Федэральнага канцлера Германіі Олафа Шольца папрасілі пракаментаваць жэст мільярдэра Ілана Маска правай рукой пасля інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Трампа, вельмі падобны да нацысцкага прывітання. Шольц абвінаваціў бізнэсмена ў «вельмі правых поглядах», а той у адказ апублікаваў абразлівы пост.
«У Еўропе і ў Германіі ў нас свабода слова. Кожны можа казаць што хоча, нават мільярдэр. Але для нас непрымальныя выпадкі, калі гаворка ідзе пра падтрымку вельмі правых поглядаў», — заявіў Олаф Шольц.
Ілан Маск напісаў у сацсетцы X адказ: Shame on Oaf Schitz!
У гэтым паведамленні наўмысна зробленыя памылкі ў напісанні імя і прозвішча нямецкага канцлера — правільна будзе Olaf Scholz.
У тым варыянце, які напісаў Маск, фраза перакладаецца на беларускую мову прыкладна як «Ганьба Ёлупу Срольцу!»
У сваёй прамове пасля інаўгурацыі Трампа Маск дзякаваў ягоным выбаршчыкам, пасля чаго прыклаў руку да сэрца, а затым кінуў яе ўверх.
Такім жэстам раней у ЗША суправаджалі клятву вернасці ЗША. У 1942 годзе яго замянілі жэстам рукі на сэрца.
Каментары