«Сяргей быў някепскім хлопцам, але наркаман». Падрабязнасці жахлівай гісторыі з кватэрай, у якой пасля куплі знайшлі два трупы
Днямі стала вядомая амаль дэтэктыўная гісторыя: мінчук купіў кватэру на другасным рынку, а калі прыйшоў па ключы, знайшоў у ёй два трупы. Загінулымі аказаліся былы гаспадар кватэры Сяргей і ягоны сябра Аляксей — абодва былі наркаманамі і, як пазней высветлілі эксперты, памерлі ад перадазіроўкі.
Onliner.by наведаў дом, дзе здарылася гэтая трагедыя, пагаварыў з суседзямі і сябрамі загінулых.
«Увесь пад'езд ад яго цярпеў»
Паводле адной з версій, пакупнік Дзмітрый сам знайшоў Сяргея і прапанаваў яму здзелку: абмяняць двухпакаёвую кватэру ў Маскоўскім раёне на аднапакаёвую ў Курасоўшчыне з даплатай.
Ці ведаў мужчына, што купляе жыллё ў наркамана са стажам, невядома.
— Увесь дом ведаў, што Сяргей наркаман. На лесвічных пляцоўках і ў ліфце час ад часу валяліся шпрыцы, былі бачны сляды крыві. Таму праз асобны ўваход на лесвіцу ніхто не хадзіў, толькі калі святло выключалі і ліфты не працавалі. Вось тады было страшна! Памятаю, іду дадому ў цемры, а там на лесвіцы паміж паверхамі Сяргей з сябрам сядзяць на падлозе і нешта мыкаюць.
— Ён, нават калі быў пад кайфам, нікога не чапаў, але ўсё роўна было непрыемна. Аднаго разу, яшчэ да капрамонту, у нас старыя ліфты былі. Выхаджу з кватэры — і ахаю: усе драўляныя плінтусы з ліфтавай шахты сарваны — гэта яго «сябрукі» так закладкі шукалі, — распавяла адна з суседак загінулага.
Суседзі па паверсе дадалі, што ў пошуках закладак з наркотыкамі «госці» Сяргея пастаянна зрывалі плінтусы, падымалі лінолеум, пашкоджвалі правады так, «што нават тэлевізар не працаваў».
— Увесь пад'езд ад яго цярпеў! У яго кватэра была як прытон: рух там ішоў і днём, і ноччу. Калі там нехта крычаў або ў дзверы грукаўся, мы нават у калідор баяліся выйсці, не тое што ў краму. Чакалі, калі ўсё сціхне, і толькі потым выходзілі, — успамінае суседка Марына.
«За некалькі дзён да смерці сказаў, што яму купілі аднапакаёвую за $45 тысяч»
Хоць Чопік і псаваў усім жыццё, пра яго адгукаюцца ў духу: «ветлівы, гаваркі, заўсёды вітаўся».
За некалькі дзён да таго, як яго знайшлі мёртвым ва ўжо прададзенай кватэры, ён, спускаючыся ў ліфце з адным з суседзяў, пахваліўся, што «прадаў кватэру і хутка пераедзе».
— Калі ехаў з маім мужам у тралейбусе, расказаў, што новы гаспадар пераедзе ў яго двухпакаёвую, а ён — у аднапакаёвую дзесьці каля чыгункі ў Курасоўшчыне, што яму яе купілі за 45 тысяч даляраў, — дадае іншая суседка. — Але яшчэ камусьці ён казаў, што кватэра запісаная не на яго, а на іншага чалавека. Праўда гэта ці не, не ведаю.
Згодна з паведамленнем Дзяржкамітэта судмедэкспертыз, былы гаспадар кватэры і яго госць памерлі ад перадазіроўкі наркотыкаў, адзначаючы ўдалы продаж.
Целы загінулых выявілі ў адзін з панядзелкаў снежня. Сусед, які жыве на той жа пляцоўцы, выйшаў пачысціць абутак і сутыкнуўся з міліцыяй і новым уласнікам кватэры.
— Ён казаў ім, што прыйшоў па ключы, званіў і пісаў Сяргею і Аляксею, але ніхто не адказваў. Узламалі дзверы — а там два целы! Пах быў такі, што мы баяліся некалькі дзён адчыняць дзверы ў калідор, — распавяла адна з суседак.
Той мужчына, што купіў гэтую кватэру, казаў, што аддаў па $1700 за квадратны метр, што збіраўся тут жыць з жонкай і малой дачкой…
Але як ён мог такую кватэру за такія грошы купіць?!
«Лёшка быў футбалістам, а потым стаў наркаманам»
Другі загінулы, Аляксей, быў з суседняга дома. Апошнім часам, як сцвярджаюць яго знаёмыя, ён жыў не з бацькамі, а ў той самай кватэры Чопіка.
— Я добра ведаў Аляксея. Нармальны быў хлопец. Раней гуляў у футбол у адной камандзе з маім братам, але пасля траўмы калена кінуў, а потым стаў наркаманам. Мне яго вельмі шкада. А Чопік страшны быў чалавек, шмат людзей у магілу загнаў наркотыкамі, — распавёў яго знаёмы.
Паводле яго слоў, Аляксей сцвярджаў, што займаецца нерухомасцю і дапамагае Чопіку прадаваць кватэру, быццам атрымаўшы на гэта генеральную даверанасць.
Агент: «Якія трупы? Вы мне зараз нейкія жахі распавядаеце»
Былая кватэра Чопіка цяпер прадаецца за 75 тысяч даляраў.
Журналісты паспрабавалі звязацца з новым уласнікам кватэры Дзмітрыем. Ён пацвердзіў факт продажу, але пасля таго, як даведаўся, што яму піша журналіст, перастаў адказваць.
А вось што распавёў агент, які займаецца продажам гэтага аб'екта:
— Я не ведаў, што аб'ява дублюецца. Магчыма, яе не выдалілі пасля заключэння з намі дамовы.
— Вы ведалі, што ў гэтай кватэры знайшлі два трупы?
— Н-е-е. Вы мне зараз нейкія жахі распавядаеце. <…> Там была цалкам пустая кватэра, калі я прыехаў. Мне сказалі, што яны яе купілі, але не хапіла грошай на рамонт, таму і вырашылі прадаць. Гэта ўсё, што я ведаю.
Каментары