Кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША таксама паразмаўляў з кіраўнікамі МЗС Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі.
Дзяржаўны сакратар Марка Рубіа ў аўторак абмеркаваў праблемы глабальнай палітыкі з кіраўніцай замежнапалітычнага ведамства ЕС Каяй Калас, піша «Голас Амерыкі».
«Мы абмеркавалі глабальныя пытанні, у якіх ЕС і ЗША маюць аднолькавыя інтарэсы, уключаючы вайну Расіі супраць Украіны, зламысны ўплыў Ірана і выклікі, якія сыходзяць ад Кітая», — сказала Калас, дадаўшы, што «ЕС і ЗША заўсёды мацнейшыя разам» і што яна з «нецярпеннем чакае хуткай сустрэчы» з кіраўніком Дзярждэпартамента.
Афіцыйны прадстаўнік ЕС, які размаўляў на ўмовах ананімнасці, паведаміў, што размова Рубіа і Калас пераважна тычылася агульных палітычных прыярытэтаў.
«Яны пагадзіліся з неабходнасцю захавання максімальнага ціску на Маскву з мэтай прасоўвання да справядлівага і ўстойлівага міру ва Украіне», — сказаў прадстаўнік ЕС, дадаўшы, што таксама абмяркоўвалася дэстабілізуючая дзейнасць Ірана і палітычны пераход у Сірыі.
Нагадаем, што прэзідэнт Дональд Трамп запатрабаваў, каб краіны NATO выдаткавалі на абарону 5% свайго валавога ўнутранага прадукту (ВУП).
Калас «падкрэсліла рост еўрапейскіх інвестыцый у абарону і яе гатоўнасць узяць на сябе больш адказнасці, а таксама значэнне дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў», адзначаецца ў афіцыйным паведамленні ЕС.
Каментары