Дзяўчына рашылася на аперацыю па змене прыкусу. Вось колькі каштавала прыгожая і здаровая ўсмешка
Беларуска расказала ў тыктоку пра свой шлях да правільнага прыкусу. Назвала яна і цэны — такое сабе дазволіць не кожны.
Вераніка пачала працаваць над зменай прыкусу яшчэ ў 2021 годзе. Спачатку, расказвае дзяўчына ў тыктоку, яна наведала прыкладна 10 кансультацый у спецыялістаў, што каштавала ёй каля $75. У 2022-м паставіла брэкеты ($1275 плюс $50 за падрыхтоўку да ўстаноўкі).
З 2022 да 2024 года Вераніка насіла брэкеты. Раз на два месяцы ёй трэба было іх карэктаваць, гэта каштавала $100, агулам на карэкцыю яна выдаткавала $750. Цягам гэтых двух гадоў даводзілася лячыць карыес і выдаліць зуб, які немагчыма было аднавіць — у суме дзяўчына аддала за гэта каля $210. Таксама яна пяць разоў рабіла працэдуры па прафесійнай гігіене зубоў — яшчэ мінус $230.
І гэта толькі кветачкі, бо ў 2024-м Вераніка стала рыхтавацца да аперацыі па змене прыкусу. 3D-планаванне аперацыі каштавала ёй $3235, а сама сківічна-тваравая аперацыі на абедзве сківіцы абышлася ў $4275 разам з расходнымі матэрыяламі. І, як папярэджвае Вераніка, гэта яшчэ не канчатковая сума, бо працэс змены прыкусу доўгі. Але дзяўчына разглядае яго як унёсак у здароўе, за які яна будзе сабе ўдзячная пазней.
За што такія грошы? Аперацыю, пра якую ідзе гаворка, Вераніцы зрабілі ў лістападзе 2024-га. Дзяўчыне раскрылі дзёсны і на ніжняй, і на верхняй сківіцы, і адрэзалі кавалкі костак, то-бок пакарацілі абедзве сківіцы. Усё доўжылася шэсць гадзін.
Аднаўленне ад такой аперацыі займае ад некалькіх месяцаў да пары гадоў. Першы час Вераніка магла толькі піць вадкасці і есці крэм-супы — апошнія можна было спажываць толькі з дапамогай шпрыцу.
Цяпер прайшло ўжо два месяцы, і дзяўчына адчувае сябе лепей:
«У мяне ўжо напалову вярнулася адчувальнасць. Праблемы з харчаваннем пакуль што цалкам не аднавіліся — я ем мяккую ежу і пажадана тую, якую не трэба перажоўваць».
У рот ставяць спецыяльныя гумкі, каб зафіксаваць палажэнне сківіцы, таксама часткова захоўваецца ацёк. Нягледзячы на такое доўгае аднаўленне, вынікамі аперацыі дзяўчына задаволеная.
За апошнія чатыры гады Вераніка выдаткавала на праблемы з прыкусам больш за $10 тысяч.
Адна з каментатарак намякнула, што гэтыя грошы дзяўчыне далі бацькі: «Не ва ўсіх бацькоў ёсць $8 тысяч вольных. Вы заробкі простых людзей бачылі?»
Але Вераніка зарабіла на аперацыю сама:
«Я таксама просты чалавек. Вось у мяне ёсць праблема — я знайшла сабе працу, я вылучыла на гэта фінансы, я іх адклала і цяпер вырашаю праблему».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары