Навука і тэхналогіі1010

Што думае нашумелы кітайскі чат-бот пра рэжым Лукашэнкі

Спыталі ў бясплатнага бота DeepSeek, які абваліў амерыканскі рынак ШІ, пра тое, што ён думае пра розныя падзеі ў свеце. На некаторыя пытанні «забойца ChatGPT» адказаў даволі шчыра, іншыя сутыкнуліся з татальнай цэнзурай.

DeepSeek пакуль бачыць палітычную сітуацыю такой, якая яна ёсць насамрэч. Фота: Наша Ніва

27 студзеня запуск новай мадэлі ад кітайскага стартапа DeepSeek абваліў акцыі некаторых важных гульцоў, што прывяло да мільярдных стратаў. Стартап выдаткаваў на распрацоўку ўсяго каля 6 мільёнаў даляраў, што рэзка кантрастуе з шматмільярднымі выдаткамі такіх гігантаў, як Google і Microsoft.

Сёння праграма, чые магчымасці параўнальная з ChatGPT ад OpenAI, заняла першыя пазіцыі па спампоўваннях, але рэгістрацыя новых карыстальнікаў была прыпынена праз «маштабныя шкодныя напады».

Чат DeepSeek разумее беларускую мову і здольны на ёй адказваць з мінімальнай колькасцю памылак. Мы спыталі ў яго па-беларуску пра падзеі, звязаныя з Беларуссю, і атрымалі надзіва праўдзівыя адказы. 

Адказ на пытанне пра падзеі 2020 года. Скрыншот бота

Напрыклад, адказваючы на пытанне пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, DeepSeek не сцвярджае, што людзей вывелі на вуліцу падманам і подкупам, каб расхістаць і знішчыць краіну, у чым апошнія гады спрабуе пераканаць беларускай прапаганда:

«Па афіцыйных даных, дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка атрымаў перамогу, набраўшы каля 80% галасоў, але апазіцыя і шматлікія грамадзяне заявілі пра масавыя фальсіфікацыі.

Пратэсты пасля выбараў: Ужо ў ноч пасля выбараў пачаліся масавыя акцыі пратэсту ў Мінску і іншых гарадах. Людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваё незадавальненне вынікамі галасавання і патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі.

Жорсткае падаўленне пратэстаў: Улады жорстка рэагавалі на пратэсты. Сілавікі выкарыстоўвалі слёзатачывы газ, вадамёты, святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі. Былі шматлікія затрыманні, збіцці і катаванні дэманстрантаў. (…)

Працяг рэпрэсій: Улады працягвалі падаўленне апазіцыі. Незалежныя СМІ, грамадзянскія актывісты і звычайныя грамадзяне, якія выказвалі незадавальненне, сталі мішэнню рэпрэсій. Шматлікія былі асуджаныя на турэмныя тэрміны, іншыя вымушаныя пакінуць краіну.

Вынікі падзей 2020 года:
Узмацненне рэпрэсій: Рэжым Лукашэнкі значна ўзмацніў кантроль над грамадствам. Працягваюцца пераследы апазіцыі, незалежных журналістаў і грамадзянскіх актывістаў».

Частка адказу на пытанне пра ролю Беларусі ў вайне ва Украіне. Скрыншот бота

Ролю Беларусі ва ўварванні Расіі ва Украіну бот ацэньвае як неадназначную: яна не ўдзельнічала непасрэдна ў баявых дзеяннях, але Лукашэнка дазволіў Расіі выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для ваенных мэтаў. Адказ бота прыводзім без зменаў:

«Выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для ўварвання

Беларусь стала адной з плацдармаў для расійскіх войскаў на пачатковым этапе вайны. Расійскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Украіны з поўначы, у тым ліку з беларускай тэрыторыі, што дазволіла ім хутка падысці да Кіева.

На тэрыторыі Беларусі былі разгорнуты расійскія вайсковыя падраздзяленні, што выклікала заклапочанасць у міжнароднай супольнасці.

Падтрымка рэжыму Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка, які цесна звязаны з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, фактычна дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ваенных мэтаў. Гэта стала працягам палітычнага і ваеннага саюза паміж Беларуссю і Расіяй.

Рэакцыя беларускага грамадства

Шматлікія беларусы выступілі супраць удзелу краіны ў канфлікце. Прайшлі антываенныя акцыі, але яны былі жорстка падаўлены ўладамі.

Частка беларускіх добраахвотнікаў далучылася да ўкраінскіх сіл абароны, каб змагацца супраць расійскай агрэсіі».

Частка адказу на пытанне пра падтрымку Лукашэнкі жыхарамі краіны. Скрыншот бота

У пытанні легітымнасці Лукашэнкі, DeepSeek ставіць пад сумненні афіцыйныя лічбы:

«Па выніках выбараў 2020 года ў Беларусі адбыліся масавыя пратэсты, якія сведчылі пра тое, што шматлікія грамадзяне не прызналі вынікі галасавання. Апазіцыя і незалежныя назіральнікі заявілі пра масавыя фальсіфікацыі.

Незалежныя апытанні, праведзеныя па-за межамі Беларусі (напрыклад, Chatham House у 2020 годзе), паказалі, што толькі каля 3% рэспандэнтаў давяраюць афіцыйным вынікам выбараў.

Рэпрэсіі і страх

У Беларусі дзейнічае жорсткі палітычны рэжым, які падаўляе свабоду слова і грамадзянскія свабоды. Многія грамадзяне могуць баяцца адкрыта выказваць сваю думку, што робіць афіцыйныя дадзеныя аб падтрымцы ненадзейнымі.

Падчас пратэстаў 2020 года сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, каб патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі, што супярэчыць заявам аб яго шырокай падтрымцы.

Незалежныя апытанні

Незалежныя сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя па-за межамі Беларусі, паказваюць значна меншую падтрымку Лукашэнкі. 

У 2020 годзе апытанне Chatham House паказала, што толькі каля 24% рэспандэнтаў гатовыя галасаваць за Лукашэнку на новых, сумленных выбарах.

Маніпуляцыі з дадзенымі

Улады Беларусі кантралююць большасць інфармацыйных рэсурсаў, што дазваляе ім фарміраваць грамадскую думку на сваю карысць. Афіцыйныя дадзеныя часта не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю».

Выглядае, што DeepSeek цалкам ігнаруе тэзісы беларускай прапаганды, нягледзячы на тое, што распрацаваны ў сяброўскім да рэжыму Лукашэнкі Кітаі. Але ці можна на яго спадзявацца ў іншых пытаннях?

Не. Карыстальнікі заўважылі, што па адчувальных для камуністычнага рэжыму ў Кітаі тэмах бот або выдае прапагандысцкія агіткі, або цалкам ігнаруе запыты. 

Кітайская цэнзура

Некаторыя карыстальнікі DeepSeek на пытанні пра кітайскую палітыку і Сі Цзіньпіна атрымлівалі непрыхаваныя агіткі. Скрыншоты з сацсетак

Так, на запыты па-руску пра падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе DeepSeek пачаў расхвальваць кітайскі ўрад і Кампартыю і заклікаў працаваць дзеля вялікага адраджэння кітайскай нацыі. На пытанне пра падабенства Сі Цзіньпіна да Віні Пуха бот адказаў, што такія параўнанні не адлюстроўваюць павагі да яго ўкладу ў развіццё Кітаю і заклікаў паважаць лідараў за іх працу і адданасць справе будаўніцтва сацыялізму.

Мы паспрабавалі спытаць тое ж самае па-беларуску і атрымалі дакладную інфармацыю і пра масавы пратэст студэнтаў, працоўных і інтэлектуалаў, які скончыўся жорсткім падаўленнем з боку кітайскіх уладаў, і пра цэнзуру вобраза Віні Пуха ў Кітаі праз падабенства з палітыкам.

Праўда, атрымаць адказ удалося не з першай спробы — бот рабіў выгляд, што апрацоўвае пытанне па адчувальнай тэме, але не прымаў яго. 

На пытанні пра падзеі на Цяньаньмэнь, Віні Пуха і генацыд уйгураў у Кітаі Deepseek адмовіўся адказваць. Скрыншот бота

А вось на пытанні пра падзеі на Цяньаньмэнь, Віні Пуха і генацыд уйгураў у Кітаі, зададзеныя па-англійску, DeepSeek зусім адмовіўся адказваць: «На жаль, гэта выходзіць за межы маіх цяперашніх магчымасцей. Давайце пагаворым аб іншым».

Відавочна, што цэнзура ў DeepSeek з часам будзе пашырацца і ў іншых мовах. Ніякіх пераваг у кітайскім боце ў параўнанні з магчымасцямі ChatGPT мы не заўважылі, акрамя таго, што ён даступны ў Беларусі і Расіі. У гэтых краінах бот сапраўды можа трывала замацавацца, а спрэчныя пытанні пра беларускі і расійскі аўтарытарныя рэжымы могуць пачаць цэнзураваць гэтак жа, як і пытанні пра Кітай. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Брэст
    28.01.2025
    От жа гады. Якая цэнзура. І дай ім пад кантроль свет, яны такую ж цэнзуру на ўвесь свет распаўсюдзяць.
  • Яшка Сумны
    28.01.2025
    >>Чат DeepSeek разумее беларускую мову і здольны на ёй адказваць з мінімальнай колькасцю памылак.
    Як і рэдактар у першым жа пытанні і слове: "Хто адбылося ў 2020..." :) Усе памыляюцца.
  • Партыя прамаргала
    28.01.2025
    Зноў потым гісторыю падправяць, а то і зусім сатруць, як завяшчаў ім Оруэл

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію10

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Усе навіны →
Усе навіны

Былую каралеўскую сядзібу ў Гродне набыла царква «Слова Божае»3

Палітзняволеная блогерка Вікторыя Гусарава пасля суда выйшла на волю

Астраномы адкрылі новы астэроід. А пасля аказалася, што гэта аўтамабіль, які лятае ў космасе4

Прабіў талон, але ўсё роўна «заяц» — як такое магчыма4

«Белавія» дае зніжку на ўсе рэйсы з Беларусі

Статкевіча намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру8

Беларуска-анліфаншчыца, асуджаная ў Польшчы за шпіянаж, не прыйшла адбываць пакаранне і не заплаціла штраф8

З ЗША могуць дэпартаваць 323 беларусаў22

Жыхар Смілавіч паскардзіўся ў тыктоку на разбітыя вуліцы і «знакамітую лужыну». Што яму адказалі ўлады10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію10

«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць