Бываюць сітуацыі, калі чалавек аплаціў праезд, але падчас праверкі высвятляецца, што ён едзе «зайцам». Як такое магчыма і як не апынуцца без квітка, тлумачыць агенцтва «Мінск-Навіны».
У якасці прыкладу выданне прыводзіць сітуацыю са сталічным аўтобусам №65. Пасажыр заходзіць на прыпынку «Сэндайскі сквер» і аплачвае праезд. Наступны прыпынак — «Гарадскі Вал», затым аўтобус разварочваецца і едзе назад.
Калі праверыць свой білет у гэты момант, то аказваецца, што ён ужо несапраўдны. Як такое можа адбыцца?
У «Мінсктрансе» растлумачылі, што пасажыр аплачвае адну паездку.
«Такой лічыцца адзін праезд па маршруце на працягу аднаго рэйса, у той час як рэйс — гэта шлях транспартнага сродку ад пачатковага да канчатковага прыпынку маршруту ў прамым або зваротным кірунку», — растлумачылі ў арганізацыі.
Сістэма аплаты працуе так, што па прыбыцці на канчатковы прыпынак рэйс змяняецца на зваротны. У гэты момант пасажыраў звычайна просяць вызваліць салон. Аднак на некаторых маршрутах, для зручнасці пасажыраў, перазагрузка рэйса не робіцца.
Таму, калі так здарылася, што вы прабілі талон, а наступны прыпынак — канчатковы, то пасля яго вы будзеце безбілетнікам.
Што рабіць у такой сітуацыі?
У вас ёсць два варыянты дзеянняў:
— набыць новы білет
— ці заплаціць штраф за праезд без яго.
Каментары