Лукашэнка заявіў, што калі атрымае расійскі «Арэшнік», то паставіць яго бліжэй да Смаленска
«Калі я сказаў «10 комплексаў», я пажартаваў. Дастаткова аднаго».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калі атрымае расійскі ракетны комплекс «Арэшнік», то разлічвае размясціць яго на тэрыторыі Беларусі бліжэй да Смаленска.
«Туды, бліжэй да Смаленска. Я так мару. А там паглядзім. Трэба пэўную адлегласць. Дрэнна, калі твае аб'екты паражэння вельмі блізка. Але і калі вельмі далёка, меншую нагрузку яны могуць несці. Таму я разглядаю дзесьці каля вас [Расіі]. Тым больш гэта ж агульная зброя. Але я не кажу, што пад Смаленскам. Я проста цяпер так думаю», — сказаў Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі 26 студзеня.
Лукашэнка дадаў, што тэрміны пастаўкі ў Беларусь «Арэшніка» яны з Пуціным не вызначылі.
«Па-першае, гэта не гарыць. Я, вядома, разумею, што і ў Расіі «Арэшнік» гэты патрэбны і гэтак далей. Ну і потым, гэта не так проста. Калі я сказаў «10 комплексаў», я пажартаваў. (…) Дастаткова аднаго комплексу «Арэшніка», каб засцерагчы Беларусь».
Ён заявіў, што хоча завезці «Арэшнік» у Беларусь нібыта ў адказ на магчымасць размяшчэння амерыканскіх ракет сярэдняй далёкасці ў Еўропе.
«Таму калі яны адмовяцца ад гэтага, тады я старэйшаму брату скажу: «Давай пачакаем». Усё роўна, будуць яны ў Смаленску ці ў Оршы. Для нас не важна. А нам важна, каб амерыканскія ракеты сярэдняй далёкасці не патрапілі на тэрыторыю Еўропы, таму што яны могуць быць абсталяваныя і ядзерным кампанентам. Калі казаць адкрыта», — казаў Лукашэнка.
Каментары