Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку
Чырванеючы ад стараннасці, баяніст граў на чыгуначным вакзале ў Мінску песню-агітку «Бацька ў нас круты». Гэта быў не проста вулічны музыка, а ажно кіраўнік «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет.
Каб імітаваць народную любоў і падтрымку Лукашэнкі, прапаганда ладзіць флэшмобы ў шматлюдных месцах. Нядаўна, напрыклад, акупавалі чыгуначны вакзал у Мінску. Пакуль звычайныя людзі з торбамі ды чамаданамі спяшаліся на цягнік, некалькі дзясяткаў вайскоўцаў ды штатных актывістаў нясмела спявалі оду Лукашэнку.
Нейкі энтузіязм імкнуўся прадэманстраваць, мабыць, толькі баяніст — ён жа кіраўнік «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет. Што ж гэта за чалавек?
Нарадзіўся Вадзім у вёсцы Русінавічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, у школу хадзіў у Ляхавічах. Яго знаёмыя згадваюць, што ў 10 класе Вадзім разам з некаторымі аднакласнікамі спрабаваў нават стварыць суполку «Маладога Фронту». Але неяк не склалася.
Пасля школы хлопец паступіў у Баранавіцкае музычнае вучылішча. Пазней у адным з інтэрв'ю Вадзім прызнаваўся, што пайшоў туды, каб парадаваць бацьку. Той лічыў, што сын-музыка будзе добра зарабляць.
Атрымаўшы дыплом, Вадзім стаў працаваць выкладчыкам па класе баяна ў музычнай школе. Але энтузіязму яго хапіла літаральна на тры дні — ён вельмі хутка зразумеў, што вучыць гамам дзяцей не хоча.
Вырашыў скарыць сталіцу і паступіў у Белдзяржуніверсітэт культуры ў Мінску на эстрадны вакал. Праз год кінуў — па афіцыйнай версіі, вучыцца яму было нецікава.
Але вяртацца на малую Радзіму не вельмі хацелася. Каб зарабіць на жыццё ў Мінску, уладкаваўся ў рэстаран спяваць і весці вечары, а паралельна падзарабляў на вяселлях. У рэстаране ж пазнаёміўся з будучай жонкай, якая працавала там касіркай. У шлюбе нарадзілася трое сыноў. Шматдзетная сям'я атрымала льготны крэдыт і пабудавала кватэру.
Малады хлопец тым часам праводзіў мерапрыемствы ды спяваў «хіты 80-х».
У 2012 годзе Вадзім вырашыў усё ж атрымаць вышэйшую адукацыю — пайшоў у прыватны Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва на спецыяльнасць эканаміст-менеджара.
Прычынай, што яго кар'ера тамады скончылася, Вадзім лічыць моладзь, якая ў нейкі момант стала адмаўляцца ад шумных застолляў з караваямі і сватамі.
— На жаль, іх пасля развалу СССР стала актыўна выцясняць заходняя мода, гэты працэс працягваецца і цяпер. Арка з кветачкамі ля мора, на крайняк — ля Мінскага, з парачкай сяброў, шведскі стол з шампусікам і канапе… Такія вяселлі транслююцца як модныя, стыльныя.
Шэпет працаваў на розных радыёстанцыях, быў вядучым «Суперлато».
У 2018 годзе Вадзім паступіў на платную завочку факультэта падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання. Спецыяльнасць абраў «Кіраванне дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі». Праз год пайшоў туды ж на яшчэ адну перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Дзелавы этыкет, пратакол і тэхналогіі выступлення».
Да пандэміі паспеў папрацаваць у канцэртным агенцтве Atom Entertainment Group, але ў разгар кавіду перайшоў на «Альфа Радыё».
Калі б не 2020 год, Вадзім, магчыма, і па сёння вёў музычныя хіт-парады. Але ж дзякуючы таму, што ён тады змог прадэманстраваць любоў да дзеючага рэжыму, Вадзім пераскочыў са сваёй пасады на месца кіраўніка «Альфа Радыё».
На новай пасадзе мужчына пачаў адпрацоўваць аказаны давер і запусціў грамадска-палітычнае шоу «Будні»:
— Я прыйшоў на «Альфа Радыё» ў верасні 2020 года, калі не проста выспела палітычная тэма, а ў ёй была вострая неабходнасць. Упершыню мы сутыкнуліся з сітуацыяй, што спрабавалі зламаць краіну, разваліць дзяржаву і пасеяць хаос. Мне самому было цікава разабрацца ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі і за яе межамі, далучыць да гэтай справы вядучых экспертаў. Калі б я пачаў весці такія праграмы ў іншы час (напрыклад, да 2020-га), не думаю, што іх бы хтосьці слухаў. Раней мы жылі ў нейкім цяплічным свеце. Так што палітычная тэматыка — індыкатар прафесійнай і сацыяльнай сталасці. Кожная праграма патрабуе сур'ёзнай падрыхтоўкі.
Шэпэт сарыентаваўся, што трэба рабіць, каб атрымліваць ганарары за сумнеўнай якасці творчасць. Напрыклад, у 2021 годзе Шэпет напісаў і сам праспяваў прапагандысцкую песню, прысвечаную новастворанаму святу Дзень народнага адзінства.
З назвай асабліва не мудраваў — «Ты единством сильна, моя Беларусь!». Ды і з тэкстам не замарочваўся: «Вновь кружит вороньё неустанно, всё пытаясь тебя разделить».
Беларусы ж у песні прадстаўлены «малымі дзецьмі», якім Беларусь дала магчымасць жыць разам. Сам аўтар просіць краіну «захаваць сваё сапраўднае аблічча». Кліп пад гэта зрабілі такі ж пасрэдны: маляўнічыя краявіды змяняюцца відэа з праўладных аўтапрабегаў.
Дарэчы, тым, што дапамагае аб’ядноўваць беларусаў, Вадзім лічыць санкцыі.
— А па-сапраўднаму адзіныя мы станем тады, калі наша моладзь перастане глядзець у бок Захаду, адзіныя мы будзем, калі пачнём яшчэ больш шанаваць і паважаць сваю краіну і, нягледзячы на любую незадаволенасць у асобных пытаннях, адстойваць пазіцыю дзяржавы. Прычым усюды: у побыце, у краме, у любой гутарцы з гасцямі з-за мяжы…
Дзіўна, канешне, як хутка Вадзім забыўся, што не так даўно сам вельмі радаваўся магчымасці з'ездзіць у Вільню. А з якой асалодай ён пазіраваў у літоўскай краме з бутэлькай замежнага алкаголю…
Гэта не адзіны фокус памяці Шэпета. Ён любіць публічна крытыкаваць калег, якія прынцыпова звольніліся ў 2020 годзе. А калісьці ганарыўся сэлфі з Дзянісам Дудзінскім і называў яго прафесіяналам.
Апошнія гады Вадзім актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, каб чарговы раз пацвердзіць сваю адданасць. Гатовы і дровы на лукашэнкаўскім чэмпіянаце калоць, і на чыгуначным вакзале пад баян спяваць. Ездзіць і па так званых «Марафонах адзінства»: дзесьці мадэратарам гутаркі пабудзе, а дзесьці і самому дазволяць распавесці простым людзям, як у Беларусі жыць добра.
Хто тая прафсаюзная актывістка з МАЗа, якая папрасіла Лукашэнку разабрацца ў ютубе з «беглымі»?
Як 2020 год паламаў жыццё Алега Гайдукевіча. Ні сям’і, ні палітычных перспектыў, і толькі той у руцэ
Хто той губазікавец, які, меркавана, збіваў палітзняволеную Кацярыну Новікаву пасля затрымання
Загадвала фінансамі пры Дзевятоўскім, любіць гламур. Што за дзяўчына стала новым тварам ГУБАЗіКа?
Каментары