Беларуска-анліфаншчыца, асуджаная ў Польшчы за шпіянаж, не прыйшла адбываць пакаранне і не заплаціла штраф
Асуджаная не з’явілася для адбывання пакарання і не зрабіла ў належны час плацёж у 15,5 тысяч злотых (3850 даляраў). Дзе яна можа быць цяпер, не паведамляюць.
Беларуска Дар’ю А., якую асудзілі за шпіянаж, не з’явілася для адбывання пакарання, паведаміла «Белсату» кіраўніца Бюро абслугоўвання зацікаўленых бакоў Акруговага суда Варшавы-Прагі Катажына Брогашч. Дар’ю А. абвясцілі ў вышук.
Таксама Дар’я А. не сплаціла 15 546 злотых (каля 3850 долараў) у якасці кампенсацыі атрыманага злачынным шляхам. На сплату ёй давалі 30 дзён. Калі тэрмін выйшаў, было вынесенае распараджэнне аб перадачы справы ў адпаведны падатковы орган для ініцыявання выканальнага вядзення.
Дар’ю А. затрымалі ў Лодзі ў снежні 2023 года, западозрыўшы ў працы на Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Беларускія медыі высветлілі, што гэта былая актывістка «Гавары праўду» з Баранавічаў і колішняя давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Ветэрынарка з адукацыі, яна падпрацоўвала мадэллю на сайце для дарослых «OnlyFans». Сцвярджалася, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з беларускім Камітэтам дзяржаўнай бяспекі яшчэ з 2017 года.
Каментары