Латушка адказаў на абвінавачванні Пазняка: Пасварыцца не атрымаецца
«Мая мэта — траціць сілы на барацьбу не з вамі, а з Лукашэнкам».
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адказаў на крытыку ў яго адрас з боку Зянона Пазняка. Пра гэта яго папрасіла радыё «Рацыя».
Латушка заўважыў, што адказаць ён можа ў кантэксце тых чатырох гадоў, на працягу якіх ён належыць да дэмакратычнага руху.
«Зянон Станіслававіч, калі вы паставілі за мэту ўцягнуць мяне ў сварку з вамі, то не, не атрымаецца. Мая мэта — траціць энергію, сілы на барацьбу не з вамі, а на барацьбу з Лукашэнкам. І гэта з'яўляецца маёй галоўнай мэтай.
Мая мэта — аб'ядноўваць сілы. Таму я быў адным з ініцыятараў стварэння Аб'яднанага пераходнага кабінета, таму я падтрымліваю абраную прэзідэнтку-электа, але якая не ўступіла ў пасаду, Святлану Ціханоўскую. Таму мы сфарміравалі кааліцыю большасці ў Каардынацыйную Раду, якая абраная няхай невялікай колькасцю, але ж усё ж такі тысячамі беларусаў — нашых суграмадзян».
Адносна заўваг пра тое, што менавіта ён персанальна лабіруе санкцыі супраць Беларусі, Латушка патлумачыў, што выказвае ўзгодненую пазіцыю большасці:
«Я займаюся каардынацыяй санкцыйнай палітыкі разам з тымі ініцыятывамі, якія працуюць на тое, каб санкцыі ўводзіліся і былі максімальна эфектыўнымі на рэжым Лукашэнкі. Тут я прадстаўляю не толькі сваю пазіцыю, а і Аб'яднанага пераходнага кабінета, і большасці ў Каардынацыйнай радзе, і ініцыятыў, якія адказваюць за санкцыйную палітыку».
«Другое, што бы я хацеў адказаць Зянону Станіслававічу, — я ўдзячны вам, шаноўны Зянон Станіслававіч, за тое, што Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай у 1991 годзе. Але, на жаль, на гэтым я стаўлю кропку».
Каментары