прысудзілі да 14 гадоў зняволення. У яго адсутнасць выконваць абавязкі старшыні партыі стаў Яўген Вільскі.
Вільскі — полацкі афганец, які ў сярэдзіне 2010-х быў у «Гавары праўду», лічыўся даверанай асобай Таццяны Караткевіч. Пасля далучыўся да Грамады, але быў на другасных ролях.
У 2020-м Вільскі быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Ціханоўскай па Віцебскай вобласці. Перад выбарамі яго затрымлівалі, Яўген сядзеў у Наваполацкім ЦІПе.
У эміграцыі ён увайшоў яшчэ і ў Форум дэмакратычных сіл — ініцыятыву на чале з Валерыем Цапкалам, якая ў 2022 годзе спрабавала перахапіць лідарства ў Святланы Ціханоўскай. Сярод іншых падпісантаў рэзалюцыі таго Форума былі Дзмітрый Балкунец і Вольга Карач.
Ці ёсць прыхільнікі ў Вільскага? Калі ў 2024 годзе частка апазіцыі вырашыла праводзіць выбары ў Каардынацыйную раду, яго «Грамада» таксама вырашыла паспытаць шчасця. Атрымалася правальна.
Каб набраць большы працэнт, Вільскі ўступіў у кааліцыю з часткай хрысціянскіх дэмакратаў на чале з Георгіем Дзмітруком. Апошняя, дарэчы, таксама раней спрабавала адпрэчваць паўнамоцтвы Ціханоўскай. Аднак іх супольны блок «Салідарнасць» набраў мізерныя 104 галасы ў сваю падтрымку (1,55% ад колькасці тых, хто ўзяў удзел у галасаванні).
Больш таго — у базе даносаў, здабытай «Кіберпартызанамі» з узламанага сайта КДБ, знайшлі два старыя звароты ад кандыдатаў «Грамады».
Павел Бялюцін напісаў данос на Мікалая Аўтуховіча, а Вольга Цішкевіч — на Эдуарда Пальчыса. Адразу пасля раскрыцця абодвух са спісаў выключылі, але імідж арганізацыі гэта, зразумела, не палепшыла. Вольга Цішкевіч неўзабаве пасля таго вярнулася ў Беларусь і дала інтэрв'ю прапагандыстам з АНТ. У ім яна расказвала пра Каардынацыйную раду, палітвязняў, грошы ў партыі і дроны, якімі нібыта збіраліся ўдарыць па Беларусі. Пасля Цішкевіч знікла з даляглядаў.
У жніўні 2024 года Вільскі разам са сваім хаўруснікам Дзмітруком, а таксама з «Краінай для жыцця» Віталя Савюка (які набраў на выбарах у КР яшчэ менш — 61 голас) запатрабавалі ў Ціханоўскай «пачаць дыялог з усімі дэмакратычнымі палітычнымі сіламі» — то-бок і з імі.
Таму калі ў тэлеграм-канале «Грамады» з'явіўся дакумент аб непрызнанні Святланы Ціханоўскай нацыянальнай лідаркай Беларусі, ніхто не здзівіўся. Па-першае, гэта заява не пярэчыла ранейшай дзейнасці і выказванням Вільскага. Па-другое, яна была апублікаваная ў тэлеграм-канале, спасылка на які пазначана на афіцыйным сайце партыі.
Па-трэцяе, некаторыя з прыхільнікаў ініцыятывы паспелі перапосціць заяву ў сацсетках са словамі ўхвалення.
Аднак праз некаторы яшчэ ў адным канале (аказалася, што іх мінімум два) з'явілася рашучае абвяржэнне. Партыя аспрэчыла, што перадавала ў літоўскі Сейм ліст аб непрызнанні Ціханоўскай. «Танны ўброс», — напісана ў новай заяве.
Гаворкі пра ўзлом першага тэлеграм-канала «Грамады» няма — бо стартавую заяву адтуль хуценька выдалілі. Значыць, доступ да канала ў партыйцаў захоўваецца.
Дык што адбываецца і хто выстаўляў першую заяву (а пасля, адпаведна, выдаляў яе)? «Наша Ніва» звярнулася да Яўгена Вільскага з просьбай пракаментаваць сітуацыю.
«Ніякай заявы партыя «Народная грамада» не рабіла. Пытанне да вас, чаму публікуеце, не праверыўшы? Заказ выконваеце? Мы разбіраемся. Заяў мы не рабілі. І яно з'явілася, калі мы былі ў Сейме ці толькі выйшлі. Поўная правакацыя».
Вільскі не змог патлумачыць, у каго з паплечнікаў ёсць адміністратарскі доступ да тэлеграм-канала, у якім апублікавалі заяву. Аднак ён ужо знайшоў вінаватых. Гэта журналісты.
«Прафесійным журналістам трэба спачатку праверыць інфармацыю. Мы разглядаем пытанне падаць на вас заяву ў паліцыю. І больш ніякіх каментароў. З сабой разбярыцеся», — напісаў Яўген Вільскі ў адказ «Нашай Ніве».
Каментары