У Пазняка заявілі, што на іхняй акцыі ў Варшаве было 55 чалавек
У тэлеграм-канале руху «Вольная Беларусь» назвалі дакладную колькасць людзей, якія бралі ўдзел 26 студзеня ў арганізаванай гэтай арганізацыяй акцыі каля помніка Тадэвуша Касцюшкі ў Варшаве.
Як сцвярджаюць у арганізацыі, лідарам якой з'яўляецца ветэран беларускага руху Зянон Пазняк, «сумарна ўдзельнікаў акцыі налічвалася 55 чалавек».
Акцыя праводзілася як альтэрнатыўная адносна той, якую ладзіла ў гэты самы дзень у Варшаве рэшта дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам. Пра гэта пісаў у сацсетках сам Зянон Пазняк:
«У дзень ганебных для беларусаў псеўдавыбараў яны арганізавалі карнавальнае шэсце ў Варшаве з музыкай, дудкамі і бадзёрымі воклічамі ў стылі хаджэння па Мінску ў 2020 годзе. «Вольная Беларусь» у гэты дзень ля помніка Касцюшкі публічна праінфармавала грамадства аб сутнасці фальшывых выбараў, нагадала пра гадавіну смерці ваяра Палка Каліноўскага Эдуарда Лобава, пра героя Нябеснай сотні Міхася Жызнеўскага, пра змаганне беларусаў з маскоўскім мордарам».
Каментары