Прапагандысты настойваюць, што Шэйман расказаў пра Лукашэнку чыстую праўду — проста ўсё пераблытаў
Лукашэнка насамрэч выступаў перад рабочымі. Праўда, не перад страйкамаўцамі і не ў 1995.
На дзяржаўным тэлебачанні паказалі маналог экс-сакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана, які расказаў неверагодную гісторыю з 1990-х пра Аляксандра Лукашэнку. Шэйман сцвярджаў, што ў 1995 годзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы сабраў у канцэртнай залі «Мінск» 800 чалавек, кіраўніцтва страйкавых камітэтаў з усёй рэспублікі. Тыя, маўляў, спачатку асвісталі Лукашэнку, а ў канцы сустрэчы прагаласавалі, і 80% прысутных рашуча падтрымалі яго.
Былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык заявіў у каментары «Нашай Ніве», што расповед Шэймана — поўная ахінея, бо Лукашэнка не сустракаўся са страйкамаўцамі.
Пасля гэтага прапагандысты выставілі свой доказ — відэа з выступу Аляксандра Лукашэнкі перад «прадстаўнікамі працоўных калектываў». Яны прызналі, што сустрэча адбылася ў 1996 годзе, а не ў 1995 годзе, аднак запэўнілі, што ўсё астатняе сказанае Шэйманам — праўда.
Што ж можна ўбачыць на апублікаваным відэа? Так, гэта рэальны выступ Аляксандра Лукашэнкі 26 лютага 1996 года.
Побач з ім у прэзідыуме сядзіць тагачасны старшыня афіцыйных прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык і высокапастаўленыя чыноўнікі. У першых шэрагах шмат слухачоў у касцюмах і гальштуках.
А вось страйкамаўцаў не відаць. Сяргей Навумчык адзначае, што не бачыць на відэа знаёмыя твары лідараў незалежных прафсаюзаў: «Гэта адназначна не страйкам». Ён мяркуе, што на сустрэчы быў актыў афіцыйных прафсаюзаў.
Пачатку сустрэчы на відэа няма, таму ацаніць, ці хтосьці камусьці свісцеў, немагчыма.
У канцы выступлення Лукашэнка расказаў па пунктах пра свае бліжэйшыя планы, пасля чаго прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір заклікаў падзякаваць кіраўніку дзяржавы. Людзі паапладзіравалі і пацягнуліся на выхад. Гаворкі пра нейкую рэзалюцыю і галасаванне 80% прысутных за яе няма.
Пра падобную сустрэчу, якая адбылася ў Наваполацку 22 лютага 1996 года — за чатыры дні да мінскай, — падрабязна пісала газета «Свабода». Запрашэнні на яе былі размеркаваныя загадзя паміж надзейнымі і праверанымі асобамі.
Да забастоўшчыкаў Лукашэнка выйшаў толькі ў 2020-м годзе, калі прыехаў на МЗКЦ. Што ён пачуў? «Сыходзь», жорсткія маты і выкрык «Афіцэр? Застрэлься!»
Каментары
а чаму перавыбары прызначылі не 26 лютага?